— Так, — сказаў ён, перавязаўшы руку. — Трэба адбіваць траншэю. Інакш яны нас выб'юць адсюль.
— З кім адбіваць? — змрочна сказаў Маркін.
— З кім ёсць. Трэба сабраць усе гранаты. Можа, нямецкія гранаты засталіся?
— Нямецкіх тут поўна, — заварушыўся ў куце паранены. — Во, цэлая скрынка.
— Ану давайце яе сюды.
Валошын вылез у траншэю — зверху на схілах усё калаціліся выбухі і сцябалі зверху ўніз кулямёты, не даючы ротам падняцца. Ротам трэба было тэрмінова дапамагчы адсюль, каб тыя пасля маглі памагчы ім. Толькі з'яднаўшы ўсе намаганні, яны маглі ўратаваць сябе і чагось дабіцца. Раз'яднанасць была раўназначна пагібелі.
Байцы ўжо перакапалі траншэю, зрабіўшы ў ёй невысокую, да пояса, перагародку, і Валошын скамандаваў:
— Стоп, болей не трэба. Усім запасціся гранатамі. Вунь у бліндажы гранаты.
Позіркам ён падлічыў байцоў. Ля перагародкі іх засталося шасцёра, двух ён адправіў за кулямётам, якога ўсё не было, плюс двое іх, камандзіраў; параненыя ў бліндажы, вядома, ім не памочнікі. Але і без раненых іх назбіралася болей дзесятка. Калі скарыстаць гэтую незразумелую паўзу і з дапамогай гранат ударыць уздоўж па траншэі, можа б, і ўдалося прабіцца да вяршыні, каб заткнуць горла таму буйнакалібернаму кулямёту, які сарваў усю справу. Тады магчыма, паднялася б сёмая з рэштаю восьмай.
Байцы таропка разабралі ў падзеленай на соты жоўтае скрынцы нямецкія гранаты з доўгімі драўлянымі ручкамі, парожнюю скрынку піхнулі ў засланую саломай і засыпаную гільзамі ячэйку нямецкага кулямётчыка. Валошын апусціўся на гэтую скрынку.
— Што, будзем штурмаваць траншэю? — запытаў Круглоў. Валошын затрымаў погляд на энергічным, нягледзячы на перажытае, твары камсорга.
— А што ж застаецца, лейтэнант? Лепш штурмаваць, чым драпаць. Як вы лічыце?
Камсорг падышоў бліжэй і апусціўся на кукішкі, прагна дасмактаў нямецкую цыгарэту.
— Баюся, мала сілы, капітан. |
— Болей не будзе. Падавім кулямёт — паднімуцца роты. Круглоў ткнуў у зямлю і прытаптаў ботам акурак.
— Калі падавім. I калі паднімуцца.
Гэта, безумоўна, уся вайна — калі. Магчыма, ім нічога і не ўдасца. Але адысці з гэтай вышыні пасля такіх ахвяр і намаганняў ён проста не мог, бо ўсё паўтарыць спачатку ні ў яго самога, ні ў батальёна ўжо не было сілы. Сядзець жа, нічога не робячы, азначала ўступіць ініцыятыву немцам, якія, вядома, не замарудзяць яе і выкарыстаць. Значыць, трэба паспрабаваць. Трэба адбіць хоць бы палову траншэі.
— Што ж, зразумела, — сказаў Круглоў і, устаючы, нягучна скамандаваў байцам: — Падрыхтавацца да штурму!
Усе ў рад яны пасталі каля павароткі з левага боку траншэі. Наперадзе стаяў лейтэнант Круглоў, за ім прыціснуўся да сцяны Валошын, затым Чарнаручанка і астатнія. Перад рыўком на хвіліну замерлі, прыслухаліся. З-за бартоў шынялёў, з кішэняў ватовак, з-пад дзяг у байцоў густа тырчалі драўляныя ручкі гранат, твары ва ўсіх былі напружаныя і рашучыя. Нічога, аднак, не ўчуўшы праз грымотныя выбухі ў полі, Круглоў, па нядаўняму прыкладу Валошына, зняў з галавы каску і шпурнуў яе за калена. Але ніякай чаргі адтуль не раздалося, і камсорг першы кінуўся за паваротку; за ім, прыгнуўшыся, пабеглі байцы. За павароткай, аднак, нікога не аказалася — разбітая снарадамі, засыпаная зямлёй, траншэя была пустая. Яны дабеглі да наступнай яе павароткі і зноў усе спыніліся. Пачатак як быццам аказаўся ўдалы. Круглоў задаволена, амаль узрадавана, зірнуў на Валошына, які, аднак, адказаў яму па-ранейшаму заклапочаным позіркам — яму гэта спадабалася менш. Немцы кудысь зніклі, але не маглі ж яны кінуць траншэю, нехта павінен прыкрыць іх кулямёты, значыць, яны дзесьці тут. За каторым каленам толькі?
Байцы мінулі яшчэ дзве-тры павароткі і нерашуча спыніліся — траншэя падзялялася на дзве, адна ішла ў ранейшым кірунку, а другая пад вострым вуглом забірала ўбок і вышэй. Валошын позіркам паказаў Круглову на тую, што адгаліноўвалася ўбок, а сам сігануў прама.
Ён зрабіў усяго тры крокі і, скалануўшыся, рэзка азірнуўся — ззаду пачуўся вокрык, і ў тое ж імгненне два гранатныя выбухі абдалі яго пяском, смуродам і дымам. Чарнаручанка, які бег следам, размахнуўся гранатай, але кінуць яе не паспеў — з-за павароткі ў іх бок спалохана матлянуліся два байцы, у спіну якім горача пыхнула з аўтамата. Запырскаўшы камякамі гліны, кулі густа падзяўблі гладкую сцяну траншэі. Пасля грымнула далей, і Валошын зразумеў, што гэта кінулі гранаты байцы. Тады ён вырваў з рукаяткі шнурок і разам з Чарнаручанкам таксама кінуў гранату. Здвоена ляснуўшы запаламі, гранаты зніклі за брустверам, і яшчэ да таго, як яны выбухнулі там, з-за павароткі вываліўся збялелы, без шапкі, у распораным на плячы паўшубку Круглоў.
Читать дальше