Як аддаляе нас адзiн ад аднаго наш унутраны свет! Памiж мною i гэтай дзяўчынай стаяць яе лятункi — як жа адолець такую перашкоду? Што я магу ведаць пра дзяўчыну, якая нетаропка вяртаецца дадому, гледзячы сабе пад ногi i ўсмiхаючыся сабе самой, перапоўненая марамi i жаданымi мроямi? З нявыказаных думак, са слоў i маўчання свайго каханага яна здолела стварыць уласнае царства, дзе пануе толькi ён, а ўсе астатнiя для яе цяпер — проста варвары. Яна за два крокi ад мяне, але яна ўся ў сваёй таямнiцы, у сваiх пачуваннях, у спеўным водгуллi сваiх успамiнаў, i ад гэтага яна так далёка ад мяне, нiбыта мы жывём на розных планетах. Толькi ўчора народжаная вулканамi, зялёнымi лугамi цi салёнай прорвай марскою — сёння яна ўжо амаль багiня.
Пунта Арэнас! Я прыпiраюся плячыма да камянёў фантана. Падыходзяць бабулi, бяруць ваду, iхняя доля — цяжкая праца прыслугi; толькi гэта i адкрыецца мне ў iхнiм лёсе. Прыхiлiлася галавой да сцяны i моўчкi плача дзiця; толькi гэта я пра яго i запомню: слаўнае, навек несуцешнае хлапчанё. Я тут чужы. Я анiчога пра iх не ведаю. Мне няма доступу ў iхнiя ўладаннi.
На якой маленечкай сцэнцы разыгрываецца гэты гiганцкi спектакль чалавечых радасцей, нянавiсцей, сяброўстваў! Адкуль бярэцца ў людзей гэтае пачуццё вечнасцi, калi яны, рызыканты, сёння стаяць на яшчэ цёплай лаве, а iм пагражаюць ужо заўтрашнiя пяскi, пагражаюць снягi? Iх жа цывiлiзацыя — толькi кволая аздоба: загаворыць вулкан, нахлыне мора, дыхне пясчаная бура — i яны знiкнуць без следу.
Гэты горад, вiдаць, раскiнуўся на шчодрай зямлi, мяркуюць, што слой глебы тут глыбокi, як у правiнцыi Бос*.
* Бос — вобласць у Цэнтральным масiве (Францыя).
Людзi забываюць, што жыццё i тут i ўсюды — гэта раскоша i што нiдзе няма дастаткова трывалага грунту пад нагой чалавека. I доказам гэтаму — адно вядомае мне азярцо за дзесяць кiламетраў ад Пунта Арэнас. Акаймаванае каравымi дрэўцамi i нiзкiмi хацiнкамi, не возера, а мiзэрная лужына пасярод сялянскага падворка, дый годзе, — яно богведама чаму падвержана прылiвам i адлiвам. Усё вакол так мiрна i звычайна, палымнеюць кусты руж, бавяцца дзецi, а яно слухмяна падначалена нейкiм iншым законам, i нi ўдзень нi ўначы не замiрае яго размеранае дыханне. Пад соннай роўняддзю вады, пад адзiным рассохлым чоўнам нястомна шчыруе месяцавая энергiя. Чорнае прадонне азярка жыве адным жыццём з морам. Навокал да самага Магеланавага пралiва пад лёгкаю посцiлкай травы i кветак усё так дзiўна ўзаемазвязана i ўзаемазалежна. I вось — горад, ён, здаецца, надзейна збудаваны на абжытай зямлi, ты лiчыш яго сваiм домам, — а каля самага парога, у лужыне шырынёй ледзьве ў сотню метраў, б'ецца пульс мора.
Мы жывём на планеце-вандроўнiцы. Час ад часу дзякуючы самалёту яна паказвае нам вытокi свайго паходжання: лужына вады ў залежнасцi ад стану поўнi выяўляе патаемныя радаводныя сувязi, — але я напатыкаў i iншыя прыкметы.
Калi ляцiш над ускрайкам Сахары, памiж Кап-Джубi i Сiснеросам час ад часу напатыкаюцца плато ў форме конусавых пнёў дыяметрам ад некалькiх соцень метраў да трыццацi кiламетраў. Вышыня iх наўздзiў нязменная — трыста метраў. Але, апрача гэтай аднолькавасцi ўзроўню, усе яны маюць адзiн i той жа колер, адну i тую ж структуру, адну i тую ж форму сваiх абрывiстых схiлаў. Быццам калоны, якiя, адзiнока вытыркаючыся з пяску, яшчэ акрэслiваюць цень даўно зруйнаванага храма, гэтыя разрозненыя слупы сведчаць пра вялiзнае плато, якое некалi лучыла iх.
У тыя гады паветраная сувязь памiж Касабланкай i Дакарам толькi наладжвалася, нашы машыны былi яшчэ недасканалыя i ненадзейныя, i калi мы цярпелi аварыю, выляталi на пошукi таварышаў цi на выручку, нам часта даводзiлася прызямляцца ва ўладаннях няскораных арабаў. А пясок здрадлiвы: здаецца, будзе дастаткова цвёрда, а сядзеш — i вязнеш. Старажытныя саланчакi з выгляду трывалыя, як асфальт, i звонка адгукаюцца пад нагамi, але пад коламi самалёта таксама падчас асядаюць. Белая солевая скарынка трэскаецца, i самалёт правальваецца ў чорную смуродную багну. Вось чаму, калi дазвалялi абставiны, мы аддавалi перавагу роўнядзi гэтых плато: яны нiколi не затойвалi пастак.
Парукай бяспекi быў зляжалы моцны зярнiсты пясок — агромнiстае радовiшча драбнюткага ракушнiку. Ён быў абсалютна цэлы на паверхнi плато, але пры спуску ўнiз па адхоне можна было прасачыць, як ён паступова крышыўся i сплюшчваўся. У сама старажытным пласце, у аснове масiву гэта быў ужо чысты вапняк.
Аднойчы, калi нашых таварышаў Рэна i Сера захапiлi ў палон мяцежныя арабы, я прызямлiўся на адной з такiх пляцовак, каб высадзiць маўра, пасланага для перагавораў, i стаў шукаць з iм, дзе б яму сысцi ўнiз. Але з усiх бакоў наша тэраса цяжкiмi складкамi крута абрывалася ў бездань. Спуск быў немагчымы.
Читать дальше