Нарадзіўся Валянцін Васільевіч у 1925 годзе ў вёсцы Заастроўе Вінаградаўскага раёна Архангельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля сямігодкі працаваў у калгасе. У 1942 годзе ва ўзросце 17 гадоў добраахвотнікам пайшоў у армію. Дзеля гэтага нават год сабе прыпісаў. Змагаўся за Радзіму, не шкадуючы жыцця. Служыў танкістам. Сярод яго баявых сяброў быў брат Зоі Касмадзям’янскай Аляксандр, пасмяротна ўганараваны званнем Героя Савецкага Саюза. Валянцін Васільевіч вызваляў ад фашыстаў Беларусь, у тым ліку і Мінск. Баявы шлях закончыў ва Усходняй Прусіі. За адвагу і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, узнагароджаны шматлікімі медалямі, ордэнамі, у тым ліку ордэнам Славы ІІ і ІІІ ступеняў. Пасля вайны праслужыў у арміі да 1951 года. Апошняя вайсковая пасада – партарг танкавага батальёна…
Здавалася, я ведаў усё з яго біяграфіі. Але нядаўняя сустрэча ў Смілавіцкай пасялковай бібліятэцы з яго дачкой Тамарай пахіснула гэтую ўпэўненасць. У размове мяне «зачапіў» сказ: «…У яго быў сын палка, які жыве ў Мінску».
Не чакаў такога павароту. Узяў нумар тэлефона і звязаўся з былым выхаванцам танкавага палка Леанідам Iванавічам Паповым, 1933 года нараджэння. Яго аповед узрушыў. Мяркую, што ён не пакіне раўнадушнымі і чытачоў.
Вось што ён расказаў: «Мы жылі ў Мінску. Калі пачалі бамбіць горад, адна бомба трапіла ў наш дом. Бацькі загінулі. Я застаўся жывым таму, што знаходзіўся ў суседнім двары. Некалькі дзён бадзяўся галодным па Мінску, затым пайшоў па Маскоўскай шашы. Затрымліваўся ў вёсках, пабіраўся. Дзесьці зімою дайшоў да Плісы. Мерзнуў, галадаў. Хутка пакідаў цёплыя месцы – баяўся нямецкай аблавы. У лясах ля Плісы ўжо дзейнічалі партызаны. Яны і падабралі мяне. Я знаходзіўся ў партызанскім атрадзе да самага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Спачатку пасвіў кароў ды на кухні бульбу абіраў. Праз нейкі час пачаў з байцамі хадзіць у разведку. Узнагароджаны медалём «Партызан Вялікай Айчыннай вайны» I ступені. Атрад прыбыў у Мінск на парад, а з ім і я, ды потым яго пакінуў. Пачаў шукаць знаёмых. Нікога не спаткаў. Праяўлялі спагаду да мяне шмат добрых людзей: давалі есці, запрашалі ісці з імі. Ды штосьці іх прапановы не краналі мяне. Аднойчы са мной загаварыў малады прыгожы танкіст. Я ўжо разбіраўся ў родах войск. Запрасіў у полк, у танку паездзіць. У вайсковай часці мяне сытна пакармілі. Прапанавалі стаць сынам палка – я пагадзіўся з вялікай радасцю. Хутка самым блізкім сябрам стаў танкіст-старшына, які прывёў мяне ў полк. Ён поўнасцю ўзяў на сябе клопат аб маёй асобе. Мне ж пасля лесу ўсё хацелася рукамі пакратаць, пасядзець у танку. Нягледзячы на маладосць, старшыну пачалі зваць бацькам сына палка, гэта значыць – маім. Больш нікога так не называлі, нават камандзіра. Мне з ім было вельмі цікава. У перапынках паміж баямі мы вывучалі танк. З танкістамі сустрэў Перамогу ва Усходняй Прусіі. У палку меў і абавязкі, якія з задавальненнем выконваў: дапамагаў сувязістам, быў пасыльным, выконваў і іншую патрэбную работу.
Узнагароджаны медалямі «За взятие Кенигсберга», «За Победу над Германией».
У 1947 годзе мне споўнілася 14 гадоў. З гэтай нагоды сфатаграфаваліся. Здымак падпісалі: «На память Леониду Попову от близких тебе людей Валентина и Михаила».
Бліжэй за Валянціна Васільевіча ў мяне нікога не было – я прызнаваў яго за бацьку. Яму як кавалеру ордэна Славы прысвоілі афіцэрскае званне. Радасці маёй не было межаў.
Пасля вайны полк перадыслацыраваўся ў г. Бярозу Брэсцкай вобласці. Валянцін Васільевіч стаў партаргам батальёна. Я ж скончыў 10 класаў вячэрняй школы.
У палку выхоўваўся да 1953 года, пакуль не закончыў сярэднюю школу. Адчуваў агульны клопат, але ў першую чаргу – ад Валянціна Васільевіча. Калі захварэў і не змог згінацца – ён мяне ўласнаручна абуваў. Пільна сачыў за маім абмундзіраваннем.
Ён быў не па гадах мудрым чалавекам і добра бачыў далёкую перспектыву. Менавіта па яго парадзе я паступіў на гістарычны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта.
Адносіны нашы не парываліся і тады, калі ён ажаніўся. Мяне лічылі членам сям’і. Валянцін Васільевіч і полк падтрымлівалі мяне матэрыяльна падчас вучобы ва ўніверсітэце, прысылалі ў Ленінград грашовыя пераводы. Сабралі грошай і камандзіравалі ў Талін вайскоўца, які быў родам адтуль. Ён купіў шыкоўны касцюм, каб я змог выглядаць, як і ўсе маладыя людзі. I ва ўсім гэтым адчувалася арганізатарская роля Валянціна Васільевіча.
Читать дальше