IX
І Дэман бачыў... і на мгненне
Штось недаступнае найменню
Адчуў ён раптам над сабой.
Глухой душы яго пустыню
Напоўніў гукаў новых рой.
І яшчэ раз пазнаў святыню
Любві, прыгожства і дабра.
І доўга слодычнай хвілінай
Ён упіваўся, і мара
Аб шчасці доўгай павуцінай.
Нібы тых зорак ясны пас,
Прад ім снавалася ў той час.
Прыкуты невідомай сілай,
Пазнаў жальбу ён выразней,
Пачуцце ў ім загаманіла,
Як гаманіла і даўней.
Ці быў то прывід нараджэння?
Ці слоў падступных спакушэнне -
Знайсці ў сабе ніяк не мог.
Забыць? забыцца не даў бог,
Ды ў забыцці няма збавення.
X
Стаміўшы добрага каня,
На шлюбны пір на схіле дня
Жаніх спяшаўся нецярпліва.
Арагвы светлай ён шчасліва
Дасяг зялёных берагоў.
Вязе ён шмат з сабой дароў.
Вярблюдаў плёўся доўгі рад.
Па горнай сцежачцы далёка
Званкі пазваньваюць у лад.
Ён, уладар сам Сінадала,
Вядзе багаты караван.
Папругай сцягнут спрытны стан.
Аправа шаблі і кінжала
На сонцы ззяе. Як рубін,
Блішчыць за спінай карабін.
Гуляе вецер рукавамі
Яго чухі. Яна кругом
Абмалявана галуном.
Расшыта яркімі шаўкамі
Сядло. Вуздечка з кутасамі.
Пад ім запенены ўвесь конь
Чырвонай масці, як агонь.
Ён, выхаванец Карабаха,
Вушамі водзіць, поўны страха,
Храпе і скоса з крутых скал
Глядзіць на пенны хваляў вал.
І страшны шлях той узбярэжны:
Уцёсы з левай стараны,
Направа глыб ракі мяцежнай.
І позні час. На горах снежных
Бляск сонца згас. Устаў туман.
Прыбавіў ходу караван.
XI
Вось і капліца пры дарозе,
Тут з даўніх пор пачые ў бозе
Якісьці князь, што стаў святым,
Забіты помснікам сваім.
З тых дзён — на свята ці на бітву,
Куды б дарожнік ні спяшыў,
Заўсёды шчырую малітву
Таму святому прынасіў.
Малітва гэта памагала -
Удар адводзіла кінжала.
Але няўважліва жаніх
Забыўся звычаяў старых.
Яго спакуслівай намовай
Лукавы Дэман падбіваў -
У мыслях ён пад цемры сховам
Нявесты вусны цалаваў.
І раптам выскачылі двое
І болей... Стрэл! Што ж то такое?
Прыўзняўшыся на страмянах,
Глыбей насунуўшы папах,
Адважны князь не мовіў слова:
Ў руках бліснуў турэцкі ствол.
Нагайка лясь! — і як арол
Ён кінуўся ўпярод. Стрэл новы!
І дзікі крык і цяжкі «ой!»
Пачуліся ў глыбі даліны,
Нядоўгім быў няроўны бой,
Пабеглі ў боязні грузіны.
XII
І сціхла. Ні душы жывой.
Вярблюды, збіўшыся гурмой,
На трупы ў страсе паглядалі,
І толькі ў цішыні начной
Званкі іх глуха бразгаталі.
Разграблен пышны караван,
І над цяламі хрысціян
Кругі рысуе птах-начніца,
І не чакае іх грабніца
Пад плітамі манастыроў,
Дзе прах пахован іх бацькоў.
Не прыйдуць сёстры з мацяркамі
Са скрыжаванымі рукамі
Пад доўгаю чадрой з мальбамі
а гроб іх з долаў і са ўзвыш!
Затое ж дбалаю рукою
Тут пры дарозе пад скалою
На памяць узнясецца крыж,
І плюшч, разросшыся вясною,
Яго ласкава ахіне
Сваёю сеткаю густою,
І часам, стомлены хадою,
Дарожны на той крыж зірне
І ў божым ценю аддыхне.
XIII
Імчыцца конь, ляціць стралою,
Храпе і рвецца, нібы к бою,
То раптам стане на скаку,
Прыслухаецца к вецярку,
Паводзіць чуткімі вушамі,
То раптам б'е капытам дол
І, страсянуўшы збітай грывай,
Ізноў імчыцца, як арол.
На ім ёсць коннік, ды маўклівы,
У сядле б'ецца, чуць жывы,
Узняць не можа галавы,
Ён не кіруе павадамі,
Бяссільны ногі ў страмянах,
І кроў шырокімі цуркамі
На чапраку яго відна...
Эх, быстры конь! Гаспадара ты
Як віхар з бою праімчаў,
Ды асяцін яго зацяты
У цемры куляю дагнаў.
XIV
Гаруе, плача дом Гудала,
На двары ціснецца народ.
Чый конь прымчаўся? Што з ім стала?
Чаму ён паў каля варот?
Хто гэты коннік нерухомы?
Хавалі след ваяцкіх громаў
Маршчыны смуглага чала.
Сам, зброя ўся ў крыві дазвання,
Рука ў апошнім пацісканні
На грыву конскую лягла.
Нядоўга жаніха мілога,
Нявеста, зрок твой выглядаў!
Стрымаў ён слова князя строга:
На шлюбны пір ён прыскакаў.
Ды, эх, ніколі ён, нябога,
Не сядзе на каня другога!
XV
На бестурботную сям’ю
Як гром зляцела божа кара.
Упала на пасцель сваю,
Рыдае бедная Тамара,
Слязу раняе за слязой,
І вось яна нібыта чуе
Дзівосны голас над сабой:
"Не плач, дзіця, не плач напрасна!
Твая сляза на труп няшчасны
Не упадзе жывой расой.
Яна туманіць зрок твой ясны
І твар дзявочы паліць твой.
Далёка ён, ён не пачуе,
Не будзе знаць журбы тваей;
Святло нябёс цяпер цалуе
Бясплодны зрок яго вачэй.
Ён чуе райскіх песень хоры...
Читать дальше