Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына. Не спыняючыся, бегма ён сунуўся туды. Мяккі таўшчэзны пласт моху зазыбаўся пад нагамі, пасля ногі правальваліся да каленяў у чорную хлюпкую гразь. Далей ісці, мабыць, было вар'яцтвам. Але што для яго не было вар'яцтвам? Наперадзе трымцела на ветры клочча асакі, аеру, буялі ад берага лазняковыя купіны, і між імі блішчэлі чорныя вокны прадонняў; там усчыналася Багавізна. Ён, аднак, не спыняўся - з роспачным намаганнем выдзіраючы з твані свае пасталы, дабрыў да лазняку і пралез між кустоўя. Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэннем доле. Хутка, аднак, дол знік пад нагамі, знянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню. Смярдзючая вада цякла з носа, сцюдзёныя яе абдымкі скавалі ягонае цела, ногі скруцянелі ад сутаргаў, і ён дробненька, з перапынкамі дыхаў.
Ззаду на цвёрдым беразе за імшарынай гучала галасістая гамана, брахаў сабака, мабыць, там сышліся загоншчыкі. Ці яны згубілі яго, ці баяліся лезці ў сцюдзёную, смярдзючую твань? Ён добра чуў тут іх устрывожаныя галасы: «Во, туды пабег...» - «У твані ён!» - «Глядзі, куды сунуўся! Ах ты маць часная!» - «Вылезе, нідзе не дзенецца кулацкая морда!»...
«Не, ужо не вылезу!» - з панылай злосцю сказаў ён сабе ў думках, гойдаючы целам застаялую раску на твані. Яго тут трохі хавалі ад берага купіны і лазняк. А галоўнае - тыя, на беразе, мабыць, не надта імкнуліся ў багну, мабыць жа, ведалі, што дна ў ёй няма. І ён гэта ведаў. Колькі разоў, бывала, са страхам глядзеў здаля на лазняковы прасцяг бяздоннае багны, якую заўжды акуратна абыходзіла жывёла. Цяпер ён сядзеў у ёй. І, мусіць, шляху назад не было.
Ад сцюжы ў вадзе дубянелі рукі і асабліва ногі, усё ўнутры ў яго сцялося ў тугі, хваравіты вузел - каб толькі стрываць. Але, мабыць, доўга трываць тут не прыйдзецца, усё ўжо канчалася. Трошкі, аднак, не хапала рашучасці. Варта было выпусціць з рук той корань ад купіны, як ён бы адразу пайшоў у бездань. Цяжкая суконная паддзёўка ўладна цягнула ўніз, пасталы зрабіліся, мабыць, пудовымі і таксама цягнулі за ногі. Але ён трымаўся, немаведама на што спадзеючыся, і часта дробненька дыхаў, бы рыбіна, выкінутая на пясок.
- Роўба, вылазь!
- Вылазь па-добраму. А то...
- Грамадзянін Роўба, ад ліца Савецкай улады папярэджваю...
Яны там крычалі, а ён ужо мала і слухаў. Усё роўна вылезці адсюль ён не мог. Ды не надта і хацеў. Ён толькі марудзіў. Дарма, аднак, марудзіў. Недзе зблізку, за лазняком, пачулася:
- Штось не відаць тут...
- Ды там. След во ў дрыгве...
«О, людзі, людзі! За што ж вы так?.. Людзі...»
Аднак яны ўжо лезуць. Хведар трохі пасунуўся ў твані, гайдануўшы раску, павярнуў за купінай галаву. Дзве постаці ў асацэ, высока ставячы ногі, памалу прабіраліся да яго прадоння. У руках аднаго матлянуўся даўгі шост-палка - ці не збіраліся яны выганяць яго з твані? Ён бачыў іхнія галовы ў кепках, іх саміх да пояса. Гэта былі незнаёмыя хлопцы, мабыць, камсамольцы з раёна. Недзе за кустамі паблізу басавіта брахаў сабака, але ў ваду, здаецца, не лез.
- Далей не сунешся.
- Давай, давай! Яшчэ можна! - пачулася трохі збоку, і ад тых слоў у Хведара разам заняло дыханне. Ён пазнаў гэты голас - ён бы пазнаў яго і на тым свеце. «Бедны Міколка! - раптам падумаў Хведар. - І яму во лезці сюды! Мусіць, аднак, не ад салодкай жызні». Тыя двое з шастамі, аднак, ці не згубілі яго сляды, трохі павярнулі ўбок за самы гушчар лазняку, можа, яны падумалі, што ён сядзіць там. А ён не сядзеў там, ён не хаваўся наогул. Ён ужо быў для іх недасяжны. Ён яшчэ не дабрыў да таго свету, але ўжо бадай што сышоў з гэтага. На гэтым засталася хіба ягоная галава і вочы. Каб астатні раз зірнуць і развітацца. Як убачыць яго, дык ён і адыдзе. Калі датрывае... Божа, ніколі ў яго не было думкі забіць сябе, заўжды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут во мусіць...
Аднак, можа, ён хоць перад канцом згледзіць сына? Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі - ён змушаны! Можа, яму загадалі? Які вышэйшы начальнік. Бо, мабыць жа, ёсць і над ім начальнік. І паслалі яго лавіць у лесе бацьку, якога ён выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, тады як жа жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? І сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!
Читать дальше