Ён узяў з яе рук акраец чэрствага, як камень, хлеба і чатыры звараныя ў лушпінах бульбіны, распіхаў іх па кішэнях, акрайчык засунуў за пазуху.
— Ну? Пойдзем. Можа, яшчэ што натрапіцца.
Доўга і амаль навобмацак яны ішлі па голай раўніне поля. Снег, не перастаючы, валіў і валіў у сырых прыцемках. Калені, рукавы і ногі ў Зоські даўно былі мокрыя, і яна думала: хоць бы не прамок сачак, дзе тады пасушыцца? Антон моўчкі з падвойнай энергіяй крочыў і крочыў кудысьці, можа, ведаючы куды, а можа, проста ў ноч, наўздагад. Зоська хацела папрасіць яго збавіць гэты непасільны для яе тэмп, але не адважвалася. Ён і тут ведаў мясцовасць лепш за яе, а галоўнае — лепш арыентаваўся ў гэтай снегавой прасторы, і яна з усяе сілы старалася ад яго не адстаць. Яна прытрывалася ўжо да ветру і не звяртала ўвагі на снег, а толькі ўгінала ніжэй галаву, калі твару рабілася невыносна ад сцюжы. Перад яе вачыма ўсё стаяла жалобная сцэна начных хаўтур на тым хутары. Не першы раз бачыла яна за вайну, як хаваюць нябожчыка, але такія мірныя, «жаночыя» хаўтуры ёй давялося бачыць упершыню. I, здаецца, ніхто там не галасіў, не плакаў, усе засяроджана, з глыбокай верай маліліся, быццам разам рабілі нейкую важную, хоць і малавясёлую справу. I ні аднаго мужыка — толькі бабы. Не, Зоська проста палохалася такіх хаўтур, яны ўражвалі яе сваёй нязвыклай будзённасцю. I, можа, упершыню яна раптам падумала: а якія наканаваны ёй, Зосьцы?
Але не, ёй рана думаць пра тое, у яе труднае, на некалькі дзён распісанае заданне. Трэба наведацца ў Скідзель і яшчэ ў два хутары, з’ездзіць у Гродна. Можа быць, пашэнціць пабачыць матулю. Ёй трэба яшчэ шмат куды паспець у жыцці, навошта думаць пра пахаванне?
Аднак яна зноў адстала. Невыразна-расплывісты цень Антона ледзьве ўгадваўся ў ветравым прыцемку, злева цягнулася сцяна хваёвага лесу, і Зоська падумала: няўжо прыйдзецца паварочваць у лес? У лес яна не хацела, ёй лепш было ў гэтым завейным полі, чым у змрочным, шумлівым, загадкавым і страшным лесе. Чвякаючы дашчэнту раскіслымі ботамі, яна пабегла за Антонам, які спыніўся і даў ёй падбегчы поруч.
— Бачыла? Бачыла, куды мы зайшлі?
Нізка насунуўшы на вочы шапку, ён паказваў на лес, які няроўным узлескам адварочваў кудысьці ўлева, а наперадзе перад імі цягнулася крывулястая чарада кустоўя і невысокіх дрэў, падобная на прысады дарогі. Каб зразумець нешта, Зоська моўчкі ўгледзелася ў падслепаваты снегавы прыцемак.
— Лес?
— Ды не лес. Котра, глядзі.
— Котра?
— Ну. Во куды выйшлі. Трэба было правей. Цяпер такога крука даваць…
Зоська маўчала. У яе нутры ўсё апала ад гэтай нечаканай весткі — сапраўды, калі тут рэчка Котра, дык яны надта адышліся ўбок і даўно прамінулі Скідзель.
— Цяпер у Скідзель прытупаем ранкам, не інакш, — сказаў Антон.
— Мне ноччу трэба.
— Ноччу, канешне, лепей. Але ноччу ўжо не паспеем. Не, у Скідзель яна не магла прыйсці ўдзень, калі яе пазнае першая цётка на вуліцы, ёй трэба было ў цемры зайсці з боку Азёрскай шашы, знайсці крытую гонтай хату пад ліпай і пастукаць у другое акенца ад вуліцы.
Хвіліну пастаяўшы на ветры, яна адчула лёгкія дрыжыкі ў целе, усё ж сачак яе, напэўна, стаў прамакаць, тым болей што снег пачаў брацца імжой, усё ўжо на ёй было мокрае з хусткі да ног. Антонаў кажух таксама пацямнеў ад макрэдзі, хаця Антон, здавалася, не звяртаў жаднай увагі на непагадзь. Далонню ён абыякава выцер сцюдзёныя кроплі з твару і трубна смаркануўся на снег.
— Ладна. Давай жмі за мной, — сказаў ён, крута павяртаючыся ўправа, у мокрую цемру поля, з якой усё несла і несла па ветры, не зразумець ужо чым — дажджом або снегам.
Пераборваючы ў сабе лёгкую прыкрасць на Антона, які ўсё ж заблудзіўся, Зоська павалаклася следам. Хада па змакрэлым снезе адбірала апошнія сілы, снег ліпнуў да ботаў, мясцінамі яго наваліла шмат, і яна чэрпала яго халяўкамі; схаладнелыя ногі нават на хадзе ўжо не грэліся. Разважыўшы, аднак, Зоська рашыла, што крыўдаваць на Антона не трэба: пры такой завеі ды бездаражы няцяжка заблудзіць кожнаму. Ва ўсякім выпадку яна магла наогул зайсці невядома куды, бо арыентавалася заўжды кепска і ў дзяцінстве часцяком блудзіла па лесе, калі збірала з бабамі ягады. Праўда, там можна было пагалёкаць, паклікаць мамулю або знаёмых скідзельскіх цётак, тут жа не пагалёкаеш, і ніхто табе не адгукнецца. Тут уся надзея на Антона, і добра яшчэ, што ён зразумеў памылку і ведаў, як яе выправіць.
Здаецца, ён сапраўды разумеў, куды трэба ісці далей, бо не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў спыніўся каля нейкіх кустоў, пачакаў Зоську.
Читать дальше