- Правiльна. Але мне, напрыклад, шмат што няясна. Асаблiва ў першым перыядзе. Да таго ж згадзiцеся, што цяпер мы на многiя рэчы глядзiм другiмi вачамi.
- Хочаш, значыцца, прарэвiзаваць рашэнне гаркома. - Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з iронiяй у голасе, у якой бадай што прагучала пагроза.
Шыковiч каўзануўся па траве i моцна ляснуў вудзiльнам па вадзе. Ён зразумеў, што Гукан не адступiць нi ад аднаго сказа, палажэння сваёй кнiгi, напiсанай яго, Кiрылавай, рукой. Апанавала злосць.
"Чаму ты так упарта трымаешся за тое, супраць чаго выступаюць многiя? Чаму ты лiчыш, што адзiн ты сказаў iсцiну ў апошняй iнстанцыi? Рашэнне гаркома!.. Ты быў сакратаром i рыхтаваў гэтае рашэнне, паўтарыўшы тое, што раней напiсаў у кнiзе. А людзi - удзельнiкi - пратэстуюць!.."
Кiрыла аберуч сцiснуў вудзiльна, быццам яно магло зацягнуць яго немаведама куды. Ён баяўся, як бы не выбухнула гэтая злосць. Разумеў, што сварыцца цяпер з Гуканам неразумна i недарэчна. Памог яму саўладаць са сваiмi пачуццямi сам Гукан. Той падняўся на ногi, зноў нахiлiўся над ракой, i збоку здавалася, што, акрамя паплаўкоў i рыбы, нiчога больш не хвалюе i не цiкавiць яго. Кiрыла агледзеў доўгую постаць, спакойны аскетычны твар i, адчуваючы, што патухае агонь, нязлосна вылаяўся ў думках:
"Актор, чортава жардзiна! Я дорага заплацiў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш".
Яны доўга маўчалi.
Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:
- Гэта цябе Яраш падбiвае на падполле? Раю не вельмi давяраць яму. Анархiст.
- Яраш - анархiст? - Кiрылу стала чамусьцi весела. - Больш дысцыплiнаванага чалавека я не ведаю.
- Розная бывае дысцыплiна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданнi. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лiнiя нашай барацьбы. I яго трымалi ўбаку. Таму ў яго склалася дзiўнае ўяўленне аб падполлi. У нашай кнiзе, канешне, не ўсе факты i людзi названы... Але я i не ставiў такой мэты...
"Кнiга наша, а мэта твая", - засек у думках Кiрыла.
- Мы далi агульную ацэнку... А Яраш хацеў перакрэслiць усё, бо не назвалi яго... Помнiш яго пiсьмо?..
Шыковiч успомнiў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пiсьмо, знайшоў маладога лекара. I той расказваў пра сваiх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.
Не, Яраш пiсаў тады не з-за сябе! У гэтым Кiрыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю i Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карцiне падпольнай барацьбы ў горадзе.
Адначасова Кiрыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што цi варта варушыць мёртвых i падзеi даўно мiнулых дзён. Нават Яраш, нястрымны i нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта - старасць? Дача, галубы, рыба...
А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?
У Шыковiча нярэдка ўзнiкалi такiя сумненнi ў актуальнасцi сваiх творчых задум. Гэта цяжкiя сумненнi, яны часта выклiкалi дэпрэсiю, абыякавасць, застой. Кiрыла баяўся iх. Таму яму больш не хацелася нi "мацаць" Гукана, нi ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось iншае!
Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек i выкiнуў нiштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкi азарт Гукана, бо язя той не ўзяў нiводнага. Сямён Парфёнавiч сеў блiжэй i пачаў расказваць пра звычаi рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмi манатонна. Кiрыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкi ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоiла i зноў расслабiла мозг, цела. Рака закалыхвала...
Раптам Гукан пачуў, як збоку ад яго штось цяжкае плюхнула ў ваду. Падумаў, абвалiўся бераг. Глянуў - няма Шыковiча. Мiма яго вуд плыў па рацэ саламяны капялюш. Сямён Парфёнавiч спалохана падскочыў. Але тут жа, пад абрывам, вынырнула галава...
- За вудзiльна! Хапайся за вудзiльна! - закрычаў Гукан.
Шыковiч схапiўся за вудзiльна i, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей - у мора.
- Што здарылася?
- Задрамаў, - адказаў Шыковiч, круцячы галавою, каб вылiць ваду з вушэй.
- Задрамаў? - Гукан так зарагатаў, што ластаўкi спалохана кiнулiся за раку, далей ад такога грому.
Шыковiчу нiколi не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы i ўсмешкi старшыня так рагатаў. Ён нiяк не мог супакоiцца, выцiраў слёзы, гладзiў худы жывот i зноў залiваўся. Яго рогат устрывожыў Яраша. Той кiнуў вуды i вылез з лазняку, каб паглядзець, што здарылася.
3
Звычайна Гукан прыходзiў у выканком за паўгадзiны, а то i больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплiнавала падначаленых, хоць, калi сакратарка паспрабавала прыходзiць раней за яго, ён забаранiў ёй рабiць гэта. Яна павiнна з'яўляцца без пяцi дзевяць, не раней i не пазней. Гукан любiў парадак i ўмеў яго падтрымлiваць.
Читать дальше