— Не перабежкамі, японскі гарадавы, а на пузе! Па-пластунску, ясна? — злосна паправіў яго сяржант.
— Можна і па-пластунску. Лепш за ўсё па канаве.
— Па канаве, вось іменна. Значыць, так! — азірнуўся сяржант. — Я іду наперадзе. За мной — ты! — паказаў ён на Антона. — Пасля Пашка і ты, — тыцнуў ён пальцам у Зоську. — Салей, будзеш апошнім. У выпадку чаго — агонь і рыўком у лес. Панятна?
— Ясна! — ранейшым тонам за ўсіх адказаў Антон. Яны павярнулі між соснаў управа і, не выходзячы на ўзлесак, накіраваліся да чыгункі. У хвойніку іх не было відаць, але хвойнік не дапяў да чыгункі, узлесак неўзабаве павярнуў убок, наперадзе быў голы кавалак поля, які трэба было пераходзіць у адкрытую. Сяржант раздражнёна памянуў японскага гарадавога, пачакаў, і Зоська падумала: пашле кагось наперад. Але не паслаў. Азірнуўшыся па баках і трошкі ўгнуўшы галаву памчаўся па полі сам. За ім, таксама ўвабраўшы галаву ў плечы, шырока засігаў па снезе Антон. Пашка-таўстунок памарудзіў, мабыць, болей, чым трэба было, і калі сяржант ужо дабег да чыгункі, па-бабску валюхаючы задам, патрухаў па свежых слядах. Зоська не стала чакаць, калі ён адбяжыць далёка, і пабегла за ім. Хаця і было далекавата, але яна ўжо згледзела за насыпам коней, калёсы, што стоўпіліся каля такога ж хвойнага ўзлеску, там жа відаць было некалькі чалавечых постацей, але адсюль зразумець, што яны рабілі, было немагчыма. Тым не менш з дарогі, здаецца, іх не заўважылі, яны ўсе перабеглі ад хвойніку да чыгункі, не пачуўшы ні крыку, ні стрэлу. Быццам пакуль усё абышлося… Здаецца, і сапраўды абышлося. Зоська зразумела гэта з палёгкай, калі сама дабегла да калючых кусцікаў прыдарожных прысадаў і калі туды ж, быццам і не надта гнучыся, толькі прыгорбіўшыся, прытрухаў Салей. Сяржант бокам ляжаў на снезе і жэстам паклаў ля сябе астатніх.
— Усё ціха? Так… Цяпер на кароткіх дыстанцыях…
Не шмат разважаючы, ён ускочыў на ногі і памчаўся ўздоўж па канаве, за ім памчаўся Антон. Зоська адчула, як мацней забілася сэрца ці то ад знямогі, ці, можа, таму, што небяспека ўсё павялічвалася — цяпер ім належала праслізнуць пад самым носам у немцаў. Ох, калі ды заўважаць! Сапраўды, была б хоць зброя, а то… Хіба што пакажа сваё ўмельства гэты занудны сяржант. Наколькі ён быў ёй несімпатычны раней, настолькі цяпер браў на сябе ўсю надзею.
Можа быць, які кіламетр яны, дужа ўгнуўшыся, беглі ўздоўж невысокага насыпу. Але вось насып нарэшце зраўняўся з полем, а галоўнае, скончыўся хмызнячок прысадаў, сяржант упаў грудзьмі на бераг канавы, і яны ўсе пападалі на яго. Яны не адважваліся зірнуць цераз насып і толькі слухалі, але быццам па той бок чыгункі іх яшчэ не заўважылі. Што ж, наперадзе было самае труднае — трэба было паўзці.
Рыхлы неглыбокі снег заняўся пад ранак тоненькай хрумсткай скарынкай, якая, аднак, балюча рэзала счырванелыя Зосьчыны рукі; яе спаднічка і калені вельмі хутка змакрэлі, але яна не адчувала сцюжы. Ёй нават зрабілася душна пад цёплаю хусткай, дзяўчына ссунула яе на патыліцу і ледзьве спраўлялася за порстка мільгаўшымі ў канаве Антонавымі ботамі, баючыся адстаць і тым парушыць парадак. Зноў жа ззаду ўвесь час на яе насядаў Пашка — яна разы два азірнулася, і яго потны твар аказаўся ля самых яе ног. Далей за ім, валюхаючы аснежаным, у армяку задам, варушыўся Салей.
Так, уткнуўшыся тварам у снег і нічога не бачачы навакол, яны прапаўзлі з паўкіламетра, і Зосьцы пачало ўжо здавацца, што яна болей не вытрывае. У грудзях яе гарэла ад стомы, спіна, плечы і жывот — усё аблівалася ліпкім гарачым потам. Збоку зноў пачаліся рэдзенькія кусцікі, здаецца, ужо недалёка быў хвойнік, калі яна ледзь не налезла ў канаве на нерухомы Антонаў бот і сама знерухомела таксама. Толькі яна ўзрадавалася нечаканаму перапынку, як сяржант, азірнуўшыся, ярасным шэптам кінуў: «Хутка! Упярод!» — і боты Антона замільгалі з такой быстрынёй, што яна адразу адстала. З усяе сілы перабіраючы рукамі і размазваючы каленямі гразь пад снегам, яна кінулася за ім, балюча выцялася каленам аб нейкі камень у снезе, сцяла зубы ад болю. I ўсё ж яна адставала. Яна адчувала блізкую, затоеную да пары небяспеку і разумела, што трэба хутчэй. Але хутчэй яна не магла. Яна толькі закусіла вусны, калі, ткнуўшы ў яе нагой, з нейкай незразумелай паспепшасцю цераз яе перакуліўся Пашка, яна думала: перакуліцца яшчэ і Салей, і падрыхтавалася застацца апошняй. Але Салей не абмінаў яе, ён упарта поўз ззаду. Антона яна ўжо і не бачыла, яна безнадзейна адставала і, каб пераканацца, што гіне, набралася рашучасці і зірнула з канавы.
Читать дальше