Якаў змагаецца з Анёлам. Фрагмэнт. Хасэ Марыі Сэрт (1874—1945). Марка пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 1966 годзе
Невядомы дабраславіў Якава і даў яму новае імя – Ізраіль («які змагаецца з Богам»). З таго часу імёны Якаў і Ізраіль сталі выкарыстоўвацца ў адносінах да Патрыярха і Габрэйскага народу, як узаемазамяняемыя.
Хіба кожны чалавек перажываў у сваім жыцьці этап барацьбы з Богам. Магчыма кожны з нас быў Якавам, які змагаўся ў цемры. Магчыма, барацьба суправаджалася нейкім блюзьнерскім пэрыядам. Хто з нас не меў такіх момантаў у жыцьці, што выкрыкваў Богу ўласнае бясьсільле, адчуваньне закінутасьці, тугі звыш сіл і горыч? Хаваем гэта ў сабе. Біблія паказвае шмат такіх пэрсанажаў: Якава, Ёва, сясьцёр Лазара. Вера не ёсьць спакойным ручаём, але ўнутранай спрэчкай чалавека пра сябе, свайго блізкага і свайго Бога. Мастакі рэагуюць на гэта сваімі творамі. Мастацтва – гэта запіс духоўнай сытуацыі. Не ёсьць гэта зразумелым, што да драбязі…
Якаў змагаецца з Анёлам. Бодзіл Каалунд (1930—2016). Ілюстрацыя з новай дацкай Бібліі. Марка пошты Даніі, выдадзеная ў 1992 годзе
Ня гледзячы на ўсе хібы, у равіністычнай літаратуры прабацька Якаў разглядаецца як сымбаль габрэйскага народа, узор цноты і справядлівасьці. «Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой» (Паводле Мацьвея 5:23,24).
Адбылася сустрэча Якава з Ісавам і яны цёпла і сардэчна разышліся, ня трымаючы зла.
«Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне…» (Быцьцё 33:10).
Пад дубам каля Сіхему (Ханаан) Якаў зьнішчае ўсіх ідалаў, а ў Вэтылі, дзе яму зьявіўся Бог, ставіць Богу ахвярнік.
Прымірэньне Якава і Ісава (1624). Рубенс Пітэр Паўль (1577—1640). Дзяржаўная галерэя Шлейсхайм, Мюнхен. Персанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2014 годзе
…як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў… (Рут 4:11)
Калі Рахіль, каханая жонка Якава, нараджала другога сына, Веньяміна, яна памерла. У Бібліі аб гэтым напісана так: «І памерла Рахіль, і пахавана на дарозе ў Эфрату, гэта значыцца, Віфлеем. Якаў паставіў над магілай яе помнік. Гэта магільны помнік Рахілі да гэтага дня» (Быцьцё 35:19,20). У габрэйскай традыцыі яна стала ўвасабленьнем любячай маці.
У 2013 годзе поштай Ізраілю выпушчана марка і канвэрт першага дня (КПД), прысьвечаныя Рахілі. На марцы намаляваная магіла Рахілі, гістарычны купальны будынак і сымбалічны партрэт Рахілі. На прывесцы маркі дэталь унутранай часткі грабніцы і надпіс на габрэйскай і англійскай мовах: «Рахіль плача па дзецях сваіх…» (Ерамія 31:15). На полі канвэрту малітоўная заля дабудаваная да магілы Рахілі і надпіс на габрэйскай і англійскай мовах: «Утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, і вернуцца сыны твае ў межы свае» (Ерамія 31:16).
Рахіль і яе габніца. Канверт першага дня, выдадзены поштай Ізраілю ў 2013 годзе
Грабніца Рахілі, Матрыарха габрэяў, была прызнана ў яе цяперашнім месцазнаходжаньні недалёка ад раёна Гіла, на мяжы паміж Ерусалімам і Віфлеемам, на працягу 1700 гадоў. У старажытнасьці тут было ўсталявана надмагільле, якое складалася з 12 камянёў, сымбалізуючых сыноў Якава. Пазьней быў узьведзены купал, які абапіраецца на чатыры калёны, а ў 17 стагодзьдзі грабніца Рахілі была пераўтвораная ў закрытае збудаваньне. У 1841 годзе сэр Мозэс Монтэфьёрэ прыбудаваў яшчэ адзін пакой да магілы Рахілі.
Калектыўная Габрэйская памяць пра Рахіль, Матрыярха, мае два аспэкты – асабісты і Нацыянальны. Першы – трагічная і сумная гісторыя яе жыцьця, апісаная ў Кнізе Быцьця. Другі – прароцтва Ераміі пра суцяшэньне, у якім Рахіль, Матрыярха, апісаная як маці, якая плача над сваімі сынамі, і як тая, чые крыкі разарвалі браму нябёсаў, і якая пасьля прывядзе на шлях да адкупленьня, да зьбіраньня выгнаньнікаў і да вяртаньня народа Ізраіля на сваю зямлю. Гэта аснова нацыянальнай габрэйскай ідэнтыфікацыі з Рахіль.
Читать дальше