Як бы нi было крыўдна, але розум мой гатовы ўжо змiрыцца з тым, што Бiму быць чужаком сярод пародзiстых сабак. Дрэнна. Застаецца толькi адно: Бiм сабака iнтэлiгентнай пароды. Але i гэта - не доказ (на тое i стандарты).
- Дрэнна, Бiм, дрэнна, - уздыхнуў гаспадар, адклаў асадку i ўсунуў у шуфляду агульны сшытак.
Бiм, пачуўшы сваю клiчку, устаў з лежака, сеў, нахiлiў галаву ў бок чорнага вуха, быццам чуў толькi жоўта-чырвоным.
I гэта было сiмпатычна. Увесь яго выгляд гаварыў: "Ты добры, мой сябар. Я слухаю. Што ж ты хочаш?"
Гаспадар адразу стаў весялейшы ад такога Бiмавага пытання, сказаў:
- Маладзец ты, Бiм! Будзем жыць разам, хоць ты i без радаслоўнае. Ты харошы сабака. Харошых сабак усе любяць. - Ён узяў Бiма на каленi i пагладзiў па шэрсцi, прыказваючы: - Добра. Усё роўна добра, хлопчык.
Бiму было цёпла i ўтульна. I ён цяпер, тут, на ўсё жыццё зразумеў: "Добра" - гэта ласка, удзячнасць i сяброўства.
I Бiм заснуў. Што яму было да таго, хто ён, яго гаспадар? Галоўнае, ён добры i блiзкi.
- Ах ты, чорнае вуха, iмператарская нага, - цiха сказаў той i перанёс Бiма на ляжак.
Ён доўга стаяў перад акном, углядаўся ў цёмна-бэзавую ноч. Потым зiрнуў на партрэт жанчыны i сказаў:
- Бачыш, мне стала крышку лягчэй. Я ўжо не адзiн. - Ён не прыкмячаў, што ад адзiноты незаўважна прывык гаварыць услых да "яе" цi да самога сябе, а цяпер - да Бiма. - Вось я i не адзiн, - паўтарыў ён да партрэта.
А Бiм спаў.
Так яны i жылi ўдвух у адным пакоi. Бiм рос мацаком. Вельмi скора ён даведаўся, што гаспадара завуць Iван Iванавiч. Разумны шчанюк, хiтры. Пакрысе ён зразумеў, што нiчога нельга чапаць, можна толькi глядзець на рэчы i на людзей. I наогул, нiчога нельга, пакуль не дазволiць цi не загадае гаспадар. Так слова "нельга" стала галоўным законам у Бiмавым жыццi. А вочы Iвана Iванавiча, iнтанацыя, рухi, выразныя словы-загады i словы ласкi кiравалi яго сабачым жыццём. Больш таго, самастойныя рашэннi рабiць што-небудзь нiяк не павiнны былi супярэчыць жаданням гаспадара. Затое Бiм пакрысе пачаў здагадвацца пра некаторыя намеры сябра. Вось, напрыклад, стаiць ён ля акна i глядзiць, глядзiць удалячынь, думае. Тады Бiм сам сядае побач i таксама думае. Чалавек не ведае, пра што думае сабака, а ўвесь сабачы выгляд гаворыць: "Зараз мой добры сябар сядзе да стала, абавязкова сядзе. Паходзiць крыху з кута ў кут i сядзе, i будзе вадзiць па белым аркушы палачкаю, а тая ледзь-ледзь шаптаць. Гэта будзе доўга, таму пасяджу я з iм побач". Потым утулiцца носам у вялiкую i цёплую далоню. А гаспадар скажа:
- Ну што, Бiмка, будзем рабiць? - I сапраўды сядае.
А Бiм абараначкам скручваецца ля ног цi, калi будзе сказана "На месца", пойдзе на свой ляжак у куток i там будзе чакаць. Будзе чакаць позiрку, руху, слова. Дарэчы, праз колькi часу можна i самому сысцi з месца, узяцца за круглую костку, угрызцi якую немагчыма, а зубы вастрыць - калi ласка, толькi не перашкаджай.
Але Iван Iванавiч закрые твар рукамi, абапрэцца на стол, тады Бiм iдзе да яго i кладзе разнавухую пысачку на каленi. I стаiць. Ведае, што пагладзiць. Ведае, што сябру цяжка. А Iван Iванавiч падзякуе:
- Дзякуй, мiлы мой, дзякуй, Бiмка. - I зноў будзе шаптаць палачкаю па белай паперы.
Так было дома.
Але не так на лузе, дзе абодва забывалi пра ўсё. Тут можна бегаць, весялiцца, ганяцца за матылькамi, качацца ў траве - усё дазвалялася. Аднак i тут пасля васьмi месяцаў жыцця Бiма ўсё пайшло па камандзе гаспадара: "Пайшоў-пайшоў!" - можаш гуляць. "Назад!" - вельмi зразумела. "Ляжаць!" таксама зразумела. "Ап!" - пераскаквай. "Шукай!" - найдзi кавалачак сыра. "Побач!" - iдзi побач, але толькi злева. "Да мяне!" - бягом да гаспадара будзе кавалачак цукру. I многа iншых слоў уведаў Бiм да года. Сябры ўсё болей i болей разумелi адзiн аднаго, любiлi i жылi, як роўныя, - чалавек i сабака.
Але здарылася аднойчы такое, ад чаго ў Бiма перайначылася жыццё, i ён пасталеў за некалькi дзён. Здарылася гэта таму, што Бiм раптоўна выявiў у гаспадара вялiкi, здзiўляючы недахоп.
А было гэта так. Дбайна i старанна iшоў Бiм па лузе чаўнаком, шукаў кiнуты сыр, i раптоўна мiж пахаў травы, кветак, самое зямлi i рэчкi ўварваўся струмень паветра, незвычайны, хвалюючы, пахла нейкай птушкай, нiяк не падобнаю да тых, якiх ведаў Бiм, - усякiх там вераб'ёў, вясёлых сiнiц, плiсак i ўсякае драбязы, дагнаць якую нечага i брацца (спрабавалi). Пахла чымсьцi невядомым, што хвалявала кроў. Бiм прыпынiўся i паглядзеў на Iвана Iванавiча. А той збочыў, нiчога не заўважыў. Бiм быў здзiўлены: сябар жа не чуе. Дык ён жа калека! I тады Бiм вырашыў сам: паволi пераступаючы ў пацяжцы, пачаў падыходзiць да невядомага, ужо не гледзячы на Iвана Iванавiча. Крокi запаволiлiся, ён быццам выбiраў, куды паставiць кожную лапу, каб не зашамацець, не зачапiць за былiнку.
Читать дальше