Нарэшце яна заснула. Але акно засталося адчыненае i ранiшнi холад i сырасць пабудзiлi яе. Яна так змерзла, што зуб на зуб не пападаў, але ўстаць i зачынiць акно яна не магла. У яе ўжо не хапала сiлы накрыцца як след коўдрай...
У той дзень яна так i не паднялася з пасцелi. З'ела кавалачак кансерваў, выпiла кавы, каб можна было запалiць. Нашча палiць яна ўжо не магла: балеў страўнiк. Хацелася аднавiць у памяцi начны сон. Цяпер не толькi ў доме, але i ва ўсёй Аржалузе панавала цiшыня. Змрочныя асеннiя днi мала чым адрознiвалiся ад ночы. У гэтыя самыя кароткiя днi года бясконцы дождж змешваў усё ў адно: ранiцу, дзень, вечар. Ранiшняя iмгла змянялася вячэрнiм змрокам, i толькi нiшто не магло адмянiць цiшыню... Цяпер Тэрэзе зусiм не хацелася спаць. Зноў i зноў цярплiва шукала яна ў сваiм мiнулым забытыя твары, губы, што вабiлi да сябе, уваскрашала ў памяцi расплывiстыя вобразы выпадкова спатканых мужчын, якiх клiкала ў начных мроях яе нявiннае цела. Яна прыдумвала сабе шчасце, малявала радасцi i ўцехi жыцця i па крупiнцы складала казку пра нейкае нерэальнае каханне...
- Яна ўжо зусiм не ўстае з пасцелi, а да яды i не дакранаецца, дакладвала праз нейкi час служанка Бернару. - Але затое бутэльку да дна выпiвае. Колькi нi дай вiна, усё выжлукцiць гэтая свалата! А ад цыгарэт то ўжо няма спасу. Папрапальвала вунь колькi прасцiн. Скончыцца гэта пажарам! Папомнiце маё слова! Палiць i палiць - пальцы ўжо ўсе жоўтыя. I гэта ж трэба: прапалiць такiя прасцiны! А iх жа спецыяльна заказвалi... Ну, цяпер яна ў мяне пачакае! Няскора я ёй iх памяняю!
Яна яшчэ нешта бубнiла, што не адмаўляецца падмятаць пакой, прыбiраць пасцель, але ж гэтая гультайка не хоча вылазiць з-пад коўдры. Дык цi варта для яе старацца. "Я ж хворая. Ногi вунь ацяклi. А кожную ранiцу прыношу ёй гарачай вады. I ўсё дарэмна: дзе паставiш збан - там вечарам i забярэш..."
Думкi Тэрэзы ўжо адарвалiся ад таго невядомага выдуманага мужчыны. Ёй надакучыла несапраўднае, уяўнае шчасце, i фантазiя вяла яе цяпер новымi шляхамi. Вось яна ляжыць на смяротным ложы. Вакол стаяць на каленях людзi. Да яе прыносяць аднаго з тых хлопчыкаў, што ўцякалi з усiх ног, убачыўшы яе. Ён б'ецца ў перадсмяротных сутаргах. Яна кладзе яму на галоўку свае жоўтыя ад нiкацiну пальцы, i адбываецца цуд: хлопчык устае здаровы. Былi ў яе i больш сцiплыя мроi. Вось яна пабудавала сабе дом на беразе мора. Яна ясна бачыць сад, тэрасу, пакоi, мэблю, рэчы. Спрачаецца сама з сабой, якую лепш выбраць абiўку...
Потым дэкарацыi мянялiся. Усё рабiлася цьмяным i расплывiстым. А перад вачыма стаяла толькi алея ды лаўка на марскiм узбярэжжы. Тэрэза адпачывае, сядзiць на гэтай лаўцы, абапёршыся на чыёсьцi плячо. Потым звiнiць званок: час абедаць. Яна ўстае i iдзе па цёмнай алеi. Нехта крочыць побач. Нечакана дужыя рукi абдымаюць яе... Пацалунак, ад якога спыняецца час... Ёй здаецца, што ў каханнi бываюць iмгненнi, якiя цягнуцца вечна. Яна ўяўляе iх, але сама не зведае нiколi... А вось i белы дом, студня. Скрыпiць помпа. Прыемна пахнуць палiтыя гелiятропы. Абед будзе адпачынкам перад тым шчасцем, якое чакае яе вечарам i ноччу. Яе чакае шчасце, якому немагчыма глянуць у твар, яно бязмежнае, i чалавечае сэрца не ў стане ахапiць яго. Так марыла Тэрэза пра каханне, якога была пазбаўлена ў жыццi. А яно, гэтае гарачае, таямнiчае пачуццё пранiзвала ўсю яе iстоту... Яна амаль не чуе звяглiвага голасу служанкi. Што яна там крычыць?
- Праз дзень-два можа вярнуцца з поўдня месьё Бернар. I што ён скажа, калi зойдзе ў ваш пакой? Ды гэта ж свiнушнiк! Уставайце, мадам! А не - дык падыму вас сiлай!
Тэрэза садзiцца на пасцель i тупа глядзiць на свае схуднелыя, як у шкiлета, ногi... Старая накiдвае на яе капот i падпiхае яе ў крэсла. Тэрэза машынальна шукае каля сябе цыгарэты, але рука ў немачы падае на каленi. Праз адчыненае акно льюцца халодныя сонечныя промнi. Служанка мiтусiцца, падмятае падлогу, сапе, мармыча праклёны. А кажуць, што яна добрая жанчына. Кожны год, калi пад каляды колюць свiнчо, выкармленае ёю, яна хаваецца i плача... А злуецца яна таму, што Тэрэза маўчыць i не адказвае ёй. Гэта для яе найбольшая абраза.
Аднак гаварыць няма ўжо сiлы ў Тэрэзы. Калi яна ўсiм целам адчула свежасць чыстых прасцiн, яна, як здаецца, сказала "дзякуй", але на самай справе нiводзiн гук не зляцеў з яе вуснаў... Адыходзячы, служанка з'едлiва кiнула:
- Ну, гэтых прасцiн то вы ўжо не прапалiце!
Тэрэза спалохалася, што старая забрала цыгарэты. А як жа цяпер... без цыгарэт?.. Яна так прывыкла да дыму... Ёй проста неабходна трымаць у руках гэтую сухую цёплую палачку. Цяпер старая вернецца толькi вечарам... Цэлы дзень без цыгарэт!.. Яна заплюшчвае вочы, а пальцы па прывычцы варушацца, нiбы размiнаюць цыгарэту...
Читать дальше