Наступным яго адчуваннем было далікатнае, лагоднае казытанне на барадзе, на шыі; здавалася, нейкая жывая істота паўзла за каўнер, на грудзі, толькі на вуснах і ў роце стала лепш і нешта жалезна-цвёрдае дробненька стукала аб зубы. Валока расплюшчыў вочы — у зрок ударыла рассыпчатая яркасць іскраў; яны гойдаліся, скакалі на адным месцы ля самага яго твару, але не пяклі. Пасля ён сцяміў, што ўсё гэта адбівалася ў вадзе. Аднекуль здалёк да слыху даходзілі словы:
— Трынкен, Іван! Трынкен!
Ён глытаў доўга, многа, зубы ўсё ляскалі аб край нейкай пасудзіны, а ў свядомасці коратка і выразна бліснула ява — ён згадаў, дзе ён і хто з ім. «Немец! Фрыц!» На момант адарваўшыся ад вады, ён зірнуў угору, — над ім мільгала ў кулаку запальнічка і расплываўся ў нейкай недарэчнай ухмылцы страшны, тупы ад таго, што быў незвычайна падсветлены знізу, твар з вялікімі і валасатымі ноздрамі, брывастым ілбом, пад якім лыпалі выпуклыя жаўтлявыя бялкі вачэй. Вочы, аднак, таілі ў сабе лагоду і спагадлівасць, і гэта супакоіла байца.
— Трынкен, Іван. Трынкен…
Ён зноў апусціў голаў да пасудзіны; у глыбіні яе, у вадзе, гойдаўся агеньчык ад запальнічкі. Чамусьці Валоку зрабілася блага — ён хіснуўся ад вады, Фрыц штосьці сказаў, пабурчаў і прыбраў ваду ўбок.
Баец сцішыўся ў доле, так яму стала лягчэй — спякотны жар уняўся, толькі галава, плечы і нешта ўсярэдзіне тупа балелі. Ён зноў заплюшчыў вочы, аддаючыся спакою, і раптам прахапіўся ад думкі — дзе аўтамат? Чалавек ірвануўся з долу — немцавы рукі адразу прытрымалі яго, настойліва паклалі назад, і Валока ў нейкім раптоўным прасвятленні здзівіўся з самога сябе: было ад чаго палохацца, калі цяпер ён у поўнай уладзе гэтага немца. I ён адчуў нейкую сталую прыязнасць да яго, быццам яны знаёмы былі ўвесь век і цяпер сталі самыя найбліжэйшыя адзін аднаму і самыя патрэбныя. I таму — прэч усе падазрэнні, засцярожлівасць, недавер! Усё, што стала над іх чалавечаю сутнасцю, — усё, наслоенае іх нацыянальнаю рознасцю, палітычнай варожасцю, вайной, — усе гэта, аддзеленае ад іх магільнаю тоўшчай руін, засталося там, наверсе, у беззваротным мінулым. Два гэтыя пажылыя, труднага лёсу працаўнікі былі тут людзі і толькі дбалі пра тое, як абодвум застацца жывымі дзеля іх сем'яў, мірнае справы, дзеля самых звычайных і незаменных чалавечых радасцей.
Валока памацаў рукой немцава калена побач іслаба паціснуў яго. Фрыц жыва адгукнуўся, падняў яго руку, таксама далікатна паціснуў яе ля локця і асцярожна паклаў на дол. Тлумачыць адзін аднаму нічога не трэба.
Пасля баец сціх і забыўся. Клопат яго знік, боль крыху прыціх, але нейкія ўнутраныя пакуты працягваліся. Невядома, ці гэта быў сон, ці трызненне хворага, толькі пакутныя здані і прывіды доўгі час не пакідалі яго.
Неяк ён убачыў сябе ў Брэслау, на гарадской ускраіне ў садку, дзе з тыдзень да наступлення перафарміроўваўся іх полк. I быццам яшчэ не было гэтага наступлення, але ўжо ўсё, што здарылася цяпер з ім, стала мінулым, і Валока не стараўся зразумець, чаму гэта так. I быццам быў жывы камбат Папрэнка, забіты яшчэ пад Оршай; ён выклікаў Валоку ў штаб, і баец з цяжкім сэрцам прыйшоў у бліндаж, хоць ведаў, што ў Брэслау штаб батальёна змяшчаўся ў ладным катэджы з балконамі, а не ў бліндажы. Але ў бліндажы чамусьці аказаўся не камбат Папрэнка, а капітан Воранаў. «Ну што, нямецкі шпіён?» Такім папрокам сустрэў ён Валоку, хапіў яго за плечы, здзёр пагоны, потым пачаў настаўляць пісталет у кружочкі медаляў на ягоных грудзях. «Немца хаваў? Ворага тытунём частаваў? Чаму не забіў?»
Валока вельмі хацеў вытлумачыць, што і як сталася з ім у гэтым склепе, але мову ў яго адняло, і ён адчуваў, што зараз будзе пагібель. I сапраўды, Воранаў стрэліў, але болю Валока не адчуў і тады здагадаўся: медалі. Медалі яго ўратавалі ад кулі. Але ў той жа час у Воранава замест пісталета апынулася супрацьтанкавае ружжо — гэта ўжо была пэўная смерць.
«Здраднік! Пракурыў Радзіму? Вышэйшую меру табе!» — гучалі страшныя словы, і Валока азірнуўся ў пошуках выйсця. Але раптам аказалася, што ззаду роўнае поле, Воранаў некуды знік, і ён, Валока, як у даўнія, даваенныя часы, сядзіць у вясновы дзень на краі баразны, паставіўшы босыя ногі на мяккі вільготны глей. Побач шнурком сядзяць калгаснікі, яго аднавяскоўцы, у барознах адпачываюць коні, а ззаду, па раллі, клюючы вялікіх белых чарвякоў, скачуць гракі. Усе кураць, жартуюць, снедаюць тым, што папрыносілі ім дзеці і жонкі, п'юць квас. Валоку таксама вельмі хочацца піць, але сняданка яму ніхто не нясе, бо яго дом чамусьці далека адсюль. Ён адзін тут вайсковец, на ім салдацкія галіфэ і гімнасцёрка, толькі яна без дзягі, якая разам з аўтаматам і скаткай ляжыць воддаль на раллі, і на скатцы сядзіць вялікі, нейкі нерухомы чорны грак. Усе смяюцца і кураць, а Валока ведае, што яму ўжо сняданка не будзе, бо ён асуджаны да смяротнае кары, і што ўсё тое, што ляжыць пад граком, ужо здадзена старшыні, які зняў яго і са сталавання.
Читать дальше