Арагон Луи
Падсадная качка (на белорусском языке)
Луi Арагон
Падсадная качка
Пераклад: Змiцер Колас
- Ну што, будзеш гаварыць цi не?
Яны бiлi яго бясконца. У абодвух ужо абрывалiся рукi. На клубы i спiну вязню страшна было зiрнуць. Iнспектар Бэлем уздыхнуў: "Ну i быдла! Далiбог, iх нiчым не проймеш". А яшчэ, чаго добрага, скажуць, што ён не ведае сваёй справы, калi не здолеў нiчога выцягнуць з гэтага парсюка.
- Досыць. Адвядзiце, - расчаравана прамовiў ён.
Вязню кiнулi вопратку. Каб ён здолеў адзецца, яго трэба было падтрымлiваць.
- Можаш паверыць, занятак быў не з прыемных. Як прыгадаю - з душы верне! трошкi пазней тлумачыў iнспектар свайму калегу, седзячы ў кавярнi за шклянкай пладовага соку на сахарыне, якiм даводзiлася частавацца кожны чацвер, калi ты не аматар да пiва. Той кiўнуў галавой: "Пасля такой работкi было б няблага прапусцiць i па чарачцы шнапсу, каб падбадзёрыцца..."
Камера была невялiкая, прынамсi, такой не здавалася. Наблiжаўся вечар. Святло ў адтулiне за кратамi прыкметна згасала, хутка набягаў змрок. Яго позiрк упаў на парашу. Як да яе дацягнуцца ды яшчэ падняць накрыўку зубамi? Рукi - за спiнай, у кайданах, якiя не скiнеш, а калi ўсё цела ў ранах, рабiць пад сябе - пакута. Турма была набiтая бiтком, але вязня, як выключэнне, трымалi ў камеры аднаго. Зрэшты, так яму пачувалася якраз спакайней: ён нiчога гэтак не баяўся, як блiзкасцi з крымiнальнiкамi... а то яшчэ могуць падсунуць качку... Боязь да падсадной качкi не давала яму спакою.
Ён ляжаў на матрацы ў нясцерпным смуродзе, любая пастава, як нi павернешся, праз адну-дзве хвiлiны выклiкала жудасны боль. Там, дзе скура яшчэ ацалела, пачынаў даймаць сверб; спякота i гнiлое паветра рабiлi яго невыносным. Пратухлы, моташлiвы сяннiк, напэўна, кiшэў чарвямi, у паветры лёталi мухi, яны сядалi на сваю ахвяру, i ён iх адно толькi здрыгваў.
Невядома чаму вязню ўвесь час вярзлiся тоўстыя, вялiкiя хрушчы, якiх было многа пад горадам гэтай вясной. Яны падалi з дрэваў на спiну i круцiлi лапамi, не могучы перавярнуцца. Цяпер быць хрушчом настала яго чарга. Як жа было прыгожа гэтай вясной! Цi можна ўявiць сабе тут той духмяны водар расквiтнелых дрэў...
А яшчэ гэтая саламяная пацяруха, што лiпне да цела, лезе пад адзенне, цэлыя тысячы маленькiх саломiнак, ад якiх немагчыма дый бескарысна абтрасацца... Дзiўна - пакутаваць больш за ўсё праз гэтую пацяруху, калi ўсё цела ў цябе балiць, калi ўсё спiсяжана ранамi. I ў гэтым пачварным брудзе, у гэтым затхлым паветры, якiм немагчыма дыхаць, - кiдацца ў роспач ад нейкай жоўтай крышанкi, ад дробных былiнак, што чапляюцца за адзенне, датыкаюцца да ўсяго сваiм адмысловым, высушлiвым дотыкам - дотыкам турмы.
"Я нiчога iм не сказаў..."
Ён паўтараў гэтыя словы, каб хоць трошкi сябе падбадзёрыць. З распухлай губы цякла кроў. Гэта ўдарыў iнспектар, калi вычарпаў усе аргументы. Языком ён намацваў востры край абламанага зуба, у роце было солана.
"Я нiчога iм не сказаў..."
Калi наглядчык адчыняў дзверы, ён заўжды прамаўляў адно слова, толькi адно, нiбы гаварыў з кiтайцам, ён гыркаў у камеру: "Хлеб", або "Перадача", або "Змоўкнi!.." Таму што часам вязень, апанаваны незразумелым шаленствам, пачынаў раптам калацiць у жалезныя дзверы абодвума кулакамi... Так бывала i з iм - да таго, як яго скумiсавалi... Што б там нi стала, яму трэба было ўбачыць каго-небудзь, няхай нават гэты сшарэлы твар з носам-кiрпою, цi, прынамсi, каго пачуць - хоць бы тое адзiнае слова, што працiскалася з вуснаў наглядчыка, як саламяная пацяруха з сеннiка: "Змоўкнi!.." Цяпер ён быў у наручнiках. Яго справа пагоршылася. "Змоўкнi..."
"Я нiчога iм не сказаў..."
"Перадача" - у яго камеры гэтае слова не прамаўлялася. Яно было не для яго.
"Хлеб..." На падлозе валялася палова акрайца, у мiсе была налiта вада. Але ўсё гэта было даступнае не больш за парашу. Вязень вывернуў шыю i прымерыўся: як дастаць да мiсы, хоць трошкi змачыць сабе вусны, каб не расплёскаць усёй вады. Калi ў час абходу нiхто не зойдзе, давядзецца чакаць свiтання.
Гэта быў той змрочны час, калi турма нiбы прачыналася. Сцены пачыналi гаварыць сваёю няўцямнай мовай: глухiя стукi, то хуткiя, то павольныя, самыя размаiтыя спалучэннi кароткiх i доўгiх, гэтую дзiўную азбуку яму трэба было б даўно ведаць. Праз увесь будынак iшла размова, перадавалiся пытаннi, гучалi адказы. Гэты час для яго быў заўжды катаваннем бяссiльнасцю i надзеяй. Ужо сто разоў сусед з камеры побач цярплiва i ўпарта паўтараў заўсёды адзiн сiгнал. Ён спадзяваўся, што нарэшце яму адкажуць. I вось аднойчы вязень пастараўся паўтарыць гэты сiгнал, ён бiў у сцяну галавой.
Читать дальше