Так караван праходзіць каля мілі. Затым ён зноў спыняецца. Гэта распарадзіўся чалавек, які сам вызваўся быць правадніком. Ён нацягвае павады, але ў позе яго ўжо няма ранейшай самаўпэўненасці. Мабыць, ён заклапочаны, не ведае, куды ехаць.
Ландшафт, калі яго толькі можна так назваць, змяніўся, але не да лепшага. Усё па-ранейшаму чорнае да самага гарызонта. Толькі паверхня ўжо не роўная: яна стала хвалістай. Ланцугі ўзгоркаў перамяжоўваюцца далінамі. Нельга сказаць, што тут зусім няма дрэў, хаця тое, што ад іх засталося, наўрад ці можна так назваць. Тут былі дрэвы да пажару – алгароба, мескіта і яшчэ некаторыя віды акацыі раслі тут адзінкава і гаямі. Іх перыстае лісце знікла без следу, засталіся толькі абвугленыя ствалы і пачарнелае галлё.
– Ты збіўся з дарогі, мой друг? – пытае плантатар, таропка пад’язджаючы да пляменніка.
– He, дзядзька, пакуль не. Я спыніўся, каб агледзецца. Нам трэба ехаць вось па гэтай даліне. Няхай караван працягвае шлях. Мы едзем правільна, я за гэта ручаюся.
Караван зноў рушыць. Спускаецца ўніз па схіле, накіроўваецца ўздоўж даліны, зноў узбіраецца па адкосе і на грэбені ўзвышша зноў спыняецца.
– Ты ўсё ж збіўся з дарогі, Каш? – паўтарае сваё пытанне плантатар, пад’язджаючы да пляменніка.
– Чорт вазьмі! Баюся, што твая праўда, дзядзька. Але скажы, які д’ябал мог бы наогул адшукаць дарогу на гэтым папялішчы!.. Не-не! – раптам усклікае Калхаўн, убачыўшы, што карэта пад’ехала зусім блізка. – Мне цяпер усё зразумела. Мы едзем правільна. Рака павінна быць вунь у тым напрамку. Уперад!
I капітан прышпорыў каня, відаць сам не ведаючы, куды ехаць. Фургоны рухаюцца за ім, але з-пад увагі вазніцаў не выпала збянтэжанасць Калхаўна. Яны заўважаюць, што абоз рухаецца не прама ўперад, a кружыць па далінах паміж гаямі.
Але вось бадзёры вокліч важатага адразу падымае настрой падарожнікаў. Дружна шчоўкаюць пугі, чуюцца радасныя выкрыкі.
Вандроўнікі зноў на дарозе, дзе да іх праехала, мабыць, з дзясятак павозак. I гэта было зусім нядаўна: сляды калёс і капытоў свежыя, нібы зроблены яны гадзіну назад. Відаць, па выпаленай прэрыі праехаў такі ж караван.
Як і яны, ён, мабыць, браў кірунак да берагоў Ляоны; вельмі верагодна, што гэта ўрадавы абоз, які накіроўваецца ў форт Індж. У такім выпадку застаецца толькі рухацца па яго слядах. Форт знаходзіцца ў тым жа напрамку, толькі крыху далей за новы маёнтак.
Нічога лепшага нельга было і чакаць. Ад збянтэжанасці Калхаўна не застаецца і следу, ён зноў узняўся духам і з пачуццём адкрытага самаздаволення аддае распараджэнне рухацца.
На працягу мілі, а можа, і болей караван ідзе па знойдзеных слядах. Яны вядуць не прама ўперад, а кружаць сярод абгарэлых гаёў. Самаздаволеная ўпэўненасць Касія Калхаўна пераходзіць у змрочны смутак. На твары яго адбіваецца глыбокі адчай, калі ён урэшце здагадваецца, што сляды сарака чатырох калёс, па якіх яны едуць, былі пакінуты карэтай і дзесяццю фургонамі – тымі самымі, што едуць зараз за ім і з якімі ён прайшоў увесь шлях ад заліва Матагорда.
He засталося ніякіх сумненняў, што фургоны Вудлі Пойндэкстэра ішлі па слядах сваіх жа калёс.
– Нашы сляды! – прамармытаў Калхаўн; зрабіўшы гэта адкрыццё, ён нацягнуў павады і пачаў сыпаць праклёны.
– Нашы сляды? Што ты гэтым хочаш сказаць, Касій? Няўжо мы едзем…
– …па нашых уласных слядах. Так, іменна гэта я і хачу сказаць. Мы апісалі поўны круг. Глядзіце: вось задні капыт майго каня – адбітак паловы падковы, а вось сляды неграў. Цяпер я пазнаю і месца. Гэта той самы ўзгорак, адкуль мы спускаліся пасля нашага апошняга прыпынку. Вось ужо чартоўскі не пашанцавала – дарэмна праехалі каля дзвюх міль!
Цяпер на твары Калхаўна бачыцца не толькі разгубленасць – на ім з’явілася горкая прыкрасць і сорам. Гэта ён вінаваты, што ў караване няма сапраўднага правадніка. Той, якога нанялі ў Індыяноле, суправаджаў іх да апошняй стаянкі; там, паспрачаўшыся з ганарыстым капітанам, папрасіў разлік і адправіўся назад.
Усё гэта, а таксама празмерная самаўпэўненасць, з якой ён узяўся сам весці караван, вымушаюць цяпер пляменніка плантатара адчуваць пакутлівы сорам. Яго настрой робіцца змрочным, калі набліжаецца карэта і цудоўныя вочы бачаць яго разгубленасць.
Пойндэкстэр больш не задае пытанняў. Усім цяпер ясна, што яны збіліся з дарогі. Нават басаногія пешаходы пазналі сляды сваіх ног і зразумелі, што ідуць па гэтых месцах ужо другі раз.
Караван зноў спыніўся; коннікі ўзбуджана раяцца. Становішча сур’ёзнае – так думае і сам плантатар. Ён страціў надзею да наступлення цемнаты закончыць падарожжа, як меркавалася раней.
Читать дальше