- Вой! Вой! - сказалi ў адзiн голас дзве-тры кабеты. - Увесь пакусаны ваўкамi, бедненькi! Прыгожы хлопчык. Вочы ў яго, як агеньчыкi. Дапраўды, Месуа, ён вельмi падобны на твайго сына, якога схапiў тыгр.
- Дайце мне зiрнуць, - сказала жанчына з цяжкiмi медзянымi бранзалетамi на запясцях i шчыкалатках i, пазiраючы з-пад далонi, паглядзела на Маўглi. - Ага, вельмi падобны! Ён худзейшы, затое з твару вылiты мой сын.
Жрэц быў чалавек хiтры i ведаў, што муж Месуi - адзiн з найпершых вясковых багацеяў. I таму ён узняў вочы да неба i ўрачыста прамовiў:
- Што джунглi ўзялi, тое джунглi i аддалi. Вазьмi хлопчыка да сябе ў дом, сястра мая, i не забывайся аказваць пашану жрацу, перад якiм адкрыта ўся будучыня чалавека.
"Клянуся буйвалам, якi выкупiў мяне, - падумаў Маўглi, - усё гэта вельмi нагадвае тое, як мяне аглядала Чарада! Што ж, калi я чалавек, дык буду чалавекам".
Натоўп расступiўся, i жанчына зрабiла Маўглi знак, каб ён iшоў за ёю ў хацiну, дзе стаяў чырвоны лакiраваны ложак. А яшчэ там было шмат рэчаў: вялiкая глiняная пасудзiна для збожжа, аздобленая пацешным выпуклым узорам, з паўтузiн медных кацялкоў для прыгатавання ежы, бажок у маленькай нiшы i на сцяне - сапраўднае люстэрка, якое можна купiць на вясковым кiрмашы за восем цэнтаў.
Жанчына дала Маўглi ўволю малака i кавалачак хлеба, потым паклала руку яму на галаву i зазiрнула ў вочы; ёй усё-такi думалася, што, магчыма, гэта i сапраўды яе родны сын вярнуўся з джунгляў, куды яго знёс тыгр. I яна паклiкала:
- Натху! О Натху!
Маўглi нiчым не паказаў, што гэтае iмя ямў знаёма.
- Хiба ты забыўся пра той дзень, калi я падарыла табе новыя чаравiкi? Яна дакранулася да яго ступнi, цвёрдай, амаль як рог. - Не, - сказала яна засмучана, - гэтыя ногi нiколi не ведалi чаравiкаў. Але ты вельмi падобны на майго Натху i будзеш маiм сынам.
Маўглi зрабiлася нядобра, бо ён дагэтуль нiколi не бываў у чалавечым доме. Але, паглядзеўшы на саламяную страху, хлопчык убачыў, што зможа яе разабраць, калi захоча выбрацца на волю, i што акно не замыкаецца.
"Якая карысць быць чалавекам, калi не разумееш чалавечай гаворкi? - сказаў ён сам сабе. - Тут я гэтакi ж дурны i нямы, як чалавек у нас у джунглях. Трэба навучыцца iхняй мове".
Нездарма, жывучы з ваўкамi, ён навучыўся пераймаць баявы поклiч аленяў у джунглях i рохканне дзiкоў. Як толькi Месуа гаварыла якое-небудзь слова, Маўглi вельмi падобна паўтараў яго за ёю i яшчэ да змяркання завучыў назвы шмат якiх рэчаў у хацiне.
Надышоў час спаць, але Маўглi нiзашто не хацеў лажыцца ў хацiне, падобнай на пастку для пантэры, i калi зачынiлi дзверы, ён выскачыў у акно.
- Не чапай яго, - сказаў муж Месуi. - Не забывайся, што ён яшчэ нiколi не спаў на ложку. Калi ён i праўда пасланы нам замест сына, ён нiкуды не ўцячэ.
I Маўглi расцягнуўся сярод высокай чыстай травы на краi поля. Але не паспеў ён заплюшчыць вочы, як нечы мяккi шэры нос штурхнуў яго ў шыю.
- Фу! - сказаў Шэры Брат (гэта быў старэйшы з дзiцянят Мацi Ваўчыхi). Варта было дзеля гэтага бегчы за табою дваццаць мiляў! Ад цябе пахне дымам i хлявом - зусiм як ад чалавека. Прачнiся, Маленькi Брат, я прынёс табе навiны.
- Цi ўсе здаровы ў джунглях? - спытаў Маўглi, абдымаючы яго.
- Усе, апрача ваўкоў, якiх абсмалiла Чырвоная Кветка. Цяпер слухай. Шэр-Хан пайшоў на паляванне ў далёкiя лясы, пакуль не загоiцца яго шкура, - ён увесь у апёках. Ён пакляўся, што кiне твае косцi ў раку, як вернецца.
- Ну, гэта мы яшчэ пабачым. Я таксама ў сiм-тым пакляўся. Аднак навiны заўсёды прыемна пачуць. Я стамiўся сёння, вельмi стамiўся ад усяго новага, Шэры Брат, але ты мне заўсёды расказвай, што ведаеш новага.
- Ты не забудзешся, што ты воўк? Людзi не прымусяць цябе забыцца пра нас? - трывожна спытаў Шэры Брат.
- Нiколi! Я нiколi не забуду, што люблю цябе i ўсiх у нашай пячоры. Але не забуду i таго, што мяне прагналi з Чарады...
- ...i што цябе могуць прагнаць з другой чарады, Маленькi Брат. Людзi ёсць людзi, i гаворка iх падобная на гаворку жаб у сажалцы. Калi я прыйду сюды зноў, буду чакаць цябе ў бамбуку на краi выгану.
На працягу трох месяцаў пасля гэтай ночы Маўглi амаль не выходзiў за вясковыя вароты, гэтак ён быў заняты вывучэннем характару i звычак людзей. Перш за ўсё яму давялося надзець павязку вакол бёдраў, што вельмi яму замiнала, потым, незразумела навошта, навучыцца лiчыць грошы, потым араць зямлю, у чым ён не бачыў карысцi. Вясковыя дзецi ўвесь час дражнiлi яго. На шчасце, Закон Джунгляў навучыў Маўглi стрымлiвацца, бо ў джунглях ад гэтага залежыць жыццё. Але калi дзецi дражнiлi яго за тое, што ён не хацеў гуляць з iмi або запускаць змея, або за тое, што ён не так вымаўляў якое-небудзь слова, адна толькi думка, што ганебна для паляўнiчага забiваць маленькiх, бездапаможных дзiцянят, не дазваляла яму схапiць i разарваць iх напалам.
Читать дальше