— І высушыць, — дадаў Віктар.
Знялі мяса і ўзяліся за новую справу. Адразу выявілася, што сушыць нельга, бо не было чым парэзаць на тонкія лусты. Пачалі кавалкамі пячы. Да ночы ў шалашы было ўжо шмат печаных кавалкаў.
Мірон дадумаўся нават да рацыяналізацыі. Таму што солі, якая ў іх была, не хапала, каб пасаліць мяса, ён засаліў крыху вады і памачыў у ёй кавалкі мяса.
— Гэта пойдзе ў лік пайка, — звярнуўся ён да Віктара. — Дадаваць да такога кавалка яшчэ солі ты не будзеш мець права.
— Я і не думаю, абы толькі захаваць на лішні дзень.
— Але ў адну кучу іх усе класці нельга, каб не загніліся, — прамовіў Мірон і азірнуўся навакол.
— Тады паложым іх у хлеў, — сказаў Віктар. — Пакуль што ён у нас пусты.
Там на сухіх галінках і расклалі кавалкі паасобку. Гаршкі пакінулі сушыцца над агнём.
— Мы ж забыліся пра нашых пчол, — сказаў Віктар, калі яны паляглі ўжо спаць.
— Туды пойдзем заўтра раніцою, — адказаў Мірон.
Назаўтра ўзялі з сабой адзін з гаршкоў, палажылі туды вугольчыкаў і пайшлі па мёд. Пад дрэвам расклалі агонь. Але як выкурыць пчол там, наверсе?
— Я палезу туды, а ты мне падасі тычку запаленага моху, — прапанаваў Віктар.
— Каб знайсці добрую жэрдку, дык лепш было б з зямлі прасунуць, — сказаў Мірон. — Спакайней, ды і табе не прыйшлося б цярпець.
Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку. Як загуло там! Хлопцы зараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары.
Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала.
Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.
— Ды гэтага і чакаць трэба было, — сказаў Мірон. — Новага мёду не маглі яшчэ назбіраць. Засталіся толькі леташнія рэшткі.
— Дзякуй і за гэта. Шклянка добрая набярэцца, — казаў Віктар, аблізваючы пальцы.
— Цяпер мы жывём! — разважаў Мірон, калі ішлі назад. — Калі ўзяць, напрыклад, ды змяшаць з мёдам ліпавае лісце, дык будзе такая страва, ад якой ніхто і дома не адмовіўся б. Пасля мяса гэта будзе вельмі дарэчы.
— Пачакай цешыцца, — усміхнуўся Віктар. — Можа, звар'яцееш яшчэ.
— Чаму так? — прыпыніўся Мірон.
— Забыўся? А можа, гэта мёд з той цудоўнай азаліі?
— Ну, не. Столькі не набяруць.
— Калі не зусім, дык крыху ашалееш.
З гэткімі гутаркамі яны весела ішлі дадому і не думалі пра тое, што іх там магло чакаць.
А калі прыйшлі, то ўбачылі такую карціну, ад якой аж уваччу пацямнела: абгрызеныя косці, разбураны хлеў і сляды звяроў…
У Мірона ледзь гаршчок не вываліўся з рук, а Віктар забегаў і закрычаў, нібы хто яго ўкусіў.
— Ах, праклятыя! Хто гэта? Як гэта здарылася?!
— Мы забыліся, што апрача нас у лесе яшчэ ёсць насельнікі: лісы, ваўкі, дзікі, — панура сказаў Мірон. — Вось хто-небудзь з іх і паквапіўся.
Віктар пачаў прыглядацца да слядоў.
— Ды тут іх шмат было! — сказаў ён. — Вось сляды нібы ваўка, вось — нібы кошкі. А тут вунь яшчэ нейкія. Адкуль яны ўсе разам сабраліся?
— А навошта было ім збірацца ўсім разам. Спачатку хто-небудзь адзін прыйшоў, разбурыў, наеўся, а там маглі пачуць і падысці іншыя. Але нам ад гэтага не лепш.
— Што ж мы цяпер будзем рабіць? — схапіўся за галаву Віктар.
— Тое, што і да гэтага часу, — спакойна адказаў Мірон. — Трэба думаць, што не загінем, як і дагэтуль.
Спакойны тон Мірона крыху суцешыў і Віктара. Выбух роспачы сцішыўся, а там яны ўзялі сябе ў рукі і сталі глядзець на справу цвяроза. Усё роўна назад не вернеш. Калі забыліся, дзе знаходзяцца, зрабілі памылку, дык трэба прыняць яе пад увагу і другі раз быць разумнейшымі.
— Вось ужо колькі памылак мы нарабілі, — разважаў Віктар, — кожны раз абяцаем быць разумнейшымі і ўсё аніяк не можам паразумнець.
Мірон нават засмяяўся.
— Ці ведаеш, што мы і так разумныя? — сказаў ён.
— Не відаць гэтага, — паківаў галавой Віктар.
— Добра відаць. Калі яшчэ не памерлі, значыцца, не дурныя. А калі пажывём у гэткіх умовах год, то я абяцаю табе, што памылак у нас амаль не будзе.
Читать дальше