Я вучыўся, а ён ужо шукаў месца працы. I знайшоў. I не дзе-небудзь, а ў Мінскім сувораўскім вучылішчы, у якім лічылі за гонар працаваць вопытныя педагогі – не раўня мне маладому.
Жылля ў Мінску ў мяне не было. Доўгі час жыў у сям’і Валянціна Васільевіча ў вёсцы Заполле Чэрвеньскага раёна.
Шмат ён прыклаў намаганняў, каб абараніць мае правы, дапамагчы атрымаць кватэру. Прымаў актыўны ўдзел у яе абсталяванні.
Нават дачу па яго патрабаванню пачаў будаваць. I як у кожным жыццёва важным для мяне пачынанні, не абышлося і тут без яго канкрэтнай дапамогі і парад.
Да самай сваёй смерці ён заставаўся для мяне не проста сябрам, а бацькам. Яго светлы вобраз яскрава бачыцца ў розных іпастасях і сёння. Вось ён вяртаецца з бою ў копаці… Аднапалчане віншуюць з перамогай… Бягу, амаль кожны дзень, да яго ў кабінет Бярозаўскага райкама партыі, дзе ён пэўны час працаваў пасля дэмабілізацыі… У запыленым ГАЗіку аб’язджаем сумесна калгасныя палеткі…
Не забыліся нашы доўгія размовы ўжо і як калег-педагогаў, калі ён працаваў у школе.
Чалавек я ўжо ў гадах. Пакуль жывы, буду яго ўспамінаць і дзякаваць. Бог яго паслаў. Памяць аб ім нясу ў сэрцы. Нашчадкі мае таксама будуць памятаць. Мы падтрымліваем сувязі з роднымі дзецьмі Валянціна Васільевіча. Памяць аб ім у нас агульная, вечная».
Вось які аповед я занатаваў. Ідзе вайна. Маладога танкіста-старшыну завуць бацькам сына палка. Якімі ж высокімі маральнымі якасцямі ён валодаў, які аўтарытэт меў сярод баявых сяброў, што атрымаў такое пачэснае званне! У тыя цяжкія, кровапралітныя дні і гадзіны менавіта ў ім яны ўбачылі вялікую душу, духоўны стрыжань. Валянцін Рухлоў дастойна пранёс званне бацькі сына палка праз усё сваё жыццё. Беларусь стала для яго роднай: вызваляў яе, а пасля Перамогі жыў і працаваў тут. Зямля наша прыняла вызваліцеля на вечны пакой як сына.
Сын палка апраўдаў надзеі бацькі, яго баявых сяброў. Леанід Іванавіч стаў паважаным чалавекам, добрым сем’янінам. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаў вучонае званне дацэнта. Працаваў выкладчыкам у вышэйшых навучальных установах Мінска, Мінскім абкаме партыі, загадваў кафедрай грамадзянскіх дысцыплін у Рэспубліканскім інстытуце ўдасканальвання настаўнікаў. З’яўляецца адным з аўтараў навучальнага дапаможніка па эканамічнай гісторыі Беларусі. На кожнай пасадзе спаўна аддаваў сябе справе. Карыстаўся вялікім аўтарытэтам у супрацоўнікаў і студэнтаў. Моладзь у ім бачыла героя.
Пры другой размове Леанід Іванавіч заўважыў: «Ішла вайна. Ніхто не ведаў, ці будзе ён жыць заўтра. А ў салдат не знікалі чалавечая спагада і цеплыня. Калі яны гладзілі мяне па галаве, іх вочы свяціліся. Яны верылі, што ў маёй асобе падоўжыцца іх жыццё, калі загінуць у баі. Сённяшнім днём мы абавязаны ім. Павінны ўспамінаць іх бясконца. Валянцін Васільевіч адносіцца да такіх людзей».
Вайна ўздзейнічае на лёс Леаніда Іванавіча на працягу ўсяго яго жыцця, у тым ліку і сёння.
…Ва Усходняй Прусіі іх танкавая часць пераязджала бліжэй да фронта. Ішлі калонай. Лёня сядзеў шчаслівы разам з дарослымі танкістамі на брані. Дзень быў сонечны, ціхі, прыгожы. Нічога не нагадвала пра небяспеку. Але нечакана іх калону абстраляла нямецкая артылерыя. Выбухной хваляй яго скінула на зямлю. Падчас падзення быў пашкоджаны тазабедраны сустаў. Боль не адчувалася. Дактары раілі пэўны час пахадзіць з мыліцамі. Вытрымкі хапіла не больш, чым на тыдзень – нічога не балела.
Марыў стаць афіцэрам-танкістам. Пасля заканчэння ў 1953 годзе сярэдняй школы ў горадзе Бярозе пачаў праходзіць медыцынскую камісію для паступлення ў вучылішча. Ад вердыкту дактароў плакаў горкімі слязьмі з паўмесяца – ён зусім не можа быць прызваны ў войска. Даў аб сабе знаць той сустаў, які, здаецца, зусім крыху быў пашкоджаны на вайне.
Сёння, на старасці, гэта вельмі ўскладняе жыццё Леаніда Іванавіча. Ходзіць ён толькі па кватэры з дзвюма мыліцамі.
Наступствы вайны не знікаюць з апаленых ёю лёсаў дзяцей, сёння ўжо дарослых людзей. Яна ім не толькі сніцца, а запомнілася на ўсё жыццё.
…Сын палка і яго палкавы бацька былі як родныя. Валянцін Васільевіч да апошняга свайго подыху заставаўся сапраўдным бацькам, а Леанід Iванавіч па-сыноўняму не забывае яго.
Інфармацыю пра Дзіну Сцяпанаўну Паскробка я атрымаў ад супрацоўніцы Чэрвеньскага раённага ваеннага камісарыята Алесі Мікалаеўны Мінчанкі. Яна вырашыла падключыць мяне да пошукаў месца пахавання бацькі Дзіны Сцяпанаўны – Героя Савецкага Саюза Мазжэрына Сцяпана Фёдаравіча. Так у мяне з’явілася магчымасць пазнаёміцца яшчэ з адным цікавым чалавекам: жанчынай вельмі сціплай, бескарыслівай, з вялікім пачуццём самастойнасці, адказнасці, святымі, падкрэслю гэтае слова, адносінамі да бацькоў.
Читать дальше