Першым, хто задумаўся над несправядлівасцю пісьменніцкага лёсу Я. Брайцава, быў выдатны беларускі паэт Алесь Пісьмянкоў. Па праву зямляцкага паклікання [7] А. Пісьмянкоў (1957–2004) ураджэнец в. Іванаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.
Алесь Уладзіміравіч узяўся за вывучэнне твораў Я. Брайцава з тым, каб прапанаваць якому-небудзь выдавецтву зборнік і ўрэшце адкрыць для беларускага чытача яшчэ адно імя ў нашай літаратуры. У сваім артыкуле «Забыты Брайцаў» («ЛіМ». 26.02.1999) А. Пісьмянкоў успамінаў сустрэчу са сваім школьным настаўнікам, выдатным краязнаўцам Аляксандрам Іосіфавічам Нікіценкам і яго скрушныя словы: «Забылі Брайцава, зусім забылі, а шкада: прыгожы быў чалавек». З гэтым і прыйшоў Алесь Уладзіміравіч у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва – выправіць недахоп памяці, тут знайшоў сваіх аднадумцаў, тут былі зроблены першыя крокі па вяртанні пісьменніка ў літаратурны кантэкст. На вялікі жаль, толькі першыя крокі: 23 красавіка 2004 г. Алесь Уладзіміравіч раптоўна пайшоў з жыцця. Яго ідэю вырашылі не адкладваць. Праца па ўкладанні зборніка была распачата ўжо выключна намаганнямі супрацоўнікаў архіва-музея. Пасля быў доўгі шлях блукання гэтага зборніка па выдавецтвах. Яго выпрабоўваў лёс, як не аднойчы выпрабоўваў і яго аўтара.
Якуб Раманавіч Брайцаў нарадзіўся 19 лютага 1861 г. у сяле Забялышын Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні [8] Цяпер Хоцімскі р-н Магілёўскай вобл.
ў сялянскай сям’і. Па ўспамінах сваякоў, бацька быў суровым і працавітым гаспадаром, сваіх дзяцей выхоўваў у бесперапыннай, часам знясільваючай, працы і выключнай дысцыпліне. Сам жа пісьменнік згадваў: «Суровый отец мой не любил шутить делом» [9] Радкі з аўтабіяграфічнай аповесці «Дудолева лоза».
. У сям’і выхоўвалася чацвёра дзяцей: сыны Якуб, Іван, Васіль і дачка Марыя. Усім траім Раманавым сынам, дзякуючы прыродным здольнасцям і выхаванай змалку працавітасці, суджана было атрымаць выдатную адукацыю і стаць вядомымі людзьмі свайго часу: Іван (1870–1947) стаў матэматыкам, доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам; Васіль (1878–1964) – знакамітым хірургам, вучоным у галіне эксперыментальнай і клінічнай хірургіі, прафесарам, сапраўдным членам Акадэміі медыцынскіх навук СССР. Самым вялікім рамантыкам у сям’і, з юначых гадоў здольным да філасофскага аналізу стану рэчаў, да ўспрыняцця літаратурных твораў так, каб аж не спаць усю ноч ад хвалявання, быў старэйшы сын Якуб. Гэтая акалічнасць не спрыяла трываласці адносінаў з бацькам, які, па-ўсяму, не падзяляў імкненні сына да спраў, што адбіралі час у непраходзячых гаспадарчых клопатаў. На яго, як на старэйшага, ускладваліся абавязкі і надзеі прадаўжальніка сялянскай гаспадарскай традыцыі, кармільца, і не з прыхамаці бацькі, а па адвечным беларускім звычаі. Ён жа гэты звычай намерыўся парушыць і ў вачах усёй вясковай грамады быў дзіваком і адступнікам. Але колькі такіх маладых вяскоўцаў было ў той час у Беларусі, якія адважыліся ламаць спаконвечныя законы, адчуваючы сваю наканаванасць быць у літаратуры, музыцы, навуцы.
Якуб Брайцаў скончыў пачатковую школу ў родным Забялышыне прыблізна ў 1873 г. і паступіў у павятовае вучылішча ў Клімавічах. Менавіта тут ён пазнаёміўся з магутным талентам А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Лермантава, М. Някрасава. На ўсё жыццё яму запомніліся прыватныя вечары ў Клімавічах, дзе ён зачаравана слухаў мастацкую дэкламацыю іх твораў і яго ахоплівала неверагодная радасць і хваляванне. Юнак меў вялікую мару «выйсці ў людзі»: старанна вучыўся, спасцігаў не толькі літаратуру, але і матэматыку, геаграфію, іншыя навукі. Пасля сканчэння прыблізна ў 1878 г. павятовага вучылішча, будучы на раздарожжы і пакуль яшчэ падпарадкоўваючыся волі бацькі, ён застаецца ў Забялышыне і працуе памочнікам пісара Забялышынскай управы. У хуткім часе адпраўляецца шукаць шчасця на Украіну і ўладкоўваецца канторшчыкам на цукровы завод памешчыка Цярэшчанкі [10] Вядомы на той час 2 уладальнікі цукровых заводаў у сучаснай Жытомірскай вобл. Фёдар і Мікалай Цярэшчанкі. Фёдар Арцем’евіч Цярэшчанка пабудаваў цукровы завод у 1870 г. у м. Чырвоным. Недалёка ад Чырвонага знаходзіцца Андрушаўка, дзе цукровым заводам валодаў Мікалай Арцем’евіч Цярэшчанка.
. Але праз два гады Я. Брайцаў вымушаны быў вярнуцца ў сваю вёску «на прызыў» у салдаты. Ад вайсковай службы быў вызвалены як старэйшы сын у сям’і, але і на гаспадарцы заставацца не захацеў. Насуперак бацьку вырашыў ехаць у Маскву. Была ў яго і аднадумца – Праскоўя Кілесава, фельчарка мясцовай бальніцы, нявеста. З ей і адправіўся ў далёкі шлях. На паштовай станцыі Звянчатка (паміж Крычавам і Рослаўлем) маладыя павянчаліся. Іх чакалі выпрабаванні беспрытульнасцю і беднасцю і ўрэшце здабыты цяжкай працай дабрабыт, а пасля вялікае расчараванне дваццаці год маскоўскага жыцця.
Читать дальше