– А ты не кажы хто. Нашто нам пра ўсё знаць, – ціха перапыніў яе Пётра.
– Ну дык цётка дае мне клумачак, а там хлеба трохі і сала. Я як узяла яго, дык усё і з’ела за раз. Хлеба толькі асталося. А тады як стаў жывот балець... Я ўжо так хацела памерці. Прасіла і маму, і Бога – смерці прасіла.
Рыбак пад сцяной неўпрыцям скалануўся – так гэта прагучала знаёма і натуральна па-старэчы, нібы перад імі спавядалася якая старая, а не трынаццацігадовае дзяўчо. І адразу гэтыя яе словы нагадалі Рыбаку адну бабку ў нейкай вёсцы па той бок чыгункі. Яны тады выйшлі з лесу спытаць пра немцаў, ну і падсілкавацца, вядома. У хаце нікога не аказалася, адна гэта забытая бабуля сядзела на печы, звесіўшы на пяколак босыя ногі. З гадзіну яны курылі і слухалі яе скаргі на Бога, які не дае ёй смерці і гэтак пакутна расцягнуў яе бязрадаснае жыццё. Апынуўшыся адна, без радні, яна яшчэ пасля той вайны прыбілася да малазнаёмых чужых людзей, якім трэба было падгадаваць дзяцей і дагледзець ля хаты. Думалі, гадоў тры-пяць старая паклемаецца, за той час падрастуць дзеці, а там прыйдзе час і на могілкі. Але смерць да яе не прыйшла ні праз пяць, ні праз пятнаццаць гадоў, задоўжылася бабка на гэтым свеце ў чужых людзей, за той час павырасталі малыя, забілі на вайне гаспадара, гаспадыня ледзь магла пракарміць сябе – што ёй было да бабкі? А смерць усё не ішла. Развітваючыся тады, кожны з іх па шчырасці жадаў ёй як мага хутчэй скончыць свае турботы на гэтым няласкавым свеце. А цяпер вось зноў тое самае. Толькі ж гэта дзіця.
Што дзеецца на свеце.
– А тады мне лепей стала. Раз дужа напужалася ўранку. Толькі заснула – здалося, звер нейкі крадзецца па беражку пад кустом. Аж гэта кот. Вялізны такі шэры кот, з мястэчка, мусіць, астаўся адзін, ну і шукае сабе пракорму. Рыбу ловіць. Замрэ на беразе, угледзіцца ў ваду, а потым як скоча! Вылезе – і ў зубах ужо рыбінка. Вот, думаю, каб мне так налаўчыцца. Хацела я адабраць рыбку, ды не паспела, уцёк кот і пад другім кустом з’еў усю, і хвосціка не асталося. А потым мы з ім падружыліся. Прыйдзе калі ўдзень, улезе ў куст, ляжа поруч і мурлыкае. Я гладжу яго і трошкі сплю. А ён чуткі такі. Калі хто дзе паблізу акажацца, адразу натапырыцца, і я ўжо знаю: трэба баяцца. А як дужа голад даняў, вылезла ноччу ў гарод, што паблізу, здаецца, Арона крывога. Агуркі там былі яшчэ, семянныя каторыя, морква. Дык я нарву і ем. А кот усё глядзіць і мяўкае. Але кот не есць гародніны. Так мне шкада яго робіцца...
– Хай бы мышэй лавіў, – азвалася ў цемры Дзёмчыха. – У нас, там, у Паддуб’і, у адных была кошка, дык зайчанят насіла дамоў. Яй-богу, не лгу. А раз прывалакла зайца, ды на гарышча не ўсцягнула. Раніцай выйшаў Змітра, глядзіць заяц пад вуглом ляжыць.
– А, дык то, мусіць, у яе кацяняты былі, – здагадаўся Пётра.
– Ну, кацяняты.
– Дык то панятна. Тут ужо кацянятам старалася. Як маці каторая... Ну, а пасля ж як ты?
– Ну, так і сядзела, – ціхенька і даверліва гаварыла Бася. – Цётка... Ну, тая самая, яшчэ колькі разоў хлеба выносіла. А потым дужа сцюдзёна стала, дождж пайшоў, пачало лісце ападаць. Увечары, як дождж пайшоў, залезла ў нечую асець. Там пераседзела дні тры. Ды вобыск быў. Шукалі нейкае збожжа і чуць мяне не знайшлі. Тады я перайшла ў хлеў...
– А Божухна! Во намучылася, бедная! – уздыхнула Дзёмчыха.
– Ну. Але там цёпла было.
– А як жа з харчам? Ці даваў хто?
– Не, я не паказвалася.
– Ой, да чаго людзей давялі, Божа, Божа! І хто ж злавіў цябе?
– Ды немцы ж. Заспала аднаго разу – ужо снег быў. Выскачыла, каб перабегчы на другі бок вуліцы – там стаяў дом, і мяне ў тым доме потым хавалі. Толькі вуліцу перабегла, а тут яны. Як крыкнулі, я за клён захінулася, тоўсты такі клён...
– Ай, мусіць, напроці аптэкі, ага? – здагадалася Дзёмчыха. – Дык то ж Ігналя Супрон жыў.
– А табе што? – няласкава перапыніў яе Пётра. – Хто ні жыў, ці не ўсё роўна. Нашто пытацца?
Дзёмчыха пакрыўдзілася:
– Дык а што я? Калі і сказала, дык што?
– Анічога! – строга абарваў яе былы стараста. – Ну дык як яно далей? Расказвай, усё скарэй ноч мінецца.
«Іш ты, стары індык, – падумаў Рыбак. – Яму ноч мяшае. Нешта ён надта падазрона чакае таго заўтра. Ці, можа, думае, што заўтра яго выпусцяць?»
Але заўтра наўрад ці будзе ім радасць.
Рыбак хацеў перапыніць Басю – навошта тут было расказваць усё тое? Каму не вядома, што і ў сцен часам ёсць вушы. Але пагадзя разважыў: мабыць, позна ўжо нешта таіць, чаго асцерагацца. Калі Стась сказаў праўду, дык заўтра ўсім будзе крышка. Не пакінуць нікога.
Читать дальше