Яна паўзла доўга, амаль цэлую вечнасць, раз-пораз губляючы памяць. Часам удары болю з такой лютай ярасцю праціналі яе бок і спіну, што яна знямогла замірала на месwы, доўга не адважваючыся варухнуць ні рукой, ні нагой. У галаве яе нешта балюча разломвалася — здавалася, там выдзіралі мазгі, але да болю ў галаве яна прывыкла ўжо. Горш было з болем у баку, які падпільноўваў яе кожную секунду біў пад дых, варта было неасцярожна варухнуць левай нагой. Гэта быў подлы і люты боль, і Зоська баялася, што ён не дасць ёй дапаўзці да вёскі.
Але яна павінна ўсё ж дапаўзці. Думка пра Антона мацней за ўсё іншае гнала яе ў Княжаводцы. Яна разумела, што можа хутка сканаць, але перш яна павінна папярэдзіць сваіх пра гэтага здрадніка. Інакш ён вернецца ў Ліпічанку, улезе ў давер к камандзіру і зноў прадасць некага ў зручны для таго момант. Прадаць, ашукаць, наздзекавацца яму нічога не варта, бо для яго не існуе маральных законаў, ён заўжды будзе такі, якім яго павернуць абставіны. А абставіны на вайне — рэч дужа зменлівая, і такі ж зменлівы паміж іх будзе Галубін.
Але чаму ён такі? Ці, можа, такі ён нарадзіўся, пераняўшы характар продкаў? Або яго гэткім зрабіла жыццё? Але хіба ягонае жыццё было горшае, чым жыццё Зоські з яго паўсядзённаю працай дзеля кавалка чорнага хлеба, у малазямеллі, пры класавым і нацыянальным бяспраўі? Але так жыла тут большасць тутэйшых людзей, і кожны самы забіты бядак з Богам забытай вёскі ведаў, што нельга рабіць супраць сумлення, нельга ісці супраць сваіх. Чаму ж Галубін не засвоіў гэта?
Зоська нясцерпна пакутавала ад болю, душэўныя пакуты, аднак, дапякалі не менш. У яе не было ніякай упэўненасці, ці дапаўзе яна да ваколіцы, ці дачакаецца нарэшце людзей. Але ёй вельмі патрэбны цяпер былі людзі, толькі яны маглі памагчы ёй. Было б жахліва ў адносінах да сябе, маці, таварышаў, якія паслалі яе з лесу, пайсці і не вярнуцца, як не вярнуўся з задання іх першы камандзір Кузняцоў, не вярнулася, загадкава недзе прапаўшы, група Сураўца, ніколі не вернецца забіты на «жалезцы» Салей, ды і ці мала іншых. Не, яна павінна сабраць у сабе ўсе сілы, не паддацца смерці і вярнуцца ў лес. Хаця б для таго, каб расказаць, што з ёй здарылася і чаму яна не магла зрабіць тое, што павінна была зрабіць.
Яна памятала: вёска была зусім блізка ад грушы, але не ведала, колькі яна прапаўзла ў гэтым снезе. Вецер усё сыпаў і сыпаў снежнай драбнотай, замятаючы яе след у полі, але зусім замяце яго ён, напэўна, не хутка. А раптам сюды вернецца Антон? — жахнуўшыся, падумала Зоська. Вернецца, каб дабіць яе — гэта зусім лагічна. I так дзіўна, што ён не прыкончыў яе, можа, палічыў мёртвай? Ці спяшаўся ўцячы?
Зоська кепска бачыла адным левым вокам, ды і было цёмна. Боль у галаве не даў ёй павярнуцца, і яна толькі прыслухалася, прыціхшы на снезе. Але, апроч ветраных парываў і звыклага шуму завеі, побач, здаецца, нічога не было чуваць.
Часам яе цягнула ванітаваць, як пасля чаду, свядомасць зноў пачала цямнець, і яна падумала, што, мабыць, не дапаўзе. Мабыць, тут і застанецца. Але пакуль яна яшчэ нешта магла, яна з апошніх сіл пасунула сябе ў рыхлым снезе адзін, другі, трэці раз і знерухомела. Наперадзе ў завейным паўзмроку штосьці цямнела, але, трацячы прытомнасць, яна не паспела разгледзець што. Патрэбна была доўгая пакутная паўза, перш чым прытупіўся боль у баку, і, трохі збочыўшы галаву, яна ўбачыла перад сабой плот. Парныя калы з жэрдкамі-перакладзінамі ламанай лініяй беглі ад яе да вёскі. Гэта была летняя агародка ў канцы гародаў, значыць, хаты ўжо блізка. Зоська ўзрадавалася свайму адкрыццю, нібы прадвесцю яе паратунку, і, зрабіўшы вялізнае намаганне, дасягнула нарэшце крайніх калоў плота. Каб памагчы сабе прапаўзці яшчэ трохі, яна ўхапілася за тонкі канец ніжняй жэрдкі, і той з ціхім хрустам зламаўся. Болей сілы ў яе не засталося. Збянтэжаная няўдачай, яна паляжала трохі і, прыўзняўшы ў руцэ абломак, ударыла ім па жэрдцы вышэй. Яе ўдар глуха аддаўся ў начной цішы, і ў той час дзесьці зводдаль пачуўся ўстрывожаны брэх сабакі.
Зоська ўнутрана трапятнулася — гэта была ўдача, яна прыўзняла палку і пастукала некалькі разоў мацней. Сігнал яе, мабыць, перадаўся па плоце, і, здалося, брэх пачуўся бліжэй. «Брашы ж, брашы, мілы сабачка! — падумала Зоська. — Брашы. Можа, цябе пачуюць…»
У шчаслівай упэўненасці, што дапаўзла і што зараз да яе нехта выйдзе, яна ўся абвяла і надоўга страціла прытомнасць.
Назаўжды расквітаўшыся з Зоськай, Антон адчуў у сабе палёгку, амаль душэўшы спакой, быццам скінуў са спіны цяжар, які доўга не даваў спакою. Цяпер сведак больш не было, ніхто не мог ведаць пра яго намеры, яго грэшную спробу ўцячы ад вайны. Ён зноў быў чысты, сумленны, бязгрэшны ў адносінах да радзімы, людзей і сваіх таварышаў. Падагрэты яшчэ не астылаю злосцю на Зоську, ён не адчуваў вялікіх згрызот сумлення — падумаеш, забіў дзеўку! На свеце, дзе ішла вайна і кожны дзень забівалі тысячы, дзе кожную хвіліну маглі забіць яго самога, гэта маленькае забойства зусім не здавалася яму злачынствам — забіў, бо іначай не мог. Загінула праз дурны свой характар, які ў такіх вось абставінах рана ці позна прывёў бы яе да магілы. Калі б не застрэліў Антон, яе ўсё роўна застрэлілі б немцы, вырваўшы ў дадатак сякія-такія партызанскія звесткі — каму было б лепш ад гэтага?
Читать дальше