У Рахілі доўга не было дзяцей. Але малітва Рахілі была пачута. «Яна зачала і нарадзіла сына, і сказала: зьняў Бог ганьбу маю. І дала яму імя Язэп, сказаўшы: Гасподзь дасьць мне і другога сына» (Быцьцё 30:23,24).
Рахель і маленькі Язэп. Ёханэс Адольф Тылак (1861—1948). Персанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2009 годзе
Пасьля нараджэньня Язэпа Якаў рушыў ў Ханаан.
Загадкавае змаганьне Якава
І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш. (Быцьцё 32:28)
Ад двух дачок Лавана і ад іх двух служанак у Якава нарадзіліся дванаццаць сыноў, родапачынальнікаў дванаццаці плямёнаў Ізраілявых, і дачка. Пасьля доўгіх гадоў службы ў Лавана Якаў разам з усім сваім нашчадствам вырашае вярнуцца дадому. Якаў вельмі баіцца сустрэчы з сваім братам, але і марыць аб прымірэньні і моліць аб гэтым Бога. Астанавіўшыся на начлег з жонкамі, дзецьмі, рабамі і быдлам, перавёў усіх праз паток. «І застаўся Якаў адзін.
Барацьба Якава з Анёлам (1659). Рэмбрандт ван Рэйн (1606—1669). Берлінская карцінная галерэя. Марка пошты Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, выдадзеная ў 1981 годзе
І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара; і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім. І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне. І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў. І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш» (Быцьцё 32:24—28). Што гэта за загадкавы бой? У Кнізе Прарока Асіі ёсьць такія словы аб гэтым начным бою: «Яшчэ ў чэраве ў маці запыняў ён брата свайго, а ўзмужнеўшы змагаўся з Богам. Ён змагаўся з Анёлам – і перамог; плакаў і благаў Яго; у Віфлееме Ён знайшоў нас і там гутарыў з намі» (Асія 12:3,4). Сам Бог сыходзіць да Якава ў вобразе Анёла, але чалавек на самай справе не ў стане цалкам зразумець сутнасьць Боскасьці.
Зьявіліся разнастайныя тлумачэньні гэтай сцэны. Бо зьдзіўленьне і ўнутраны супраціў выклікае сытуацыя, калі чалавек мае перавагу над Усемагутным Богам. Адно з самых распаўсюджаных, што Якаў такім чынам наблізіўся да Бога, праўдзіва зразумеў сваё прызначэньне. Ці не навяртае гэта падзея да загадкавага сну з лесьвіцай? Бог спусьціўся, каб падняць?
Згодна з царкоўнай традыцыяй, гэтая барацьба зьяўляецца сымбалям малітвы, барацьбы веры і перамогі настойлівасьці. Цяжкасьць змаганьня Сьвяты Аўгустын паясьняе наступным чынам: «тое, што атрымана з лёгкасьцю, людзі лёгка губляюць, і наадварот адбываецца з тым, што патрабуе працы і намаганьняў».
Бог прымусіў змагацца Якава з Анёлам. У асобе гэтага Анёла, гэта сам Гасподзь вёў бой і дазволіў Сябе трымаць не ад слабасьці, а з міласэрнасьці. У Патрыярха заплюшчаныя вочы, мы не бачым ягоных рук, мала намёкаў на тое, што ён вядзе драматычную барацьбу. Рука на шыі Якава можа счытвацца як жэст пяшчоты і клопату. Толькі левая рука Анёла, якая абапіраецца на сьцягно, нагадвае аб калецтве. Баявыя фігуры, разьмешчаныя на фоне пэйзажу, змагаюцца пад разгалістымі дрэвамі. Анёл не спрабаваў вырвацца з хваткі Якава, які пратрымаў Яго ўсю ноч, дамагаючыся дабраславеньня. Відаць, як напружаныя мышцы Якава, які спрабуе ўтрымаць Анёла, і як Анёл не стараецца выкарыстаць сваю сілу супраць Якава. Лязо кінутай дзіды накіравана ў бок патрыярха, што яшчэ больш падкрэсьлівае вастрыню канфлікту і накіроўвае погляд гледача ў цэнтар падзеі. Тазасьцегнавы сустаў будзе вывіхнуты, чалавек будзе адзначаны калецтвам, але ж яго патрабаваньне будзе выканана.
Барацьба Якава з Анёлам (1861). Фрагмэнт. Фердынанд Дэлякруа (1798—1863). Царква Сьвятога Сюльпіцыя, Парыж. Марка пошты Францыі, выдадзеная ў 1963 годзе
Змаганьне Якава з Анёлам ня першы прыклад непаслухмянасьці Богу. Абрагам без запярэчаньня гатовы ахвяраваць сына па загадзе Бога, але ўступае ў спор у выпадку з Садомам і Гаморай. Якаў змагаецца з Богам фізычна.
Выявы, якія адносяцца да адной і той жа падзеі, зьяўляюцца прыкладам індывідуальнага падыходу мастакоў да тэксту Бібліі.
Читать дальше