Ён стаяў, квадратны i каржакаваты ў сваiм вязаным нацельнiку, i глядзеў, як яны падымаюцца па схiле. Араб нi разу не ўзняў галавы. "Прывiтанне, - сказаў Дару, калi яны падышлi да пляца. - Хадзiце пагрэйцеся". Не выпускаючы вяроўкi, Бальдучы марудна злез з каня. Ён усмiхнуўся настаўнiку сваiмi натапыранымi вусамi. Яго маленькiя цёмныя вочкi пад навiслым смуглявым iлбом i пасечаны зморшчынамi рот надавалi яму руплiвы i ўважлiвы выгляд. Дару ўзяў лейцы, завёў каня пад павець i вярнуўся да прышлых, якiя ўжо чакалi яго ў школе. Ён правёў iх у пакой. "Зараз напалю ў класе, - сказаў ён. - Там будзе лацвей". Калi настаўнiк вярнуўся ў пакой, Бальдучы сядзеў на канапе. Ён ужо развязаў вяроўку, на якой прывёў араба, i цяпер той мясцiўся на кукiшках каля грубкi i глядзеў у акно. Рукi ў яго былi па-ранейшаму звязаныя, накручаная на галаву ануча з'ехала на патылiцу. Спачатку Дару ўбачыў толькi яго вялiзныя вусны, тоўстыя i гладкiя, амаль як у мурына, аднак нос быў прамы i вочы блiшчалi, нiбы ў лiхаманцы. З-пад турбана вiдаць быў упарты лоб, i ўвесь яго твар, прапалены сонцам i крыху збялелы на холадзе, выяўляў адначасна трывогу i непакорнасць. Араб павярнуўся i глянуў настаўнiку проста ў вочы. Яго выгляд уразiў Дару. "Iдзiце туды, - сказаў ён, - я зараз зраблю вам гарбаты з мятай". - "Дзякуй, - адказаў Бальдучы. - Ну i работка, лiха яе. Хутчэй бы ўжо пенсiя". I ён звярнуўся па-арабску да арыштанта: "Гэй ты, хадзем". Араб устаў i, трымаючы перад сабой звязаныя кулакi, паволi пайшоў у клас.
Разам з гарбатай Дару прынёс адно крэсла. Але Бальдучы ўжо сядзеў за першай вучнёўскай партай, а араб тулiўся каля настаўнiцкага памоста, павярнуўшыся тварам да печкi, што стаяла памiж пiсьмовым сталом i акном. Падаючы арыштанту шклянку з гарбатай, Дару збянтэжана зiрнуў на яго звязаныя рукi. "Можа, яго ўжо развязаць?" - "Вядома, - адгукнуўся Бальдучы. - Гэта я толькi так, на дарогу". Ён ужо хацеў быў падняцца. Але Дару паставiў шклянку на падлогу i ўкленчыў перад арабам. Той моўчкi глядзеў на яго сваiмi лiхаманкавымi вачыма. Калi рукi вызвалiлiся, араб пацёр набраклыя запясцi, узяў шклянку i пачаў сёрбаць пякучую гарбату хапаткiмi глыткамi.
- Так, - сказаў Дару. - Ну i куды гэта вы кiруеце?
Бальдучы выцягнуў вусы са шклянкi:
- Сюды, сынку..
- Вось дык вучнi! Будзеце тут начаваць?
- Не. Я зараз вяртаюся ў Эль-Амёр. А ты даставiш таварыша ў Тынгiт. Там яго чакаюць у акруговым судзе.
Бальдучы глядзеў на Дару з лёгкай сяброўскай усмешкай.
- Ты што гэта надумаў? - сказаў настаўнiк. - Ты часам не кпiш з мяне?
- Не, сынку. Такi загад.
- Загад? Ды я ж не... - Дару запнуўся, ён не хацеў пакрыўдзiць старога карсiканца. - Урэшце, гэта не мой абавязак.
- Гэх! Ну дык што з таго? На вайне даводзiцца выконваць усе абавязкi.
- Тады я пачакаю, пакуль аб'явяць вайну.
Бальдучы пакiваў галавой.
- Добра. Але загад ёсць загад, i цябе ён датычыцца таксама. Яны, здаецца, пачынаюць варушыцца. Ходзяць чуткi, што неўзабаве будзе паўстанне. Так што ўсе мы, можна лiчыць, мабiлiзаваныя.
У Дару быў па-ранейшаму ўпарты выгляд.
- Слухай, сынку, - сказаў Бальдучы, - ты мне вельмi падабаешся, але ж ты разумей. Нас у Эль-Амёры нейкi тузiн, а вартаваць мы павiнны па ўсёй акрузе. Мне трэба вярнуцца. Мне сказалi даверыць гэтага шалахвоста табе i адразу вяртацца. Мы не маглi яго трымаць у сябе. Яны там, у ягонай вёсцы, пачалi хвалявацца i хацелi яго ў нас адбiць. Таму ты заўтра ж павiнен завесцi яго ў Тынгiт. Што такому асiлку, як ты, нейкiя дваццаць кiламетраў. А потым вернешся, i будуць у цябе зноў твае вучнi i спакойнае жыццё.
Было чуваць, як за сцяной пырхае i стукае капытамi конь. Дару глядзеў праз акно. Надвор'е прыкметна лепшала, па заснежаным узгор'i разлiвалася святло. Калi ўвесь снег растане, сонца запануе зноў i будзе гэтак жа палiць каменныя прасторы. I зноў дзень за днём спякотнае неба будзе сляпiць задушлiвым святлом самотны абшар, дзе нiчога не нагадвае пра iснаванне чалавека.
- Слухай, - сказаў настаўнiк i павярнуўся да Бальдучы, - а што ён такое зрабiў? - I раней, чым жандар разявiў рот, запытаўся: - Ён гаворыць па-французску?
- Не, нiводнага слова. Мы шукалi яго больш за месяц, але ён хаваўся. Гэты шчанюк забiў свайго стрыечнага брата.
- Ён супраць нас?
- Не думаю. Але хто iх ведае...
- За што ж ён забiў?
- Крэўныя справы, па-мойму. Здаецца, адзiн быў вiнаваты другому зерня. Але гэта яшчэ не пэўна. Карацей, зарэзаў свайго брата, як авечку, ведаеш - так, нажом: ш-шах!..
Бальдучы зрабiў рух, нiбы праводзiць сабе лязом па горле, i гэта прыцягнула ўвагу араба, якi з трывогай зiрнуў на жандара. I раптам Дару апанаваў гнеў, ён ненавiдзеў гэтага араба, ён ненавiдзеў усiх людзей за iх агiдную злосць, за iх неспатольную лютасць, за iх прагу крывi.
Читать дальше