- А можа, купiм мы Толiку харошага сабаку?.. Цi выпрасiм Бiма ў гаспадара, га? Добра заплоцiм. Як ты думаеш?
- Ох, не ведаю, Сямён, не ведаю. Давай купiм, цi што?
Вядома, Сямён Пятровiч не ўлiчыў аднае драбнiцы, што сяброўства i давер не купляюцца i не прадаюцца. Не ведаў ён i таго, што Бiма ўжо не знайсцi, каб ён i захацеў. Але Бiм, наш добры Бiм пакiнуў след i ў душы Толiкавага таты. Магчыма, гэта дакор сумлення. Ад яго нiколi i нiкому не схавацца, калi яно не падобна на iдэальна просты дубец: такое можна сагнуць дугою i, адпусцiўшы, калi зажадаецца, выпрастаць - як сабе хочаце. Але Бiм трывожыў Сямёна Пятровiча i ноччу.
А тае ночы Бiм усё яшчэ ляжаў там, у фургоне, абабiтым бляхаю. Заўтра ж Толiкаў тата арганiзуе пошукi Бiма. Цi знойдзе ён, цi спасцiгне таямнiцу жалезнага фургона, зразумее цi не ўсю сiлу i непераможнасць Бiмавага iмкнення да святла, волi, сяброўства i даверу?
Не, гэтага не здарылася з-за самае простае прычыны. Ранiцаю наступнага дня, у панядзелак, Iван Iванавiч узяў стрэльбу ў чахле i паехаў на каранцiнны ўчастак. Там сустрэўся з тымi двума сабакаловамi, з горыччу i болем даведаўся, што злавiлi яны Бiма каля дома. Абодва яны абуралiся на тую Цётку i лаялiся на яе няшчадна, абзывалi ўсякiмi словамi. Цяжка было Iвану Iванавiчу таму, што Бiм загiнуў як ахвяра здрады i нагавораў. I ён не вiнавацiў гэтых двух работнiкаў, якiя выконвалi свае абавязкi, хоць малады хлопец, вiдаць, адчуваў сябе вiноўнiкам нават ужо таму, што паверыў Цётцы.
- Ды каб я ведаў... - Ён не дагаварыў i стукнуў кулаком па капоце аўтафургона. - Вось i павер такой гадзiне.
Iван Iванавiч папрасiў iх завезцi Бiма ў лес i прапанаваў за гэта пяць рублёў. Абодва ахвотна згадзiлiся. Паехалi ўтрох у кабiне таго ж фургона.
На палянцы, дзе перад кожным паляваннем сядзеў Iван Iванавiч на пянёчку i слухаў лес, на палянцы, дзе ў сумным чаканнi Бiм цёрся пысаю аб апалае лiсце, у некалькi метрах ад пянька, закапалi Бiма. А зверху пасыпалi чуць, тоненька, жоўценькага лiсця, перамешанага са сняжком.
Лес шумеў роўна i нямоцна. Iван Iванавiч расчахлiў стрэльбу, уклаў патроны i, быццам задумаўшыся крышку, выстралiў угору.
Лес з-за шуму глуха, пакорлiва, па-восеньску адазваўся журботным рэхам. Удалечынi яно зацiхла кароткiм, абарваўшымся стогнам.
I яшчэ раз выстралiў гаспадар, i чакаў, калi прастогне лес.
Абодва яго спадарожнiкi недаўменна глядзелi на Iвана Iванавiча. Але ён, не сыходзячы з месца, уклаў яшчэ два набоi i гэтак жа размерана, з зусiм роўнымi прамежкамi, якiя вызначаў па тым, як зацiхае ўдалечынi гук, выстралiў яшчэ два разы. Потым зачахлiў стрэльбу i пайшоў да пянька.
Старэйшы спытаў:
- Гэта ж навошта, чатыры разы?
- Так трэба, - адказаў Iван Iванавiч. - Колькi год было сабаку, столькi разоў i страляць. Бiму было... чатыры гады. Кожны паляўнiчы ў такую хвiлiну здыме шапку i пастаiць моўчкi.
- Ты глядзi! - цiха здзiвiўся малады. - Як пры напасцi... як у бядзе... Ён падышоў да фургона, сеў у кабiну i зачынiў за сабою дзверцы.
Лес шумеў, шуме-еў, шуме-еў аднатонна, амаль па-зiмоваму, шумеў холадна, гола i няўтульна. Снегу было толькi крышку. Даўно пара б быць яму, а спазнiўся намнога. Можа, таму i шум стаў цяпер нудна-незадаволены, санлiвы, здавалася, такi безнадзейны, што быццам бы i зiмы не будзе, i вясны не будзе.
Але раптам Iван Iванавiч адчуў у сабе, у душэўнай той пустэчы, што засталася пасля апошняга сябра, цеплыню. Ён не адразу здагадаўся, што гэта такое. А гэта былi два хлопчыкi, iх прывёў да яго, сам таго не ведаючы, Бiм. I яны зноў прыйдуць, прыйдуць яшчэ не раз.
Дзiваком, вялiкiм дзiваком здаўся Iван Iванавiч двум прасцецкiм сабакаловам, калi, сядаючы ў кабiну, ён сказаў, быццам бы да самога сябе:
- Няпраўда. I снег будзе. I вясна абавязкова будзе. I будуць падснежнiкi... У Расеi бываюць зiмы i вёсны. Вось якая яна, наша Расея, - i зiмы i вёсны абавязкова.
Па дарозе назад малады хлопец нечакана спынiў машыну насупраць невялiкае вёскi, непадалёку ад шашы, адчынiў дзверы фургона i выпусцiў Кудлатку.
- Не жадаю! Не хачу - усклiкнуў ён. - Бяжы, сабака, у вёску, ратуйся - там будзеш цэлы.
- Што ты? Што ты? Ведаюць жа, было два сабакi! - крыкнуў з кабiны старэйшы.
- Адзiн сам сябе кончыў, другi ўцёк - i ўся гаворка. Не хачу. Нiчога не хачу. Не жадаю! I ўся гаворка!
Кудлатка адбег ад шашы, сеў i здзiўлена праводзiў позiркам фургон, потым агледзеўся i пабег сам па сабе, пабег у вёску, да людзей. Здагадлiвы сабака.
Яшчэ ў лесе Iван Iванавiч даведаўся, што маладога хлопца зваць Iван, а старэйшага - таксама Iван. Усе ўтрох Iваны, рэдкае супадзенне. Гэта зблiзiла iх яшчэ больш, i развiтвалiся яны як добрыя знаёмыя. А ўсяго i было мiж iмi адно: утрох закапалi сабаку, якi не вытрываў у сабачай турме. Бывае, людзi падружацца на вялiкай справе i разыходзяцца, а бывае, пасябруюць з-за малое справы, i назаўсёды, на ўсё жыццё.
Читать дальше