А яшчэ дзён праз чатыры ў вёсцы паявiўся сiвы i нейкi зеленаваты ад старасцi скiцкi старац Амвросi. Ён iшоў з доўгай сукатавай палкай, i жанчыны, прыцiскаючы да вачэй хусткi, кланялiся яму i галасiлi на ўсю вулiцу.
Спынiўся дзед Амвросi ля хаты самага багатага ў Гнiлавостраве мужыка Епафрадзiта Таркайлы, пастукаў кiем у сiнiя аканiцы. Спачатку ў акне паявiлася доўгая белая барада Епафрадзiта, потым усе ўбачылi яго напужаныя шэрыя вочы.
Пасля, калi Епафрадзiт паявiўся на ганку - рукi за папругай, а на галаве малахай, - ён быў ужо спакойны, як бог перад сусветным патопам, калi загадваў Ною зрабiць каўчэг. Да самага таго часу Епафрадзiт быў для Гнiлавострава богам, бо ён выконваў абавязкi стараверскага папа.
- Пашто мiрам асквярняеш вочы свае i нагамi топчаш не кушчы райскiя, а грэшную зямлю нашу? - пачаў ён i асекся, бо дзед Амвросi нечакана для ўсiх "асквярнiў" вусны свае лаянкай, якой мы даўно ўжо не чулi.
Нас, дзяцей, прагналi, i толькi пазней мы даведалiся, што Амвросi са сваiм братам Епафрадзiтам у восьмым годзе абрабавалi i спалiлi маёнтак панка Залуцкага. Iх злавiлi, i тады Амвросi ўзяў усю вiну на сябе. Яго саслалi на катаргу, а Епафрадзiта выпусцiлi на волю. Золата памагло яму разбагацець, стаць папом у гнiлавостраўскай царкве, рубленай з нячэсаных дубовых кражоў. Перад самай рэвалюцыяй Амвросi ўцёк з катаргi, i вось тады яго брат багацей пабудаваў яму скiт за Ведзьмiнай выспай на ўскрайку Талынскага возера.
Амвросi не ведаў, што была рэвалюцыя, што цяпер яго не вернуць ужо на катаргу, таму i дажываў свой век, лежачы ў труне. Мабыць, Вера Мiкалаеўна адкрыла яму вочы на праўду, i вось цяпер браты сышлiся ў лютай сварцы.
III
Усю зiму гнiлавостраўцы рубiлi з соснаў будынак школы. Пасля ўрокаў мы беглi на будоўлю, збiралi тоўстыя смалiстыя трэскi. Часам туды прыходзiла Вера Мiкалаеўна. Яна моўчкi назiрала, як доўгабародыя богападобныя браты Мiнiны распiлоўваюць на высокiх козлах калоды. З-пад шырокай, крывазубай пiлы сыпалiся на снег буйныя, як шрот, апiлкi.
- Школа-та хвацкая будзе, на ўсю-та акругу, - крычаў зверху старэйшы Мiнiн, Нупрэй, i весела паблiскваў белымi зубамi. - Шкада, што самi-та павырасталi, а то добра было б пасядзець за кнiгай.
- З новага года ўсе вучыцца будуць, - абяцала Вера Мiкалаеўна.
- Нам-та ўжо трохi позна, - няўпэўнена адказваў малодшы Мiнiн. - Мы-та i так веку дажывём...
Будаўнiцтва школы на доўгiя гады раздзялiла гнiлавостраўцаў. Адны, такiя, як Мiнiны, Смiрновы, Канавалавы, сталi на бок настаўнiцы, другiя Таркайлы, Iпатавы - толькi сцiскалi зубы ад злосцi. У вёсцы iшла непрыкметная воку мiрная вайна. Яе можна было заўважыць хiба па дзецях. Мы ваявалi ўсур'ёз, бо хiтраваць, як дарослыя, не ўмелi. Напрадвеснi, калi мякчэў хрусткi снег, мы зацята бiлiся снежкамi. Здаровыя камлюкаватыя iпатаўцы закатвалi ў снег ледзякi. Ад такiх снежак мы ўцякалi, алё не здавалiся.
Вайна спынiлася нечакана, калi пачалiся работы ў полi. Школа таксама апусцела да самай восенi. Вера Мiкалаеўна паехала. Здавалася, усё вярнулася ў сваю звычную каляiну. Епафрадзiт Таркайла часцей, чым у мiнулыя гады, правiў заутраны, абеднi i навячэрнi, а нас, хлапчукоў i дзяўчынак, што хадзiлi ў школу, прымушаў спяваць трапары i каноны. Мы з нецярпеннем чакалi пачатку вучобы.
IV
Новая школа была адчынена на пакровы. Раней гнiлавостраўцы не пусцiлi дзяцей на вучобу - нельга, пакуль не кончыцца ўборка.
У той год ужо было два класы. Памятаю, Вера Мiкалаеўна, як бы памаладзелая пасля адпачынку, доўга расказвала нам пра дзiўнае мора, i кожны падоўгу слухаў, як яно шумiць у гладкай ружаватай ракавiне. Потым яна гаварыла пра тое, што будзе на месцы Гнiлавострава, калi мы вывучымся i станем дарослыя: палi без межаў, а на асушаным балоце будуць працаваць машыны, што самi ўмеюць араць, сеяць i малацiць. Мы гатовы былi хоць зараз iсцi руйнаваць межы, i толькi Лiстрат Iпатаў усмiхаўся сваёй дурнаватай недаверлiвай ухмылкай. На перапынку мы добра палiчылi яму рэбры, i ён здаўся.
Вера Мiкалаеўна засталася жыць у Яўпраксii, i кожны дзень дзяжурны па школе памагаў ёй адносiць вучнёўскiя сшыткi дамоў. У той пахмурны, слотны дзень дзяжурства выпала на маю долю. Не помню чаму, але мы затрымалiся ў школе. Я быў у баковачцы, ставiў у шафу чарнiлiцы-невылiвайкi, а Вера Мiкалаеўна збiрала ў стосiк сшыткi, калi ў школу прыйшоў Епафрадзiт Таркайла.
На iм быў шырокi парусiнавы балахон з башлыком i балотныя, за калена, боты. Ён стаў ля дзвярэй, абапёршыся мокрым плячом аб вушак.
- Прыйшоў з вамi пагаварыць па-харошаму, - пачаў Епафрадзiт, i яго маленькiя вочы прыкрылiся густымi вейкамi. - Мы з вамi, Вера Мiкалаеўна, людзi разумныя, i таму хочацца пагутарыць без хiтрыкаў, напрасткi, як кажуць.
Читать дальше