Джанатан нацягнуў капюшон ажно на вочы. Я павiнен сказаць, што ён ужо мала быў падобны на Джанатана. I добра, бо для яго гэта было небяспечна; пакiдаючы сховiшча, ён рызыкаваў сваiм жыццём. Цэлых сто чалавек шукалi яго днём i ноччу, i раз я ведаў, то вырашыў сказаць яму пра гэта. Але ён спакойна так адказвае:
- Так, я думаю, яны яшчэ шукаюць мяне.
Б'янку ён павiнен быў выпусцiць сам. Як ён растлумачыў, хацеў пераканацца, што яна сапраўды паляцела.
Вiдаць, у кожнага вартаўнiка быў свой участак сцяны, якi ён павiнен ахоўваць. Адзiн з iх, тоўсты такi, расхаджваў туды-сюды па самым версе сцяны, якраз насупраць таго месца, дзе жыў Мацiяс, i мы павiнны былi ўважлiва сачыць за iм.
Але Мацiяс стаяў на рагу свайго дома з лямпай, з дапамогай якой, як мы дамовiлiся, ён падасць нам сiгнал, калi што-небудзь здарыцца.
- Калi я апушчу лямпу вельмi нiзка, - папярэдзiў Мацiяс, - вы не павiнны нават дыхаць, гэта значыць, што таўстун Додзiк зусiм блiзка. Калi ж я падыму лямпу ўгору, значыць, ён знаходзiцца далей, за згiбам сцяны, i размаўляе з iншым вартаўнiком. Вось тады вам i трэба выпускаць Б'янку.
Так мы i зрабiлi.
- Ляцi, ляцi, - прашаптаў Джанатан. - Ляцi, мая Б'янка, над гарамi Наджыялы ў Вiшнёвую Далiну i сцеражыся стрэл Джосi.
Я не ўпэўнены, што галубы Сафii разумелi чалавечую мову, але Б'янка, здаецца, зразумела, бо дакранулася дзюбкай да шчакi Джанатана, нiбы хацела супакоiць яго, i паляцела.
Наша беласнежная галубка была такая прыкметная ў прыцемках, што мы проста баялiся за яе лёс. Вартавы Додзiк лёгка мог заўважыць яе, калi яна пралятала над сцяной. Але ён не заўважыў, бо стаяў i размаўляў, нiчога не бачачы i нiчога не чуючы. Мацiяс працягваў назiранне, а потым апусцiў лямпу.
Мы прасачылi, як Б'янка знiкла ўдалечынi, i я пацягнуў Джанатана ў наша сховiшча. Але Джанатану не хацелася хавацца. Быў такi добры вечар, паветра такое свежае i прыемнае, што i мне хацелася дыхаць на поўныя грудзi. Я разумеў яго нежаданне вяртацца ў душны, маленькi пакойчык. Нiхто б не мог зразумець гэта лепш за мяне, таму што я сам дома ў горадзе доўгi час праляжаў зачынены ў маленькай кухнi.
Джанатан сядзеў на траве, абхапiўшы рукамi каленi, глядзеў унiз, у далiну. Можна было падумаць, што ён збiраецца праседзець тут цэлы вечар, хоць шмат вартаўнiкоў хадзiла па сцяне ў яго за спiнай.
- Ну што ты сядзiш? - запытаў я.
- Таму што мне падабаецца, - усмiхнуўся Джанатан. - Мне падабаецца гэта далiна ў прыцемках. I гэта халоднае паветра, яно мне таксама падабаецца, i гэтыя дзiкiя ружы, якiя пахнуць улетку.
- Мне таксама, - прызнаўся я.
- Я люблю кветкi, траву, дрэвы, палi, лясы i ўсе гэтыя маленькiя прыгожыя азяркi, - летуценна загаварыў Джанатан. - I калi сонца садзiцца, i калi ўзыходзiць, i калi выглядвае месяц, i калi ззяюць зоркi, i яшчэ шмат iншых рэчаў, якiя я не магу прыгадаць адразу.
- Мне таксама падабаецца ўсё гэта.
- Кожны гэта любiць, - сказаў Джанатан. - I калi гэта тое, што людзям патрэбна, то скажы мне, чаму яны не могуць жыць у мiры i спакоi без Тэнджыла, якi ўсё разбурае?
Я не мог адказаць. Тады Джанатан прапанаваў:
- Падымайся, нам лепш пайсцi.
Але мы не маглi проста так устаць i пайсцi. Спачатку трэба было даведацца, як справы ў Мацiяса i дзе знаходзiцца зараз таўстун Додзiк.
Стала зусiм цёмна. Самога Мацiяса мы ўжо не маглi бачыць, а бачылi толькi святло яго лямпы.
- Лямпу трымае высока, значыць, Додзiка няма, - сказаў Джанатан. - Хадзем.
Але як толькi мы пабеглi, святло лямпы, як маланка, хутка апусцiлася ўнiз, i мы вымушаны былi адразу спынiцца. Было чутно, як да Мацiяса пад'ехалi коннiкi i спынiлiся.
Джанатан падштурхнуў мяне ў спiну.
- Iдзi, - прашаптаў ён. - Iдзi да Мацiяса.
Ён кiнуўся ў зараснiк дзiкiх руж, а я, дрыжучы ад страху, пайшоў на святло лямпы.
- Мне проста хацелася падыхаць, - пачуў я голас Мацiяса. - Такi цудоўны вечар.
- Цудоўны вечар, - прабурчаў грубы голас. - Цi ты не ведаеш, што выходзiць пасля захаду сонца нельга, гэта караецца смерцю?
- Непаслухмяны дзед, вось хто ты. А дарэчы, дзе хлопчык?
- Ён зараз прыйдзе, - сказаў Мацiяс, калi я ўжо быў побач з iм. I я пазнаў гэтых двух коннiкаў: гэта былi яны, Ведэр i Кадэр.
- Ты што, зноў збiраешся ў горы паглядзець на месяц? - строга запытаў Ведэр. - Ага, а як цябе завуць, маленькi нягоднiк? Я не запомнiў.
- Мяне завуць Сухарык, - адказаў я. Я вырашыў сказаць так, бо нiхто не ведаў гэтага iмя - нi Джосi, нi хто iншы, толькi Джанатан, я i Мацiяс.
- Так, Сухарык, - буркнуў Кадэр. - Як думаеш, чаго мы прыехалi сюды?
Я адчуў, што ногi ў мяне падкошваюцца. "Кiнуць яны мяне ў пячору Катлы, падумаў я. - Напэўна, пашкадавалi, што адпусцiлi, дык цяпер вярнулiся, каб схапiць. А чаго б яшчэ?"
Читать дальше