Ён адвёў вочы i, па-ранейшаму не мяняючы паставы, запытаўся, цi не кажу я так ад вялiкай роспачы. Я растлумачыў, што нiякай роспачы ў мяне няма. Проста мне страшна, i гэта ў маiм становiшчы абсалютна натуральна.
- Бог дапаможа вам, - азваўся ён. - Я ведаю, усе, хто быў у вашым становiшчы, вярталiся да яго.
Я пагадзiўся - гэта было iх права. Цi, можа, у iх быў на гэта вольны час. Што ж да мяне, дык я, па-першае, не хачу, каб мне дапамагалi, а па-другое, у мяне проста няма часу, каб цiкавiцца тым, што мяне не цiкавiць.
Яго рукi нервова варухнулiся, але ён выпрастаўся i пачаў распраўляць на сутане складкi. Потым загаварыў i назваў мяне чамусьцi "мой дружа": ён гаворыць са мною пра Бога зусiм не таму, што я асуджаны на смерць; на яго думку, усе мы асуджаныя на смерць. Тут я яго перапынiў, я сказаў, што гэта зусiм не адно i тое ж, i ва ўсякiм выпадку, гэта не можа быць мне суцяшэннем.
- Вядома, - пагадзiўся ён. - Але нават калi вы не памраце сёння, вам усё роўна давядзецца памерцi - пазней. I тады зноў перад вамi паўстане тое ж пытанне. З якiмi пачуццямi вы сустрэнеце тады гэты пачварны iспыт?
Я адказаў, што сустрэну яго дакладна з такiмi ж пачуццямi, з якiмi сустракаю цяпер.
Пачуўшы гэта, ён устаў i зiрнуў мне ў вочы. Я добра ведаў гэту гульню. Мне часта даводзiлася забаўляцца ёю з Эманюэлем i Селестам, i звычайна яны першыя адводзiлi вочы. Але свяшчэннiк быў таксама добра спрактыкаваны, я гэта заўважыў адразу: яго вочы нават не мiргалi. I голас не задрыжаў, калi ён прамовiў:
- Няўжо ў вас няма нiякай надзеi, i вы жывяце з упэўненасцю, што памраце ўвесь?
- Так, - сказаў я.
Ён зноў панурыў галаву i сеў. Ён сказаў, што яму шкада мяне. На яго думку, жыць з такою ўпэўненасцю чалавеку невыносна цяжка. Але я адчуў, што ён пачынае мне назаляць. Я адвярнуўся i падышоў да акна. Я стаяў, абапершыся плячом аб сцяну, i не вельмi прыслухоўваўся да таго, што ён кажа. Ён iзноў пачаў задаваць мне нейкiя пытаннi. Ён гаварыў паспешна, занепакоена, яго голас дрыжаў. Я зразумеў, што ён нечым усхваляваны, i пачаў слухаць уважлiвей.
Ён выказаў упэўненасць, што маю просьбу задаволяць, але цяжар граху ўсё роўна будзе ляжаць на мне, i я мушу пазбавiцца ад яго. На яго думку, чалавечы суд - нiшто, а суд божы - усё. Я зазначыў, што, тым не менш, прысуд мне быў вынесены судом чалавечым. Свяшчэннiк адказаў, што гэтым ён яшчэ не змыў граху з маёй душы. Я сказаў, што мне наогул невядома, што такое грэх. Мне толькi давялi, што я вiнаваты. Я вiнаваты, i я плачу, больш ад мяне патрабаваць не могуць нiчога. Тут ён зноў устаў, i мне падумалася, што камера, вiдаць, яму занадта вузкая. Ён прызвычаены рухацца, а тут такой выгоды няма. Можна толькi сесцi цi ўстаць.
Я стаяў, утаропiўшы вочы ў падлогу. Ён ступiў да мяне адзiн крок i спынiўся, нiбы не адважваўся падысцi блiжэй. Ён пазiраў на неба за кратамi.
- Вы памыляецеся, сыне мой, - сказаў ён. - Ад вас маглi б патрабаваць i большага. I можа быць, яшчэ запатрабуюць.
- Цiкава, чаго ж гэта?
- Ад вас маглi б патрабаваць, каб вы ўбачылi.
- Убачыў? Што?
Свяшчэннiк азiрнуўся вакол i адказаў з нейкаю нечаканай i вялiкаю стомай:
- Я ведаю, гэтыя муры сплываюць болем. I я нiколi не мог глядзець на iх без пакутлiвай скрухi. Але я знаю, я адчуваю ўсiм сэрцам, што нават сама нiкчэмныя сярод вас бачылi, як з глыбiнi гэтага сутоння на iх пазiраў божы твар. I ад вас патрабуюць гэтага, вы павiнны ўбачыць гэты твар.
Гэта мяне крыху ажывiла. Я сказаў, што ўжо многiя месяцы гляджу на гэтыя камянi. Ва ўсiм свеце няма нiчога i нiкога мне болей вядомага. I, мабыць, колiсь, вельмi даўно, я сапраўды шукаў тут нечый твар. Але то быў твар, поўны сонечнага ззяння i палымянага жадання - то быў твар Мары. Я марна шукаў яго. Цяпер з гэтым кончана. Але што б там нi было, чым бы нi сплывалi гэтыя камянi, я нiколi не бачыў, каб з iх нешта ўзнiкала.
Свяшчэннiк зiрнуў на мяне з нейкiм смуткам. Я стаяў, ужо цалкам прытулiўшыся спiнаю да сцяны, i святло мне лiлося на лоб. Свяшчэннiк прамовiў некалькi слоў, але я не пачуў, i потым, вельмi хутка, ён запытаўся, цi можна яму мяне абняць. Я адказаў:
- Не.
Ён адвярнуўся, падышоў да сцяны i паволi правёў па ёй рукою.
- Няўжо вы так любiце гэту зямлю? - амаль шэптам сказаў ён.
Я не адказаў.
Даволi доўга ён стаяў, павярнуўшыся да мяне спiнай. Мне было цяжка адчуваць яго прысутнасць, яна раздражняла мяне. Я ўжо збiраўся сказаць, каб ён пакiнуў мяне, каб ён куды-небудзь пайшоў, калi ён раптам павярнуўся i амаль з надрывам ускрыкнуў:
- Не, я не магу даць вам веры! Я ўпэўнены, што вам даводзiлася хацець, каб iснавала нейкае другое, iншае жыццё.
Читать дальше