- Няўжо табе не цiкава, якiя ў мяне справы?
Мне, вядома, было цiкава, але запытацца я чамусьцi не падумаў, i менавiта таму яна зiрнула на мяне нiбы з папрокам. Вiдаць, я крыху збянтэжыўся, бо яна раптам засмяялася, прыгарнулася да мяне ўсiм целам i падсунула вусны.
Я пайшоў абедаць да Селеста. I пачынаў ужо есцi, калi ў шынок увайшла нейкая дзiвотная маленькая жанчына. Падбегла да майго столiка i папыталася, цi можна сесцi. Сесцi, натуральна, было можна. Нейкая дзiўная, сапраўды: рухi парывiстыя, аблiчча маленькае i круглае, нiбы яблык, вочы блiшчаць. Скiнула камiзэльку, села i пачала лiхаманкава праглядаць меню. Потым паклiкала Селеста i скорагаворкай, але вельмi выразна, заказала адразу ўсё, што выбрала. Пакуль неслi закуску, яна адчынiла сумку, выняла аркушык паперы i аловак, усё загадзя палiчыла, потым дастала кашалёк, адлiчыла дакладную суму, дадала гасцiнца i паклала грошы на стол. Якраз прынеслi закуску. Яна праглынула яе ў адзiн мiг i, чакаючы наступнай стравы, зноў дастала сiнi аловак, часопiс з праграмай радыёперадач на тыдзень i вельмi акуратна адну за адной пачала пазначаць крыжыкамi амаль усе перадачы. Часопiс быў вялiкi, старонак на дванаццаць, i яна руплiва працавала ўвесь абед. Я даўно паеў, а яна ўсё ставiла крыжыкi з ранейшым дбаннем. Потым устала, дакладным рухам, як аўтамат, накiнула камiзэльку i пайшла. Рабiць мне не было чаго, я таксама выйшаў i нейкi час iшоў за ёй. Яна стала на броўку ходнiкаў i надзiва хутка i ўпэўнена пайшла дакладна па прамой, прычым нi разу не азiрнулася. Нарэшце я згубiў яе з вачэй i павярнуў назад. Дзiўная нейкая, падумаў я, але хутка забыўся на яе.
На парозе каля маёй кватэры стаяў стары Саламано. Я запрасiў яго зайсцi, i ён сказаў, што яго сабака згубiўся, бо на скуралупнi яго няма. Тамтэйшыя службоўцы сказалi, што ён, вiдаць, трапiў пад машыну. Стары запытаўся, цi можна пра гэта даведацца ў камiсарыяце, але яму адказалi, што такiя звесткi не захоўваюцца, бо рэч гэта звычайная i здараецца кожны дзень. Я сказаў старому Саламано, што ён мог бы ўзяць сабе iншага сабаку, але ён адказаў, што прывык ужо да гэтага, i, вядома, меў рацыю.
Я залез з нагамi на ложак, а Саламано сеў на крэсла каля стала, акурат насупраць мяне, i паклаў рукi на каленi. Свой стары капялюш ён зняў. Ён гаварыў, глытаючы канцы фраз, якiя вязлi ў яго пажоўклых вусах. З iм было трошкi нудна, але рабiць усё роўна не было чаго i спаць не хацелася. Каб нешта сказаць, я пачаў распытваць яго пра сабаку. Ён сказаў, што набыў яго пасля жончынай смерцi. Жанiўся ён даволi позна. А ў маладосцi марыў працаваць у тэатры: калi служыў у войску, прымаў удзел у вадэвiлях, што ставiлiся ў iх палку. Але нарэшце - пайшоў на чыгунку i не шкадуе, бо цяпер у яго ёсць невялiкая пенсiя. З жонкай ён шчаслiвы не быў, але ўрэшце вельмi прывык да яе. I калi яна памерла, адчуў сябе зусiм самотным. Тады ён i папрасiў аднаго прыяцеля па працы прынесцi яму сабаку. Той прынёс зусiм малое шчаня, яго трэба было кармiць з соскi. Але сабакi жывуць меней за чалавека, i яны састарэлi разам.
- Характар быў у яго кепскi, - сказаў Саламано. - Гыркалiся мы з iм часам. Але ўсё роўна, сабака ён быў добры.
Я сказаў, што парода ў яго была выдатная, i старому, вiдаць, гэта спадабалася.
- Вы яшчэ не бачылi яго да хваробы, - падхапiў ён. - Якая ў яго была поўсць - любата!
Калi на сабаку найшла скурная хвароба, Саламано кожныя вечар i ранiцу нацiраў яго спецыяльнаю масцю. Але на яго думку, сапраўднаю хваробай была старасць, а старасць не вылечыш.
Тут я пазяхнуў, i стары аб'явiў, што зараз пойдзе. Я сказаў, што ён можа застацца яшчэ - мне проста сумна ад таго, што здарылася з яго сабакам. Ён падзякаваў i сказаў, што мама вельмi любiла гэтага спанiэля. Калi ён гаварыў пра маму, ён называў яе "ваша бедная матуля". Ён сказаў, што я, напэўна, адчуваю сябе дужа няшчасным пасля мамiнай смерцi, але я нiчога не адказаў. Тады ён неяк замуляўся i скорагаворкай прамармытаў, што яму вядома, як дрэнна пра мяне гавораць у квартале пасля таго, як я аддаў маму ў прытулак, але ён добра мяне ведае i знае, што маму я вельмi любiў. Я, сам не ведаю чаму, адказаў, што дагэтуль нават не чуў, каб пра мяне з гэтай нагоды гаварылi дрэнна, - калi я аддаваў маму ў прытулак, мне здавалася, што гэта натуральна, бо ў мяне не было грошай, каб наняць ёй сядзелку.
- Зрэшты, - дадаў я, - ёй ужо даўно не было пра што са мной гаманiць, i яна проста сумавала.
- Ваша праўда, - сказаў Саламано. - А ў прытулку, прынамсi, можна знайсцi сабе прыяцеляў.
Потым ён папрасiў прабачэння - яму хацелася спаць. Жыццё цяпер у яго перамянiлася, i ён нават не ведае, што рабiць далей. Упершыню за ўвесь той час, што я яго ведаў, ён нiбы ўпотай працягнуў мне руку, i я адчуў яго шурпатую скуру. Ён ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i на развiтанне сказаў:
Читать дальше