І закрыў ён твар далонямі, і заплакаў, і запытаў сваё сэрца: «Як сталася так, што я поўны скрухі і страху, а кожны мой вучань – вораг, што прыходзіць апоўдні?» І сэрца мовіла ў адказ: «Бог напоўніў цябе дасканалаю ведаю пра Яго, а ты перадаў гэтую веду іншым. Найкаштоўнейшы скарб ты падзяліў і непашыты хітон разарваў на кавалкі. Той, хто раздае мудрасць, рабуе сябе самога. Ён падобны да таго, хто аддае сваё багацце рабаўніку. Ці ж Бог не мудрэйшы за цябе? Хто ты такі, каб раздаваць таямніцу, якую раскрыў табе Бог? Калісьці я было багатым, а ты пазбавіў мяне багацця. Калісьці я бачыла Бога, а ты схаваў Яго ад мяне».
І ён зноў заплакаў, бо ведаў, што сэрца сказала яму праўду, што аддаў ён іншым дасканалую веду пра Бога і зрабіўся падобным да таго, хто чапляецца за Боскі падол, і чым больш тых, хто верыць у яго, тым меншая яго вера.
І сказаў ён сабе: «Я не буду больш гаварыць пра Бога. Той, хто раздае мудрасць, сам сябе рабуе».
І праз колькі гадзінаў вучні ягоныя падышлі да яго, нізка схіліся й мовілі: «Настаўніча, скажы нам пра Бога, бо маеш дасканалую веду пра Яго, і ніхто, апроч цябе, не валодае ёю».
І мовіў ён ім у адказ: «Я буду гаварыць вам пра ўсё, што ёсць у нябёсах і на зямлі, але пра Бога я не буду гаварыць вам. Ні цяпер, ні пасля не буду я гаварыць вам пра Бога».
І ўгневаныя, сказалі яны яму: «Ты прывёў нас у пустэльню, каб мы слухалі цябе. Ты хочаш пакінуць неспатоленымі ўсіх, каго сабраў, каб ішлі за табой?»
І мовіў ён ім у адказ: «Я не буду гаварыць вам пра Бога».
І сказаў яму натоўп, наракаючы: «Ты прывёў нас у пустэльню і не наталіў нас. Гавары нам пра Бога, прынясі нам спатолю».
Але ён не адказаў нічога, бо ведаў, што калі будзе гаварыць ім пра Бога, то раздасць сваё багацце.
І вучні ягоныя пайшлі ад яго ў скрусе, і людзі вярнуліся ў свае дамы, а многія памерлі ў дарозе.
І застаўшыся сам, павярнуўся ён тварам да месяца, і рушыў у падарожжа, і ішоў, пакуль не мінула сем поўняў, і не размаўляў ні з кім, і нікому не адказваў. І калі мінула сёмая поўня, дайшоў ён да пустэльні, пустэльні Вялікай Ракі. І натрапіўшы на пячору, дзе некалі жытлаваў кентаўр, ён абраў яе сваім домам, і сплёў сабе кілім з трыснягу, каб спаць на ім, і зрабіўся пустэльнікам. І кожную хвіліну пустэльнік славіў Бога за тое, што мае яшчэ веду пра Яго і Ягоную дзівосную веліч.
Аднаго вечару, калі пустэльнік сядзеў ля пячоры, якую зрабіў сваім домам, заўважыў ён юнака са злосным і прыгожым тварам. Юнак праходзіў міма ў лахманах і з пустымі рукамі. Штовечар з пустымі рукамі юнак праходзіў міма, і штораніцы ён вяртаўся, несучы з сабой пурпуру і перлы, бо гэта быў злодзей, што рабаваў гандлярскія караваны.
І пустэльнік глядзеў на яго, і шкадаваў яго, аднак нічога не казаў. Бо ведаў, што той, хто скажа хоць слова, страціць веру.
І аднае раніцы, калі юнак вяртаўся, несучы з сабой пурпуру і перлы, ён спыніўся, і насупіўся, і тупнуў нагой па пяску, і сказаў пустэльніку: «Чаму ты так глядзіш на мяне, калі я праходжу міма? Што такое бачу я ў тваіх вачах? Ніхто раней не глядзеў на мяне так. Церні і трывога мне позірк твой».
І пустэльнік мовіў яму ў адказ: «Тое, што бачыш ты ў маіх вачах, – шкадаванне. Шкадаваннем завецца тое, што глядзіць на цябе з маіх вачэй».
І юнак пагардліва засмяяўся і злосна крыкнуў яму: «У мяне ёсць пурпура і перлы, у цябе ж няма нічога, апроч кіліма з трыснягу, каб спаць на ім. Як можаш ты шкадаваць мяне? Адкуль гэтае шкадаванне?»
«Я шкадую цябе, – адказаў пустэльнік, – бо ў цябе няма веды пра Бога».
«А ці каштоўная твая веда пра Бога?» – спытаў юнак і падышоў бліжэй да пячоры.
«Яна каштоўнейшая за ўсю пурпуру і перлы свету», – адказаў пустэльнік.
«І ў цябе яна ёсць?» – спытаў юнак і падышоў яшчэ бліжэй.
«Калісьці, – пачаў пустэльнік, – я меў дасканалую веду пра Бога. Аднак, неразважлівы, я аддаваў яе іншым і тым самым падзяліў яе. Але нават тая веда, якую я маю цяпер, даражэйшая мне за пурпуру і перлы».
І пачуўшы гэта, малады злодзей адкінуў прэч пурпуру і перлы, што нёс з сабой, і, дастаўшы вострую сталёвую шаблю, сказаў пустэльніку: «Зараз жа аддай мне веду пра Бога, альбо, клянуся, я заб’ю цябе! Бо чаму б не забіць мне таго, чый скарб большы за мой?»
І пустэльнік паціснуў плячыма, і сказаў: «Ці не лепей будзе мне пайсці ў далёкія палацы Бога і славіць Яго, чым жыць у гэтым свеце, не маючы веды пра Яго? Забі мяне, калі хочаш, але не аддам я табе веды пра Бога».
І малады злодзей укленчыў і пачаў маліць яго, аднак пустэльнік не стаў гаварыць з ім пра Бога, і не аддаў яму свайго скарбу, і злодзей падняўся і сказаў яму: «Хай будзе як хочаш. Я ж пайду ў Горад Сямі Грахоў, што за тры дні дарогі адсюль, і за маю пурпуру атрымаю я там асалоду, і за перлы мае куплю спатолю».
Читать дальше