Натуральна, што яны не вытрымалi - адскочылi ўбок. Праз люстэрка Славiк убачыў, як адзiн выхапiў пiсталет.
"Страляюць? Вось гэта здорава! Зусiм як у кiно". Хутка ён убачыў, што мiлiцыянеры ўскочылi на матацыкл. Гоняцца. I хлопца апанавала новае пачуццё азарт гоншчыка-ўцекача. Ён засвiстаў, загалёкаў, як той каўбой на канi:
- Ану, злавiце!
Убачыўшы, што матацыкл адстае, ён знарок прытармазiў газам, даў iм пад'ехаць блiжэй. Зноў убачыў цераз люстэрка, як той, што сядзеў у калысцы, дастаў пiсталет. Тады зноў iрвануў уперад так, што з-пад колаў паляцеў ледзяны пыл.
Мiлiцыянераў чакалi дома жонкi, дзецi i навагоднiя сталы: яны адсталi, упэўненыя, што наперадзе ёсць другiя.
Кiламетраў праз пятнаццаць - дваццаць уцекача чакала другая засада, больш хiтрая i моцная.
Насустрач iшоў ГАЗ-69. Славiк спачатку нiчога не падумаў: цi мала было сустрэчных машын! Ды раптам метраў за дзвесце "газiк" нiбы занясло - ён стаў пасярод дарогi.
- А-а! - Славiк завыў, як дзiкун. - Вы так?! А мне як?! Мне як?!
Але волi хапiла не перакiнуць нагi з педалi газу на педаль тормаза. Упяўся да болю ў баранку. Заплюшчыў вочы. Не вытрымалi нервы ў мiлiцыянера, якi сядзеў за рулём: iрвануў машыну да кювета, i Славiк праскочыў i гэтую засаду. Глянуў у люстэрка, убачыў, як "газiк" вылазiць са снегу, паварочваецца, i амаль радасна галёкнуў:
- А што, укусiлi?
Начальнiк раённай мiлiцыi, чалавек добры i спакойны, заключыў:
- П'яны. Не ганi, Пятро. Нiкуды не дзенецца. А то яшчэ разаб'ецца, дурань. - Начальнiк шкадаваў п'яных, нават зладзеяў. Але Пятра заела: нейкi шчанюк так напалохаў, увагнаў у сорам. I ён нацiснуў на газ.
Славiк раптам адчуў, што "Масквiч" як бы знясiлiўся. Не, стрэлка па-ранейшаму дрыжала направа ад 100. Але ўсё-такi нешта не так. А тут яшчэ ён выскачыў да рэчкi. Круты-круты спуск, а на тым беразе яшчэ вышэйшая гара. I Славiка раптам апанаваў страх. Здалося, што машына, набыўшы iнерцыю, не здолее праскочыць вузкi мост, што ў яго не хопiць сiлы ўтрымаць руль i ён зляцiць у рэчку, праломiць лёд...
Не паспеў ён падумаць пра гэта, як нага сама рэфлекторна пераскочыла на тормаз. I ў той жа мiг Славiк адчуў, што машына, нiбы раз'юшаны звер, выйшла з-пад яго ўлады. Iрванула ўлева. Ён крутнуў руль управа. Тады машына з шалёнай хуткасцю закруцiлася на месцы, адарвалася ад зямлi i па спiралi ўзнялася ў паветра. Адзiн вiток, другi, трэцi... Пры кожным вiтку стрымгалоў ляцелi падстрыжанымi вяршалiнамi ўнiз старыя вербы.
37
Зося, пачуўшы званок, таропка адчынiла дзверы, убачыла Антона Кузьмiча аднаго i спалохалася.
Яна чакала яго колькi дзён i... баялася. Ён таксама трохi сумеўся i нейкi мiг стаяў за дзвярамi, на асветленай пляцоўцы, расчырванелы, велiчны, у багатай "баярцы", шалiкавы каўнер з нейкага адмысловага футра заiнеў наперадзе i, здавалася, ззяў пад святлом. Доктар трымаў некалькi пакункаў. Марозам i снегам, водарам елкi, святочным пахам пакупак i яшчэ нечым прыемным, здаровым павеяла ад яго на Зосю. Яна ўдыхнула ўсё гэта, i ў яе закружылася галава. Яна адступiла ад дзвярэй. Ён увайшоў, зачынiў дзверы. У калiдорчыку не было ўключана святло, i яны апынулiся ў паўзмроку.
Зося мацала па сцяне, шукала выключальнiк i нiяк не магла знайсцi. Антон Кузьмiч цераз яе галаву працягнуў руку i адразу ўключыў святло, але пры гэтым упусцiў адзiн з пакункаў. Нешта шкляное разбiлася. Зося хутка нахiлiлася, каб падняць пакунак. Ён таксама ў гэты мiг нахiлiўся, i яны стукнулiся галовамi, добра, што шапка яго такая мяккая.
Антон Кузьмiч засмяяўся:
- Гэта на шчасце.
Яна не зразумела, што на шчасце, цi тое, што нешта разбiлася, цi тое, што яны стукнулiся, але таксама засмяялася.
Ён сказаў тут жа ў калiдорчыку, трошкi ўрачыста, трошкi афiцыйна:
- Вiншую вас, Соф'я Сцяпанаўна, з наступаючым Новым годам. Жадаю... Ну, жадаю ўсяго самага найлепшага. Рад быў бы сустрэць Новы год з вамi. Але не магу. Буду ў гасцях. Вось зайшоў... павiншаваць... I маленькi падаруначак прымiце...
Ён працягнуў адзiн з пакуначкаў. Яна збянтэжылася:
- Што вы! - але ўзяла i прытулiла да грудзей, як нешта самае дарагое.
- Я сёння паўдня, як Дзед Мароз, разношу падарункi. Люблю прынесцi хоць маленькую радасць.
- Маленькую?!
Ёй варта было прапанаваць яму распрануцца, запрасiць у пакой. Але яна на ўсё забылася. Стаяла перад iм, скрыжаваўшы на прыцiснутым да грудзей падарунку рукi, але баялася падняць галаву, каб глянуць у яго вочы.
Антону Кузьмiчу таксама зрабiлася няёмка.
- Ну, прабачце, - сказаў ён. - Яшчэ раз вiншую. Шчасця вам i здароўя... Мой першы клопат...
Тады яна расставiла рукi, трымаючы ў адной за матузок падарунак, як сляпая, ступiла да яго i раптам... прыпала тварам да халоднага палiто, да пахучай поўсцi каўняра.
Читать дальше