- Жадаю табе сёння жа зрабiцца гэтакiм начальствам, - адказаў Юлiк.
- Чаму, нядобра?!
- Iдзi запрабуй гэтакага дабра. Зразу боты ў гразi пакiнеш.
- Чаго я маю iх пакiдаць?
- Калi не маеш пакiдаць, дык самi пакiнуцца, як станеш кожны дзень па дваццаць разоў лазiць з хаты ў хату.
Пачуўся рогат. Юлiк убiўся ў кучу мужчын.
Iшлi гутаркi.
Гаварылi моцна, аж крычалi пасярод памяшкання каля стала.
На голаў вышэй за ўсiх мужчын стаяў там Данiель Кiралейза - самы багаты шляхцiц з хутароў.
Доўгi, як качарга, з шырокiм аплыўшым тварам i тоўстымi рыжымi вусамi, ён заўсёды стараўся выглядаць чалавекам сталым i важным. Дзеля гэтага ён суконную жакетку сваю зашпiльваў усяго на два гузiкi - верхнi i самы споднi, а пад адтапыраную сярэдзiну грудзiны запiхаў рукавiцы або часам нават i шапку; "тоўсты чалавек зусiм iначай выглядае", - гаварыў ён аб гэтым сваёй жонцы.
У хутаранскай капэле ён граў на кларнеце i, лiчачы гэта вельмi важным i вялiкiм дзелам, стараўся заўсёды ўсiм гаварыць аб гэтым.
I цяпер, чакаючы адчынення сходу, ён гаварыў аб гэтым жа.
- Не тыя гады цяпер, - паважна выпускаў ён праз свае вусы слова за словам, - няма жаднага разгарнення. Вяселлi цяпер найбольш абыходзяцца без музыкi; вечарынкаў i розных там iгрышчаў зноў не спраўляюць, хiба трапiцца калi, гады ў рады, спектакль граць. Ды i то, якая там iгранка! - ты граеш аднаго марша, а кiшкi ў цябе другога. Мо а думаеце, цяпер, граючы, па-людску закусiш?! Бронь божа! Хiба яблык глымзанеш, больш нiчога. Вось бывала, калi забяруць дзе вяселле граць, дык, браткi мае, што там робiцца! Колькi я даўней, граючы, гэта, на вяселлi, кiлбас пераеў. Страшэнная моц! Каб збiраў у адно месца, дык напэўна назбiраў бы кучу, большую за гэтую будынiну.
- Адно, думаеце, кiлбас, - перабiў другi музыкант хутаранскае капэлы Гаронiм Цурубалка, даўжэйшы яшчэ за Данiеля i трошкi згорблены багатыр-шляхцiц. - Каб жа адно кiлбас. А пiрагоў... процьма! Бывала, выйграеш кракавяк ды зразу за стол. Набярэшся - ледзьве вылезеш. Не ведаеш, Данiель, пачом цяпер струны ў Слуцку? - раптоўна абярнуўся ён да Данiеля, каб паказаць, што гаварыць-то я гавару, але i дзела не забываю. I, не чакаючы адказу, зразу загаварыў далей к грамадзе мужчын: - Гэта, бачыце, у мяне адна струна, лiха ёй, стала дрынгаць. Абы смыкам да яе дабяруся, дык усё роўна, як цвiкам па шклу. Але потым нiчога, - дадаў ён, каб яшчэ больш паказаць сваю здольнасць ва ўсякiм дзеле, - нiчога, умеючы можна зрабiць, што гладка зыдзе, як на тое i трэба. У мяне нiколi нiхто фальшы не знойдзе. - I, падмiргнуўшы ўсёй грамадзе, ён важна дадаў: - Трэба ўмець як выкруцiцца, на ўсё трэба лоўкасць.
- Як жа ты выкручваешся? - запытаў нехта ззаду.
- Я?! Як толькi дабяруся да гэтае струны, дык у той жа момант таркану нагой бубнага Фабiяна Свiнкоўскага. А ён ужо ведае, што гэта значыць, i зразу з усiх сiл як урэжа ў барабан, дык i заглушыць усё. Тады трасцу разбярэ там хто якую фальш.
- Ха-ха-ха... О гэта дык музыканты, - зарагаталi ў грамадзе.
- Музыканты! - раззлаваўся Гаронiм. - Пры чым жа тут музыканты? Тут струна вiнавата, а не музыканты. А ён - музыка-а-нты! Вунь папытай у Фабiяна.
- Ат, што гаварыць, - абазваўся бубнач хутаранскай капэлы Фабiян Свiнкоўскi, якi даўно чакаў ужо якое-небудзь прычыны, каб уставiць сваё слова. - Кажа, музыканты яму нядобрыя, а таго не ведае, што гэтыя музыканты гралi ў касцёле на хорах, як прыязджаў бiскуп.
- Уй, гралi яны ў касцёле, - зацягнуў, смеючыся, вясковы Марцiн. - Каб гэтак лiхi на свеце жыў i быў, як гэта праўда. Чуеце, браткi, што гэта ён плявузгае?
- Ат, усякi ўсё ў свой бок горне, - абазваўся нехта ззаду.
- Можа, i ты з сваiм бубнам быў на хорах, га? Фабiян! - запытаўся скрозь смех Марцiн i вызваў гэтым доўгi i моцны рогат.
Фабiян, бачачы, што ўгаварыўся, махнуў рукою i недзе згiнуў. Засмуцiлiся нават i Гаронiм з Данiелем i гэтаксама адышлiся назад. I ўся грамада стала разбiвацца на новыя кучкi.
А тым часам сталi падыходзiць вясковыя. Час ад часу паволi адчынялiся скрыпучыя дзверы i прапускалi ўсярэдзiну шэрых ад змроку людзей.
Прыйшоў чырвоны, як бурак, Тодар Грыб, у чырвонай мультановай кашулi, выпушчанай з-пад камiзэлькi, i ў суконным халаце наапашцы.
Моцна i густа сапучы з-пад сваiх велiзарных вусоў, ён некалькi хвiлiн пастаяў каля дзвярэй, разглядаючы, к якой тут лепш грамадзе прыстаць з гутаркамi, потым паволi пайшоў у самы цёмны кут, дзе Грыгор Шамяцiла, шапяляючы на гукi "ж" i "ц", не спяшаючы расказваў "гiсторыю пра Бога i яго слугу - чалавека".
- Тым часам, - цягне ён сваё нуднае апавяданне, - пазваў Бог анёла Архiстрата, ды i каза: "Павiнен ты, анёле, зляцець на зямлю i зрабiць, каб людзям было добра зыць". "Пане Бозе, - каза анёл, - як за я гэта зраблю, калi людзi грэсныя?"
Читать дальше