Па стандарту паляўнічых сабак сетэр-гардон абавязкова павінен быць «чорны, з бліскучым сіняватым адсветам — колеру воранавага крыла — і абавязкова з вялікімі яркімі рыжавата-чырвонымі падпалінамі»; нават белыя значкі на нявызначаных стандартам мясцінах лічацца за вялікі недахоп у гардонаў. Бім жа вырадзіўся такі: тулава белае, але з рыжаватымі падпалінкамі і нават з ледзь прыкметным рыжым крапам, толькі адно вуха і адна нага чорныя, сапраўды, як воранава крыло; другое вуха мякенькага жаўтавата-рыжанькага колеру. Сама па сабе дзіўная з'ява: па ўсяму — сетэр-гардон, а акрас — ніякага падабенства. Нейкі далёкі продак напомніў пра сябе Бімам: бацькі — гардоны, а ён — альбінос пароды.
А наогул, з такою рознакаляровасцю вушэй і з падпалінкамі пад вялікімі разумнымі цёмна-карымі вачыма пыса Біма здавалася сімпатычней, адметней, магчыма, нават разумней, чым у звычайных сабак. І, паверце, усё гэта нават нельга было назваць пысаю, а лепей — тварам сабакі. Але па законах кіналогіі белы акрас у такім выпадку прыкмета, што выраджаецца парода. Як ні глянь — прыгажун, а па стандарту гарнітура зусім-зусім чужы, нават шкодны. Вось такая бяда была ў Біма.
Вядома, Бім не адчуваў ніякае віны, таму што прырода нікому не дазваляе выбіраць сабе бацькоў. Біму нават і думаць пра гэта не дадзена. Ён сабе жыў і пакуль што радаваўся.
Але гаспадар турбаваўся: выдадуць ці не на Біма радаслоўнае пасведчанне, якое зацвердзіць яго паўнапраўнасць між паляўнічых сабак, ці на ўсё жыццё ён застанецца чужаком. Вядома гэта будзе толькі ў шэсць месяцаў (зноў жа па законах кіналогіі), калі шчанюк стане падобны да таго, што называецца пародзістым сабакам.
Гаспадар Бімавай маці вырашыў быў выбракаваць белага з памёту, утапіць, але трапіўся дзівак, які пашкадаваў такога прыгажуна. Дзівак той і быў Бімаў гаспадар: ці бачыце, упадабаліся яму вочы, разумныя. Трэба ж! А зараз і думай: дадуць ці не дадуць радаслоўную?
Тым часам гаспадар спрабаваў разгадаць, адкуль такая анамалія ў Біма. Ён перабраў усе кнігі пра паляванне і сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду і потым даказаць, што Бім не вінаваты. Менавіта таму ён пачаў выпісваць у тоўсты сшытак з розных кніг усё, што магло пасведчыць за Біма як за раўнапраўнага прадстаўніка пароды сетэраў. Бім стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзіць Біму пераможцам на выстаўках, не звінець золатам медалёў на грудзях: які ты ні будзь залаты сабака на паляванні, з пародзістых ён будзе выключаны.
Якая ўсё ж несправядлівасць на белым свеце!
Запіскі гаспадара
За апошнія месяцы Бім непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё і трывала заняў у ім сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам і ласкавасцю — пачуццямі, якія заўсёды прывабліваюць, калі за імі не стаіць падхалімства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае — і дабрату, і давер, і ласку. Жудасна гэта — падхалімства. Не давядзі госпадзі! Але Бім пакуль што толькі малышаня і мілы сабачка. І ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара.
Дзіўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калі бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калі ўбачу карціну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас і на пародзістасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць ці не дадуць пасведчанне?
Дзён колькі таму быў у музеі на мастацкай выстаўцы, і адразу ж кінулася ў вочы карціна Д.Бассано (XVI век) «Майсей здабывае ваду са скалы». Там на першым плане сабака — дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, задні кастрэц таксама чорны. Змучаны і худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай міскі.
Другі сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымі вушамі. Знясілены ад смагі, ён паклаў гаспадару на калені голаў і пакорліва чакае вады.
Побач — трус, певень, злева — два ягняці.
Што хацеў сказаць мастак, калі выставіў сабаку на пярэдні план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзі любілі сабак яшчэ спрадвеку, ніколі іх не пакідалі, нават у бядзе, нават на грані пагібелі народа, а сабакі заставаліся верныя і адданыя, гатовыя загінуць разам з чалавекам.
А за хвіліну да гэтага ва ўсіх быў адчай, ні ў кога не было ні кроплі надзеі. І яны гаварылі ў вочы Майсею, які выратаваў іх ад рабства:
«О, каб памерлі мы ад рукі госпада ў зямлі эгіпецкай, калі мы сядзелі ля катлоў з мясам, калі нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усіх, хто сабраўся, замарыць голадам».
Читать дальше