Бабы заняты важнай заняткаю, —
Вілкі, чапёлы ў дзела ідуць, —
Зь нейкай паважнай ходзяць аглядкаю,
Сьвята сягоньня — бліны пякуць.
Рана і жонка ўстала Рыгорава, —
Мужа з дарогі жджэ і дачкі;
Носіць ваду, змарылася здорава,
Печ падтапіла, ставіць гаршкі.
Можа, яна ужо разы і сотнія
Глянула ў шыбы з хаткі на двор;
Мучаць старую думкі маркотныя:
Штосьці ня едзе з Ганнай Рыгор.
Выехаў ўчора цёмнаю раніцай,
Меўся вярнуцца нанач дамоў;
Праўда, кабылка худа, чуць цягнецца,
Але вялікі ужо час прайшоў.
Што за прычына, што так задлякаўся, —
Трудна згадаць, хоць як варажы,
Ці мо дзе ў гурбу сьнежную ўпякаўся,
Ці мо начуе у Рубяжы?
…Скрыпнулі сані… У вокны марозныя
Хутка, пакуль там бегчы на двор,
Вочы свае Рыгорыха сьлёзныя
Ўставіла й бачыць: узьехаў Рыгор.
— Дзе ж ты дзеў Ганну? — у мужа пытаецца.
— Няўжо, — ён кажа, — Ганны няма?
I абаім ім сэрца сьціскаецца,
Дум усялякіх хлынула цьма.
Ганна з двара ужо іншай дарогаю
Йшла, як ехаў Рыгор па яе;
Думаў, што дома. Бачыць з трывогаю:
Дома няма. Дык дзе ж яна, дзе?
Дарма шукаці рвуцца ў аколіцы,
Ў вёсцы пытаці, на мшы даваць;
Дарма ён стогне, а яна моліцца:
Ганны нідзе няма, не чуваць.
Толькі ад часу, як гэта сталася,
Гутарка ходзіць так па сяле: —
Ў сьнег як зямелька ўся адзявалася,
Неба мяцеліцу грозну пашле, —
Ночнай парою з бара недалёкага
Нейкае зданьне — глянуці страх —
Чуць лезе з гурбаў, зь сьнегу глыбокага,
Йдзе на дарогу з ношкай ў руках.
Хто йдзе ці едзе, страх таму гэтае
Дзіва сустрэці, голас пачуць, —
Страшная мара, напаўадзетая,
Зблытаны косы, вочы пякуць.
Грудзь да касьцей дзявоцкая вырвана,
Ранай адною сьвеціцца ўся,
Стане… кроў люне чырвана-чырвана;
Рукі калышуць мару-дзіця.
Тулаў дзіцяці толькі хістаецца,
Ручак, галоўкі, ножак няма;
Да падарожных зь ім падбліжаецца,
Жальбу заводзіць жудка сама.
Жаліцца ўперад, посьле жалобную
Страшную песьню сьлёзна пяе;
Гэткую песьню чуем падобную,
Як сьмерць запусьціць джгалы свае.
Аб тых, што зь сьветам гэтым разлучаны,
Аб затрутым бяз часу жыцьці,
Аб маці зь дзіцем плача замучанай,
Моліць крыху сагрэць, падвязьці.
Хрысьцяцца людзі, чуючы гэтае,
Мейсца мінаюць тое барзджэй,
Зданьне зноў у лесе зь песьняй нясьпетаю,
Зь дзіцем, з катомкай нікне сваей.
Памяць аб гэтым людзі вясковыя
Шчыра гадуюць, вера жыве:
Яміну тамка ў гушчы сасновае
«Ганьніным Ярам» вёска заве.