І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.
Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» – «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» – «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» – злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было – гэта вялі Дзёмчыху.
Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру – крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:
– Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..
– Давай, давай! Чорт цябе не возьме! – прыкрыкнуў Стась. – Да ранку перабудзеш!
– А ўранку што? – запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.
Стась ужо прычыніў быў дзверы, але зноў расчыніў іх і гаркнуў у шчыліну:
– А ўранку грос алес капут – во што? Фарштэйн?
«Капут? Як капут?» – трывожна пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака. Але сэнс гэтага слова быў надта выразны, каб доўга сумнявацца ў ім, і гэтая яго выразнасць ударыла, як аглаблёй па галаве. Значыць – уранку канец!
Амаль не адчуваючы сябе, Рыбак механічна падцягнуў ногі, даў прымасціцца ля парога жанчыне, якая ўсё хліпала, смаркалася, нарэшце пачала ўздыхаць – спакойнець...
Хвіліну яны ўсе маўчалі, потым Пётра памяркоўна разважыў:
– Што ж зробіш, калі папаліся. Адкуль ты, жанчынка?
– З Паддуб’я, калі ведаеце.
– Ведаю, а як жа. Чыя ж ты там будзеш?
– Ды Дзёмкі Вокуня жонка.
Імкнучыся як-небудзь прыцяць у сабе нядобрыя прадчуванні, Рыбак пад сцяной пачаў прыслухоўвацца да Дзёмчыхі. Чамусьці ён не хацеў адзывацца, тым болей што Дзёмчыха, мабыць, не пазнала яго ў цемры. Але яны пазнаёміліся ўжо з яе сварлівым характарам, і цяпер, апынуўшыся ў такім становішчы, Рыбак думаў, што гэтая цётка яшчэ ўчыніць ім тут скандал – было за што. Але яна памалу спакойнела, яшчэ раз высмаркалася. Голас яе пакрысе рабіўся цішэйшы, такі, якім яна размаўляла з імі ў вёсцы. Хіба толькі трудныя паўзы між яе адрывістых фраз сведчылі пра яе перажыванні.
– Дзяла, – заклапочана сказаў Пётра. – А Дзёмка ў войску?
– Ну. Дзёмка там недзе горачка прымае, а з мяне тут знушчаюцца. Забралі во! Дзяцей на каго пакінулі? Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія!..
Толькі што сціхшы, яна загаласіла-заенчыла зноў, і гэты раз ніхто яе не суцяшаў, не супакойваў – было не да таго. У камеры злавесна гучалі страшныя словы Стася; яны прыгнялі, устрывожылі, змусілі нядобра апанурыцца ўсіх, апроч хіба старасты, які аставаўся знешне спакойны і разважлівы. Між тым Дзёмчыха неяк нечакана, нібы ўсё выплакаўшы, паўздыхала і спакойней ужо зазначыла:
– Во людзі! Як звяры! Глядзі, якім чортам стаў гэты Пронька.
– Партноў, ці што? – падтрымаў размову Пётра.
– Ну. Я ж яго кавалерам памятаю – тады ўсе Пронькам звалі. А пасля на настаўніка вывучыўся. Ягоная ж матка на хутары жыла, дык каждае лета на малако ды на яблычкі прыязджаў. Наглядзелася. Такі ласкавы быў, «дабрыдзень» усё раздаваў, з мужчынамі за ручку здароўкаўся.
– Знаю Партнова, а як жа, – сказаў Пётра. – Супраць Бога, бывала, агітаваў. Ды так складна...
– Вужака ён быў. І ёсць вужака. Не ўсе ведаюць толькі. Культурны.
– А паліцайчык гэты таксама з вашага боку бытта?
– Стась? Наш. Піліпёнак малодшы. За панажоўшчыну пасадзілі, ды вярнуўся, як пачалося гэта. І што вырабляць стаў – страх. У мястэчку ўсё з жыдоў знушчаўся. Біў, казалі, страляў. Дабра нацягаў – Божачка мой! Усю хату заваліў. А цяпер во і да нас, хрышчоных, дабраўся.
– Гэта так, – пагадзіўся Пётра. – З жыдоў пачалі, а, глядзі, намі скончаць.
– Каб ім на асіне вісець, вырадкам гэтым.
– Я во ўсё думаю, – заварушыўся стараста. – Гэтыя нашы, каторыя з імі? Як во іх разумець? Жыў, еў каторы, людзям у вочы глядзеў, а цяпер займеў вінтоўку і ўжо застрэліць меціцца. І страляюць! Колькі перабілі...
– Як гэты, як яго... Будзіла ваш, – са злосцю напомніў Рыбак.
– Хапае. І Будзіла, і ці мала яшчэ якіх, тутэйшых і чорт ведае адкуль. Любіцеляў паразбойнічаць. Што ж, цяпер ім прыволле, – глухім басам разважаў лясінаўскі стараста.
Штосьці ўспомніўшы, яго нецярпліва перапыніла Дзёмчыха:
– Кажуць, Хадаронак гэты, што ўночы падстрэлілі, здох. Каб ім усім паздыхаць, гадаўю гэтаму.
– Усе не паздыхаюць, – сказаў, уздыхнуўшы, Пётра. – Хіба што нашыя пераб’юць.
На саломе заварушыўся, задыхаў, спрабаваў падняцца ды зноў апаў долу Сотнікаў.
Читать дальше