- Яны ўсе пагарэлi! Але я яшчэ сабе кажух выхапiў, а гэтага апухлага я ў лесе спаткаў. А пасля мы машыну напаткалi i сюды прыехалi. Браточак. Гэты немец да мяне прычапiўся i не хоча адчапiцца. Куды я, туды i ён. Я iх ненавiджу. Я служыў iм дзесяць год, а яны мяне навек жабраком i бадзякам зрабiлi.
- Гэта ты думаў, што яны цябе зробяць князем ад Ломжы да Смаленска? сказаў з адчаем у голасе Сямага.
- Не, я да яго, - ён кiўнуў на Ярмалiцкага, - дай мне прытулак да канца вайны ў свае мацi. Пасля вайны я азалачу цябе. Я сумысля на Слуцак кiруюся. Але ён цягнецца за мной, гэты апухлы.
Ярмалiцкi нiчога не адказаў, i ўсе пайшлi ў дарогу. Калi праз крокаў сто Гануся азiрнулася, то ўбачыла, што тыя двое iдуць следам. Iх заўважалi ўсе астатнiя дзён пяць дарогi. Назiркам яны iшлi следам. Ярмалiцкi з кожным новым днём усё жвавеў. Цяпер ён пазнаваў ужо асобныя дрэвы i камянi пры дарозе. Ужо ён заводзiў усiх у знаёмыя хаты, дзе-небудзь наводдалек ад дарогi. Людзi яго пазнавалi. Ён стаў зусiм ясны вачыма i настроем. У яго калацiлася сэрца, калi ён сказаў, што дарога зараз пойдзе ўнiз i там вiдзён будзе родны дом i шэсць старых вязаў. Дарога сапраўды пайшла ўнiз. Сiняя iстужка далёкага лесу была перад iмi на блiзкiм даляглядзе. Дзень быў хмурны i мяккi. Намаразь раставала. Шэсць вязаў вiдны былi добра. У гэты час канца восенi i пачатку зiмы яны былi голыя. Але чаму яны такiя чорныя i як бы без голля? Ярмалiцкi шпарка iшоў i не адрываў ад iх вачэй. Гануся, Новак i Сямага iшлi за iм, i няпэўнае чаканне iх стала трывожным. Ярмалiцкi раптам стаў прыглядацца да старых вязаў, i жвавасць пакiнула яго. Моўчкi i не гледзячы ў вочы сваiм спадарожнiкам, ён падвёў усiх да вязаў. Вязы былi без голля i знiзу даверху абсмаленыя. Адлежная намаразь цякла па абвугленай кары тонкiмi струменямi i ападала кроплямi. Ярмалiцкi сцямнеў тварам i сказаў:
- Мокры вугаль нiчым не пахне... Унь мой дом. - I паказаў на кучу асмалкаў, крыху наводдалек ад вязаў. Асмалкi i попел былi i ля самых дрэў. Нейкая рэч на зямлi за асмалкамi, там, дзе была не прыцярушаная яшчэ снегам дарога, узяла на сябе яго ўвагу. Як аслупянелы ён стаў над ею. Гэта быў кавалак дошкi з вяроўкаю i надпiс на iм: "Я, Галена Ярмалiцкая, павешана законнаю нямецкаю ўладаю за тое, што не хацела сказаць, дзе мой сын". Гэта з яе шыi! Вяроўка! Дошка!.. Уладзiмер Ярмалiцкi прыцiснуўся лбом да абвугленай кары блiжэйшага вяза i ўвесь страсянуўся. Нi Новак, нi Мiкалай Сямага з Ганусяй не абазвалiся i словам. Яны стаялi як анямелыя. Толькi Гануся падышла да яго i пачала кiдаць вачыма ў бакi.
Павольныя крокi чулiся дзесьцi вельмi блiзка. У цiшынi мокрага дня i пустога месца яны былi як нечаканая трывога. Усе, i Ўладзiмер Ярмалiцкi, паднялi твары i ўбачылi, як паволi падблiжалiся сюды двое. Першы iшоў той самы, у якога раней быў апухлы твар. З твару яго пухлiна ўжо сышла зусiм. У лапцях i ватоўцы з аўчынным каўняром, ён трымаў пад пахаю напакаваную нечым торбу i ўсё iшоў, проста i роўна. За iм на крок iшоў варшаўскi нешчаслiвец у кажуху. Немец падняў адну руку, а другая трымала торбу. Здавалася, што ён хоча аддаць прывiтальны салют. Уладзiмер Ярмалiцкi хапiў з рук Эдуарда Новака зброю, шпаркiм рухам ускiнуў яе i стрэлiў. Немец упаў тварам у асмалкi i не паварушыўся. Варшаўскi нешчаслiвец пабег на ўсе сiлы i доўга вiдзён быў, пакуль не згiнуў дзесьцi за ўзгорыстым гарбом дарогi.
Гануся, Ярмалiцкi, Новак i Сямага шпарка пайшлi з гэтага месца, поўныя расчаравання, смутку i маўклiвасцi. Як дайшлi яны да Асiпавiцкiх лясоў, як асталiся там назусiм у партызанах, як Сямага знайшоў там свайго швагра i сястру Веру - гэта асталося ў iх душах навек. На Ганусiным твары з'явiлася новая рыса. Мiкалаю Сямагу яна нейкiм чынам нагадвала бляск вачэй нябожчыцы Надзеi ў момант iх першага спаткання ўвосень тысяча дзевяцьсот трыццаць дзевятага года.
1944
Каментары
Друкуецца па аўтографе. Завершаны 12 студзеня 1944 года.
Упершыню публiкаваўся ў Зборы твораў у 8-i тамах (1972-1975). У дадзеным выданнi ўзнаўляюцца купюры, зробленыя цэнзурай па кан'юнктурных прычынах (у 6-м томе Збору твораў яны пазначаны шматкроп'ем).