Нiрваны ў нас няма! Рэвалюцыя вызвалiла не зад, а галаву. I наша бяда, што не ўсе ў нас навучылiся яшчэ бачыць, дзе галава, а дзе зад. Няма чаго выдумляць паклёпы на мяне за тое толькi, што я ўзняўся супраць усяго гэтага. Калi я захачу паглядзець камедыю, дык пайду ў тэатр, а тут мне не да гэтага. Не хачу зводзiць усё да гульнi ў цацкi. Я калi i малы быў, дык у цацкi не лiшне гуляў. Каб у мяне хоць кропля была павагi да вас, каб хоць кроплю бачыў я ў вас чалавечнасцi, нашай чалавечнасцi, я мог бы расказаць вам пра тыя "цацкi" жыцця, якiя спаткалi мяне з малых дзён маiх. Але не для вас мая споведзь. Нават калi здолееце ўплiшчыцца ў камiсiю па чыстцы апарату, калi вы нават якiм-небудзь нахрапным парадкам станеце за старшыню гэтай камiсii, i тады я нiводнага слова не скажу вам з сваей споведзi. Лепш быць выкiнутым на вулiцу, чым спавядацца шырокаму, падфарбаванаму начырвона заду.
Я той чалавек, якога вы сёння ў савецкiм друку, перад усёй краiнай рэвалюцыi, абазвалi контррэвалюцыянерам, выступаю на абарону рэвалюцыi! Каб абаранiць яе ад вас. Няхай мяне застрэляць цi павесяць, няхай хоць нада мною якi-небудзь паказальны судовы працэс вы зробiце, усё роўна я не адступлюся ад свайго.
Я не веру ў вас. Я веру толькi ў тое, што каб не вы, дык мы лягчэй iшлi б наперад. З-за той справы, пра якую тут не месца ўспамiнаць, з-за той асабовай нашай справы вы робiце на мяне паход, перавёўшы ўсё на партыйную, на грамадскую, на савецкую, на рэвалюцыйную, на ўсялякую, якую сабе хочаце, лiнiю. Што ж вы робiце з самiм разуменнем рэвалюцыi?! Што вы зрабiлi ўжо? У што вы ператварылi яго?!
У сваiм паклёпе на мяне, якi вы надрукавалi сёння ў газеце, вы гаворыце: "...Вiктар Лукашэвiч даўно вядомы як варожы нам элемент. На адкрытым пасяджэннi н-скага мясцкома перад усiмi работнiкамi прадпрыемства выступiў з сваёю контррэвалюцыйнаю прапановаю. Ён прапанаваў зусiм к святу не ўпрыгожваць клуба, святочнай вечарынкi не ладзiць. I сваiм гэтым выступленнем баламуцiў сход, так што аж некаторыя галасавалi ў яго руку. I толькi дзякуючы старшынi мясцкома Марынковiчу ўдалося правалiць гэтую прапанову, якая iмкнулася да таго, каб зусiм не было адзначана пралетарскае свята i каб рабочыя глядзелi на гэты дзень без павагi... Такiх лукашэвiчаў у нашай працоўнай сям'i не трэба. Iх трэба гнаць у шыю". От што вы пiшаце.
...Вы гатовы душыць усё маладое, дзейнае, абы самiм утрымацца ў ролi "начальства". Гэта ўжо ўрода ваша гэтакая. I са мною вы зводзiце асабовыя справы, спекулюючы справамi грамадскiмi..."
2. Запiскi
- Ты пасядзi каля яе, мусiць, ёй лепш, калi хто каля яе сядзiць. Сёння зранку i папаўднi, калi яна ляжала адна, дык усё спакою не мела. Хацела падняць галаву, вадзiла па хаце вачыма i нешта губамi шаптала. Але нiчога разабраць нельга i не чуваць.
-У яе i мову адабрала?
- Не гаворыць ужо дзён пяць. Каторы ўжо дзень слова ад яе не чулi... Ты пасядзi тут, у яе ў галавах. А як пачне цямнець, запалi лямну, у кухнi на акне стаiць. Толькi закрыеш чым-небудзь або ўбок адставiш, каб святло ёй у вочы не калола.
- Добра.
- А калi яна пачне варушыцца, калi прачнецца глядзi, - дык папраў ёй падушку, бачыш, як з'ехала на самы край; але цяпер не чапай, не будзi, хаця каб яна трохi заснула. Трохi сцiшылася... I не гаварыце тут моцна. Не пускай сюды адразу знадворку хлоццаў, а то яны холаду нанясуць. Няхай раней у кухнi абагрэюцца. Ды глядзi ж, каб не гаварылi моцна, каб яе не будзiлi.
- Ведаю... Добра.
- Не адчыняйце дзвярэй у кухню. Калi хлопцы захочуць курыць, дык няхай на двор iдуць. А то як накурылi былi раз, дык яе вельмi ж кашаль душыў. Нават у кухнi няхай не кураць махорку гэтую сваю. Я iм заўсёды гавару, i яны заўсёды забываюцца; вельмi iм у галаве!.. Не адыходзь ад яе.
- А калi ты вернешся?
- Буду старацца справiцца як найхутчэй... На змроку хлопцы будуць жывёлу паiць, дык скажаш iм, няхай вядзёр з тры вады ўльюць у кухнi ў цэбар; як прыйду, дык папалашчу бялiзну - сёння ранiцою, палячы ў печы, памыла.
- Дык можа я папалашчу цяпер, пакуль ты прыйдзеш?
- Не, ты сядзi, не адыходзь.
- А калi быў доктар?
- Даўно, тыдняў мо з чатыры, як быў. Лякарства тое самае раз у аптэцы бралi. Гэтак сказаў быў.
- Памагае?
- Сама ж бачыш, дзе яно памагае!
- Можа б яшчэ пазваць доктара?
- Можна i пазваць, але што за карысць. I так вiдаць, што нiякай паправы не будзе.
- Сястрыца, цiха, не плач.
- Нiчога... Мамачка-а-а...
- Цiха, цiха, ну iдзi... Сама ж казала, каб не будзiць яе.
- Ужо нiчога, гэта ў мяне ад слабасцi. Ужо чатыры ночы не спала каля яе.
- Дык ты не iдзi, калi ты гэтакая слабая, нашто табе iсцi канечне. Можа б пайшоў Вiця?
Читать дальше