– Чакаў, праўда? – радасна спытала дзяўчынка.
– Ну, не тое, каб чакаў, – збянтэжыўся Міхал. – Ну… Разумееш, я… Я…
Бася падбадзёрваючы кіўнула яму галавой.
– Ну, я… Ну, ты мяне зразумела.
– Не. – Бася з чаканне пазірала на яго.
– Ну, мы ж дамаўляліся. У сэнсе, ты казала, што прыйдзеш… Ну, увогуле… Чакаў, – скончыў Міхал, адчайна пачырванеўшы.
– І я чакала, – сказала Бася, таксама крышку чырванеючы. Міхал апусціў вочы, намагаючыся стрымаць задаволеную ўсмешку, а Бася, каб не засароміць яго, перавяла размову на іншую тэму:
– Слухай, а можна я сяду?
– Зразумела! Зараз, – усхапіўся юнак і прыняўся майстраваць на веку куфра падушкі.
Прыгожа расклаўшы іх, ён агледзеў сваю працу задаволеным позіркам і павярнуўся да Басі.
– Калі ласка, прашу, – ён злёгку пакланіўся ёй, паказваючы на куфар.
Бася села, але куфар аказаўся высакаватым, і ёй прыходзілася ўпірацца ў падлогу толькі дыбачкамі. Дзяўчынка паспрабавала некалькі хвілін сядзець у паважнай позе, але, выявіўшы, што спаўзае па слізкіх падушках, Бася адставіла этыкет і падціснула адну нагу пад сябе. Міхал трохі пастаяў побач, але потым таксама вырашыў прысесці і прымасціўся на самым краёчку куфра, роўна трымаючы спіну і з цікаўнасцю гледзячы, як сядзіць госця. Адчуўшы, як пачынае дранцвець усё цела, юнак сеў па-турэцку, павярнуўшыся да Басі тварам.
– А колькі табе гадоў? – спытала яна.
– Васямнаццаты, – няпэўна адказаў Міхал. – А табе?
– Мне толькі пятнаццаць, – працягнула Бася. – Калі ў цябе дзень нараджэння?
– У чэрвені.
– А зараз які месяц?
– Жнівень, – сказаў юнак.
– Жнівень? Дык табе толькі два месяцы, як сямнаццаць! – недалікатна фыркнула дзяўчынка.
Міхал нахмурыўся. Убачыўшы гэта, Бася паспяшалася загаварыць пра іншае:
– А ў мяне зараз пачатак ліпеня. Атрымліваецца, што ў нас па-рознаму ідзе час.
– Напэўна, – сказаў Міхал.
– А што гэта была за жанчына, якую я бачыла, калі прыходзіла да цябе ў першы раз? Твая матуля?
– Не, гэта карміцелька. Матуля памерла.
– Як памерла? – усклікнула дзяўчынка.
Ад жалю да Міхала на яе вочы навярнуліся слёзы. Яна ўзяла яго за руку, ад чаго юнак адразу паружавеў, і сказала:
– Бедненькі!
– І тата таксама памёр, – журботна прамовіў Міхал. Бася зусім засмуцілася:
– Дык ты сірата? Зусім адзін?
– Ну, чаму адзін? У мяне ёсць карміцелька, мае людзі.
– А даўно твае бацькі памерлі?
– Маці – калі я зусім маленькі быў, а бацька – паўгода таму. Бася спачувальна ўздыхнула:
– І як ты зараз жывеш?
– Хаджу на службу да майго хроснага.
– А хто твой хросны?
– Яго Мосць пан князь Мікалай Радзівіл.
Бася кінула на юнака падазроны позірк і спытала:
– Каторы?
Міхал уважліва паглядзеў на яе.
– Чорны, – адказаў ён.
– Брэшаш! – сказала Бася.
– Брахаць не годна шляхцічу! – парыраваў Міхал.
– Дык ты шляхціч?
– Ну так. Вунь бачыш радавы герб? – Юнак паказаў на шчыт, які вісеў на сцяне.
– Гэта той з палосачкамі? – спытала Бася, прыжмурваючыся, каб разгледзець герб у паўзмроку.
Міхал закаціў вочы і асуджана ўздыхнуў.
– Угу, – цярпліва прамычаў ён.
– А якое ў цябе прозвішча?
– Саколіч. А ў цябе?
– А ў мяне Станкевіч.
– О, дык ты з добрага роду! – усклікнуў Міхал.
– Ну не ведаю. Думаю, што мы проста цёзкі па прозвішчы з тымі Станкевічамі. Дык кім ты служыш у князя Радзівіла?
– Я харунжы [1] Харунжы – сцяганосец у войску.
харугві [2] Харугва – баявы сцяг войска.
Яго Мосці. Калі бацька памёр, пан князь Мікалай узяў мяне служыць.
– А што ты рабіў да гэтага?
– Вучыўся.
– Дзе? – Бася з цікаўнасцю глядзела на Міхала.
– У Кракаўскім універсітэце.
– Ого! – з захапленнем вымавіла дзяўчынка. – А на якім факультэце?
– На філасофскім. Першы год я адвучыўся, нават ступень бакалаўра атрымаў, – пахваліўся юнак. – Ну, а гэты год не скончыў, бо бацька захварэў і адклікнуў мяне дадому. Зараз я б якраз трымаў іспыты. Слухай, а ты адкуль столькі ведаеш пра мой час? І пра пана князя, і пра ўніверсітэт?
– Дык гісторыю ж у школе вывучаю! – сказала Бася.
– А ў вас паненкі не дома вучацца? – здзівіўся Міхал.
– Не, – пакруціла галавой дзяўчынка.
– У асобных школах?
– Чаму? У агульных. І дзяўчаты, і хлопцы. А потым і ва ўніверсітэт можна.
– І паненкам таксама? – з сумневам у голасе спытаў юнак.
– Ну зразумела! У нас адукацыя даступная для ўсіх. Дарэчы, гэта больш разумна, чым у вас, – павучальна заўважыла Бася.
Читать дальше