У такіх месцах небяспечна плаваць. Падхопіць хваля човен, шыбане яго аб скалу, — і тады канец.
— Я баюся, — пішчыць маленькі хлопчык, — едзем назад!
Манг вымушаны вяртацца, але дае сабе слова ў другі раз, калі будзе адзін, абавязкова праехаць далей, выбрацца туды, на прастору. Можа, там і ляжыць тая зямля, дзе жывуць цудоўныя белыя істоты?
Людзі сустракаюцца вельмі рэдка. Сям-там убачыш адну ці дзве кану, якія капошацца ў ціхім кутку ля берага, вышукваючы спажыву, а потым на працягу некалькіх дзён не ўбачыш ніводнага чалавека. Колькі ўсяго гэтага народу налічваецца — ніхто не ведае. Думаюць, што засталося не болей як чатырыста — пяцьсот чалавек.
Самі яны ніколі разам не збіраюцца, не маюць аніякай арганізацыі, нават не маюць сваіх старшынь ці правадыроў. Так і жывуць паасобку, неарганізаваныя і самастойныя. На паперы належаць да Чылійскай рэспублікі, але яны столькі сама ведаюць сваю рэспубліку, колькі і яна іх.
Толькі птушак усюды было многа. Часам яны так крычалі навакол, што заглушалі гутарку. Усе гэтыя птушкі, як і людзі, жылі выключна за кошт мора.
Хлопцы ехалі сярод невялічкіх астраўкоў. Направа яны былі параскіданы сям і там, нібы плямы на шкле, злева ж зліліся ў адзін ланцуг.
Ужо на працягу некаторага часу да хлопцаў даносіўся незразумелы шум: нібы гоман і шолах шматлікага натоўпу. Спачатку хлопцы не звярталі на гэта ўвагі, тым болей, што наогул птушынага крыку было досыць. Але нарэшце зацікавіліся.
— Здаецца, там, на тым баку, — сказаў хлопчык.
Манг прыпыніўся, прыслухаўся. Сапраўды, з левага боку, па-за скаламі, нешта рабілася. Найбольш цікава было тое, што ніякага крыку не было чуваць, а між тым выразна чуўся нейкі гул, варушэнне.
Падплылі да берага, вылезлі і асцярожна папаўзлі ўверх. Зірнулі з-за скалы і ўбачылі дзіўнае з'явішча.
На нізкім, роўным беразе тварам да мора выстраілася шматлікае… войска. Роўнымі шарэнгамі, нерухомыя і маўклівыя, стаялі атрады «салдат». Перад імі хадзілі нібы камандзіры, якія час ад часу кідаліся ў мора, давалі нырца і потым зноў падыходзілі і, размахваючы рукамі, нешта казалі сваім салдатам.
Падабенства да салдат было яшчэ большым ад таго, што ўсе былі, як адзін: чорныя спіны і бакі і белы перад. Толькі адзін атрад быў нейкі абшарпаны: адзенне парванае, мясцінамі відаць голае цела. Ростам яны былі прыблізна каля аднаго метра, некаторыя і болей.
Асобны атрад складалі маладыя. А далей ужо сядзела на зямлі шмат народу, відаць, жанчыны. Парадак быў суровы: калі хто-небудзь падыходзіў да чужога атрада, дык зараз жа яго адтуль праганялі.
Хоць нашым хлопцам і знаёмы былі гэтыя «салдаты», але і яны доўга дзівіліся, гледзячы на іх. І ўсе, каму здаралася бачыць іх, не маглі надзівіцца на гэтых птушак, пінгвінаў.
Звычайна пінгвіны праводзяць час у вадзе, дзе адчуваюць сябе, як рыбы. На беразе яны збіраюцца, каб вывесці дзяцей. Па зямлі ходзяць выключна на дзвюх нагах. Замест крылаў у іх ласты, прыблізна такія, як у маржоў. Вось чаму яны і лётаць не могуць, вось чаму гэтыя ласты-крылы вельмі нагадваюць рукі, асабліва, калі яны рухаюцца пры хадзе.
Спіна пінгвінаў пакрыта пер'ем, падобным да рыбінай лускі і дапасаваным на манер гонтаў на даху. Толькі перад пакрыты белым пухам, які можна лічыць і поўсцю, ды на галаве, нібы шчэць, тырчаць некалькі пер'яў.
Манг захацеў налавіць гэтых птушак. Хоць мяса іх і нясмачнае, але фуіджынцы не могуць адмовіцца і ад яго. Апрача таго, і скуры спатрэбяцца на адзенне.
Бяда толькі, што даступіцца да іх было цяжка. Тыя скалы, дзе былі хлопцы, аддзяляліся ад стойбішча пінгвінаў вадой. Града скал ішла далёка наперад, паступова павышалася і пераходзіла ў высокія горы, так што з гэтага боку абысці нельга было. Заставаўся другі шлях — морам, але там між каменняў былі такія буруны, што аб'язджаць іх было б вельмі рызыкоўна. Нездарма пінгвіны абралі такое месца.
Тады Манг парашыў ехаць да сваіх і потым ужо меркаваць усім разам. Пакуль яны прыехалі дадому, надышоў вечар. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра.
Калі назаўтра прыехалі ўсе, ніякіх змен не было. Войска стаяла па-ранейшаму, нібы яно і не краталася за ўвесь гэты час. Па-ранейшаму частка пінгвінаў плавала ў вадзе, нібы тыя самыя, што і ўчора. Сапраўды ж, вядома, кожны раз гэта былі іншыя.
Пачалі раіцца, што рабіць.
— Я адзін аб'еду навакол, ад мора, — прапанаваў Манг.
Але стары Кос не згадзіўся.
— Лепш будзе, — сказаў ён, — перацягнуць кану на той бок.
З гэтай простай прапановай нельга было не згадзіцца, асабліва, калі прыняць пад увагу лёгкасць шытых чоўнаў. Павінен быў згадзіцца і Манг, хоць яму вельмі хацелася паказаць сваё геройства.
Читать дальше