Адзін са здымкаў прадстаўляе Ядвігу-Эмілію, яе мужа і сына Казіміра каля матацыкла. Маці дарослага сына, гэтая жанчына захоўвала стройнасьць і дзявочую фігуру. Здымак прадстаўляе яе на матацыкле, які ў тыя часы зьяўляўся сымбалям дастатку і тэхнічнага прагрэсу.
Эдвард, Казімір і Станіслаў Тарасовічы,1939 г. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх…
20 сакавіка 1939г. памерла Ядвіга-Эмілія, яна была пахаваная ў Варшаве на Павонзках. Пасьля верасьня 1939 г. па прыходзе савецкіх войскаў Эдвард Тарасовіч і яго сын Станіслаў былі арыштаваныя ў Вільні. Невядома толькі ці ў 1939 г., ці ў 1940—1941 гг. Па другой вэрсіі ён быў арыштаваны разам з маці Ядвігай. Эдвард Тарасовіч памёр ад дызэнтэрыі 8 верасьня 1941 г. у лягпункце №47 лягернага комплексу Севуралляг Сьвярдлоўскай вобласьці Расійскай фэдэрацыі. Лёс яго маці Ядвігі невядомы.
Станіслаў апынуўся ў ваколіцах Ташкента, пасьля патрапіў у войска Андэрса. Ваяваў пад Монтэ-Касіна. Пасьля вайны патрапіў у Англію, дзе сустрэўся са сваёй будучай жонкай Марыен-Элан (нар. у 1932г.). Хутка сям'я пераехала ў канадзкі Манрэаль. Станіслаў Тарасовіч пачаў выкарыстоўваць англізаваную форму свайго імя і прозьвішча – Стэнлі Дэ Тэры. Працаваў графікам. У 1987г. прыяжджаў у Польшчу, каб сустрэцца з братам. Станіслаў памёр у Манрэалі 9 сьнежня 1992 г., дзе да гэтага часу жыве яго жонка і двое дзяцей. Дачка Джэнет у шлюбе з Лей Харысанам мае дачку Ізабэлу Доун і сына Марка. Сын Станіслава Роджар Дэ Тэры нарадзіўся ў 1963 г., жонкі і дзяцей не мае. Лей Харысан валодае ў Манрэалі фабрыкай шкла і люстэркаў, дзе працуе яго жонка Джэнет і яе брат.
Лёс Казіміра быў вельмі складаным. У 1939г. ён не патрапіў у савецкія турмы. З прыходам немцаў пасяліўся ў Луна, таму што маёнтак на той час быў ужо разрабаваны. Паколькі добра ведаў нямецкую мову, быў войтам. У часы акупацыі ў Луне дзейнічала Армія Краёва. Застава АК належала да акругі «Левы Нёман». Камэндантам заставы Луна быў падпаручнік Казімір Тарасовіч, згодна з запісамі Вітольда Карпызы, апошні ўладальнік Луна—Волі. Яго зьвесткі заснаваны на ўспамінах жыхаркі Луны Ірэны Алізар: «Казімір Тарасовіч быў у войску (пасьля экзамэну і падхарунжоўкі). У часы акупацыі нямецкай жыў у Луне (знаў бегла нямецкую мову) і быў войтам. Быў таксама камандзірам узводу АК у нашай акрузе. Тарасовіч быў уладальнікам маёнтка Воля. На пачатку 1945 г. быў арыштаваны. У лягеры працаваў як фэльчар. Да краю вярнуўся ў 1956 г. Нядаўна даведалася, што памёр». Па другіх зьвестках пасьля вызваленьня Беларусі ў 1944 г. быў арыштаваны, атрымаў 25 гадоў за супрацоўніцтва з Войскам Арміі Краявой.
Казімір і Людвіка Тарасовіч з дачкой Ядвігай. Фота з кнігі: В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст.
У 1953 г. яго выслалі ў Казахстан. Дзяўчына з Луна Людвіка Швед, якая слала ў лягер пасылкі свайму бацьку, падтрымлівала пасылкамі на працягу знаходжаньня ў лягеры і Казіміра. Ён прапанаваў ёй у лісьце выйсьці за яго замуж. Яна доўга не згаджалася, бо была простай дзяўчынай, да таго ж нянька ў дзяцінстве вывіхнула ёй лапатку, і ў яе пачаў разьвівацца горб. Але потым усё ж паехала да яго. Казімір меў адукацыю фэльчара, разам з жонкай працаваў у шпіталі ў Акчатаў. У 1955г. нарадзілася адзіная дачка Казіміра – Ядвіга-Стэфанія. Праз год сям'я атрымала дазвол на пераезд у Польшчу і пасяліліся ў сучасным Заходнепаморскім ваяводзтве. Па дарозе туды ў касьцёле вёскі Каменка каля Скідаля Казімір і Людвіка ўзялі шлюб і пахрысьцілі маленькую Ядвігу. Да пэнсіі Казімір працаваў фэльчарам, памёр у Гнезна праз месяц пасьля спатканьня з братам 17 лютага 1988г.
Ядвіга-Стэфанія скончыла філялягічны факультэт, выйшла замуж за Паўла Хэлміняка (нар. у 1956г.), мае адзінага сына Міхала-Ежы, які нарадзіўся ў 1981г. Ядвіга працуе настаўніцай польскай мовы і літаратуры ў Гнезна.
Але, калі ўспамінаць пра ўсіх уладальнікаў Луна, то трэба зноў вярнуцца да Сапегаў. А каб падзеі выглядалі больш зразумела, зірнем на Сапегаўскае радавое дрэва. Вядомы нам Аляксандр Міхал, заснавальнік радавой рэзыдэнцыі ў Дзярэчыне, меў сына Францішка, які ў сваю чаргу быў бацькам Яўстаху – паўстанцу. Яўстах Каятан Сапега з 1821 г. жыў у Англіі. Але ў лістападзе 1830 г. выбухнула Вызвольнае Паўстаньне супраць Расейскіх акупантаў. Трыццацігадовы князь пакідае маёнтак у графстве Лянкашыр, магілу жонкі Мары Патэн Больд і вяртаецца ў радавое гняздо. У раньзе падпаручніка так змагаецца з ворагам, што ўзнагароджваецца Залатым Крыжом Віртуці Мілітары (Вайсковага Гонару). Не толькі адвагай у баях, але, прадаўшы маёнтак у Ружанах, Яўстах Каятан грашыма падтрымлівае паўстаньне, так, як гэта зрабіла і Эмілія Плятэр. Пасьля паразы паўстаньня князь з сотнямі сваіх сяброў вымушаны падацца ў эміграцыю. Жыве спачатку ў Англіі, потым у Францыі ў гарадку Бяланкурт пад Парыжам. Назапашвае сродкі з надзеяй на новае паўстаньне, але 16 лістапада 1860 г. памірае. Пахаваны на Манмартры. Усе ўладаньні на Радзіме былі сканфіскаваны. Сьпіс вывезенага дабра з Дзярэчына ў Расею складаецца з 124 лістоў. Толькі мастацкіх палотнаў ды ўпрыгожаньняў было вывезена 303 пуда 25 фунтаў (каля 5 тон).
Читать дальше