Нарэшце Рыбак першы ўзлез на пагорачак і падумаў, што, мабыць, ён памыліўся – мусіць, хутар стаяў трошкі далей. Так часта здараецца, што некаторыя ўчасткі малазнаёмай дарогі прападаюць у памяці, і ўвесь шлях тады здаецца карацейшы, чым на самай справе. Рыбака падганяла нецярпенне, але Сотнікаў зноў адстаў і ўсё яшчэ стомлена гробся па схіле. Зрэшты, Рыбак ужо не звяртаў на яго ўвагі – нейкім нутраным адчуваннем ён западозрыў яшчэ невыразную, але адразу шчымліва зарупелую ўнутры трывогу.
Гэтую трывогу данёс да яго вецер.
Пунькі ў начной шэрасці ўсё не было відаць, і не відно было іншых будынін, затое некалькі подыхаў ветру адтуль, з поля, прынеслі гаркавата-едкі пах гару. Спярша ён падумаў, што, можа, гэта здалося, мо смярдзіць адкуль з лесу, і прайшоў яшчэ сотню крокаў, з усяе сілы стараючыся ўбачыць праз хмызняк звыкла аснежаную страху пунькі. Ды марна: пунькі не было. Затое і яшчэ дыхнула гарам – не свежым, з дымам ці калі з агнём, а халодным гарам ад затухлага вуголля і попелу. Зразумеўшы, што не памыляецца, Рыбак напаўголаса вылаяўся і амаль подбегам адолеў некалькі крокаў, пакуль збоч ад дарогі не ўбачыў плот.
Плот быў на месцы, хоць і паламаны, без верхніх жардзін; некалькі пар пахілых, перавязаных лазінаю калоў коса тырчала з зямлі. Тут, за бульбянішчам, стаяла некалі тая самая пунька, а цяпер быў толькі бялюткі снегавы пагорак, з-пад якога месцамі вытыркала-бугрылася нешта чорнае – недагарэлыя галавешкі, ці што? Далей, у тым месцы, дзе была будыніна, таксама грувасціліся заснежаныя груды з недарэчна аголенай і закапцелаю печчу; там жа, дзе колісь стаялі хлеўчукі, не разабраць было – мусіць, не асталося і недагаркаў.
Рыбак спыніўся і стаяў так ля плота ўсё з той жа несціханай лаянкай у душы, не ведаючы, што рабіць і што думаць. Не верылася нават, што гэта той самы хутар, на які яны наведваліся ўвосень. Перад яго вачыма паўстала ранейшае людское жытло з яго несамавітым сялянскім утулкам. У хаце ля печы завіхалася баба Прося, пякла дранікі, а яны сядзелі без ботаў на пяколку і перасміхаліся з Любкай, якая частавала іх сушанымі арэхамі. Арэхі тыя, як, дарэчы, і сама Любка, асабліва прыйшліся даспадобы Булахаву, гаваркому байцу з пагранічнікаў – некалькі чалавек з іх далучыліся перад тым да атрада. Цяпер ужо з пагранічнікаў не асталося ніводнага. Ён нават не ведаў, калі знік Булахаў, – ён толькі спадзяваўся на кароткі прытулак у гэту сцюдзёную ноч і хацеў пад’есці. Але іх апярэдзілі на тыдзень, не болей – ён гэта вызначыў пэўна.
Тым часам ззаду падышоў Сотнікаў, які таксама зразумеў усё і ад такой навіны апанурыўся, мабыць, не менш за таварыша. Не прамовіўшы ні слова, ён моўчкі спыніўся і глядзеў на заснежаныя рэшткі былой хутарской сядзібы. Рыбак пералез цераз жэрдку і прайшоў па двары да печы, якая сіратліва, адна на ўсім хутары, тырчала з груды, трымаючы на каптуры свяжуткую гурбу снегу. Дзіўна і нязвыкла было бачыць на ёй гэты снег, які шчыльным пластом ляжаў і на пяколку і нават замуроўваў закапцелы чалеснік. Коміна ў печы не было, мусіць, абваліўся ў часе пажару і цяпер разам з галавешкамі нязладнай кучай грувасціўся пад снегам.
– Сволачы! – вылаяўся Рыбак.
За ім на чысты снег падворка выйшаў Сотнікаў, самотна пастаяў крыху і адышоўся да студні. Калодзеж, здаецца, тут быў адзіным, што збераглося ад пажару. Цэлы быў і журавель, высока задраны вочап якога ціха пагойдваўся на ветры.
Рыбак сюды-туды пахадзіў па падворку, пнуў ботам парожняе дзіравае вядро, што валялася доле, пакратаў вобад паўзамеценага снегам паламанага кола. Болей тут не было чым пажывіцца: тое, што не знішчыў агонь, мусіць, падабралі людзі. І нікога ўжо тут не было, нават не асталося слядоў чалавечых ног, адно толькі воўчыя чарнеліся побач за плотам – мусіць, воўк таксама меў нейкія свае надзеі на хутар. Зразумеўшы, урэшце, што трэба шукаць новае выйсце, Рыбак вярнуўся да студні.
– Ну, што ты на гэта скажаш?
– Выдаў нехта. Ведама – пры лесе, – сіпата азваўся ля студні Сотнікаў і, зябка адхінаючыся ад ветру, бокам прысланіўся да зруба. У ягоных грудзях штось ціхенька рыпела, як у сапсутым гармоніку.
Рыбак, памаўчаўшы, запусціў руку ў кішэню шыняля і там пад патронамі і рознай драбязой набраў жменю паранага жыта – рэшту таго, што асталося з яго сённяшняй харчовай нормы.
– Хочаш?
Без асаблівай гатоўнасці Сотнікаў працяг руку, у якую Рыбак адсыпаў з свае жмені. Абодва моўчкі пажавалі сцюдзёнай паранкі.
– Падрубалі, называецца!
Читать дальше