Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка (1620). Рубенс (1577—1460). Люўр, Парыж. Блёк пошты Гвінеі, выдадзены ў 2015 годзе
«Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, – ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга» (Быцьцё 14:18).
Мехілсэдэк. Сценапіс Земенскай царквы, XIV ст., Заходняя Баўгарыя (Земен). Марка пошты Баўгарыі, выдадзеная ў 1976 годзе
Мелхісэдэк «дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі…» (Быцьцё 14:19).
Імя Мелхісэдэк, складаецца з двух габрэйскіх слоў: «мелех» – цар, і «цадзік» – праведнік; і значыць «цар праўды»; слова «Салім» значыць «мір». Зьяўленьне Мелхісэдэка да часоў Закона, паказвае, што ён сьвятар Божы, непасрэдна ад Бога. Ён стаіць ля вытокаў гісторыі народаў і рэлігій. Для хрысьціянства Мелхісэдэк – гэта правобраз Хрыста, Яго валадараньня і Яго сьвятарства. Як Мелхісэдэк быў разам сьвятаром і царом, так і Ісус Хрыстос ёсьць Першасьвятар і Цар. Ісус Хрыстос даў нам пад выглядам хлеба і віна цела і кроў сваю, так і Мелхісэдэк прынёс Абраму хлеб і віно і дабраславіў яго.
Ішлі гады. Абрам і яго жонка старыліся, а дзяцей у іх усё не было. А ў тыя часы існаваў звычай, па якім спадарыня, якая не мае дзяцей, магла даць свайму мужу ў жонкі служанку. Дзіця, народжанае служанкай, станавілася спадчыньнікам гаспадара. У Сары была рабыня Егіпцянка Агар, якую Сара і аддала ў жонкі Абраму. У Бібліі гэта запісана так: «Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй. І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою. Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе» (Быцьцё 16:4—6).
На карціне Рубенса «Агар пакідае дом Абрама» на парозе дома сівабароды старац Абрам, побач зь ім Сара, яго жонка. Яна настолькі злая, што гатовая ўдарыць Агар і ўжо занесла руку. Сабака заліваецца брэхам, скаліцца на Агар. Ён відавочна не любіць Агар. Толькі Абрам чамусьці захоўвае спакой. Але пазірае неяк вінавата. Агар сыходзіць. Сыходзіць у нікуды. У невядомасьць.
Агар пакідае дом Абрагама (1615—1617). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). (Эрмітаж, Пецярбург, Расія). Блёк пошты Грэнады, выдадзены ў 2003 годзе
Агар сыходзіць, уцякае. Уцякае ў пустыню. Яна страшна пакрыўджаная. Яна стамілася, прысела на нейкія камяні. Уся вада выпіта, пусты збан валяецца ў баку. Яна ня ведае, што будзе далей. Але ўсё скончылася шчасна: Анёл Гасподні знайшоў Агар у пустыні, угаварыў яе вярнуцца да Сары.
Першапачаткова лічылася, што карціна адлюстроўвае першую сустрэчу Агар з Анёлам у пустыні, куды тая зьбегла цяжарнай ад прыгнёту Сары. Аднак падчас адной з рэстаўрацыяй быў выдалены пацямнелы пласт лаку ў правай частцы карціны, за якім хаваўся посуд з вадой, – так стала зразумела, што карціна адлюстроўвае больш позьні сюжэт туляньня Агары з сынам па пустыні, калі Анёл ратуе паміраючага ад смагі Ізмаіла, вывеўшы яго з маці да крыніцы.
Зьява анёла Агары (1643). Карэл Фабрыцыус (1622—1654). Марка пошты Нідэрляндаў, выдадзеная ў 2004 годзе
Агар нарадзіла сына, яму далі імя Ізмаіл (Бог чуе) і жыла ў доме Абрама. Праз 13 гадоў зьявіўся Бог Абраму і сказаў: «Я – вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацька мноства народаў, і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў…» (Быцьцё 17:4,5). «І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра; Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе. І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і сказаў сам сабе: няўжо ад стогадовага будзе сын? і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць? І сказаў Абрагам Богу: о, хоць бы Ізмаіл быў жывы прад абліччам Тваім! А Бог сказаў: менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і ты дасі яму імя: Ісаак; і пастанаўлю запавет Мой зь ім запаветам вечным, нашчадкам ягоным пасьля яго. І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось, Я дабраслаўляю яго, і выгадую яго, і вельмі, вельмі памножу; дванаццаць князёў народзяцца ад яго; і Я выведу ад яго вялікі народ. Але запавет Мой пастанаўлю зь Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты самы час на другі год» (Быцьцё 17:15—21).
Читать дальше