У канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў у Слоніме іх усе добра ведалі. Яны пісалі вершы, выступалі на літаратурных вечарах, сустрэчах, друкаваліся ў мясцовай і віленскай прэсе. Гэта былі — Сяргей Хмара-Сіняк, Анатоль Іверс і Сяргей Новік-Пяюн. А яшчэ іх аб’ядноўвала тое, што яны любілі свой край, свой народ, размаўлялі на роднай мове. Пры паляках два Сяргеі і Анатоль былі пад наглядам польскай паліцыі, пасля 1939 года — пад пільным вокам НКУС, у гады вайны — страх быў і перад немцамі, і перад савецкімі партызанамі. Менавіта вайна скразною лініяй прайшла праз лёс гэтых хлопцаў, яна іх разлучыла назаўсёды. Сяргею Хмары (старэйшы за іх быў і больш вопытны) удалося ўцячы на Захад, Сяргей Новік-Пяюн у снежні 1944 годзе быў арыштаваны органамі НКУС, а праз год адпраўлены на 10 гадоў на Калыму. Анатоля Іверса арышты мінавалі, хаця немцы расстралялі ягоных жонку і бацьку. А сам паэт, жывучы ў Слоніме, да самай смерці насіў кляймо “нацыяналіста”. Пасля вайны, як пісаў Васіль Быкаў у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”, Анатоль Іверс “быў звольнены з працы, выключаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе”(Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Мн., 2002. С. 319).
Мне пашанцавала ў жыцці з гэтымі людзьмі быць добра знаёмым, шмат гадоў сябраваць. З Анатолем Іверсам сустракаліся і гутарылі часцей, бо жыў ён са мною побач у адным нашым родным Слоніме. З Сяргеем Новікам-Пяюном сустрэчы адбываліся і ў Слоніме, і ў Мінску ў ягонай маленькай кватэры на вуліцы Купрыянава. А вось спаткацца з Сяргеем Хмарам не давялося, хаця мы дзесяць гадоў перапісваліся. Шмат гэтыя людзі мне распавядалі пра сваё жыццё-быццё, найперш пра акупацыйны немцамі Слонім. І што дзіўна, што кожны з іх у сваім трагічным лёсе абвінавачваў сяброў. Паэты адышлі на той свет, але так і не памірыліся. Хаця Сяргей Хмара гэтага хацеў, часам дасылаў ім свае газеты і часопісы. Але хлопцы маўчалі. І хто з іх у чым быў вінаваты — сёння цяжка судзіць. Кожны з іх ратаваў сябе, як мог. І кожнаму з іх у жыцці было нялёгка. Тым не менш, слонімскія паэты не скарыліся, не прапалі, не зніклі. Ды і пражылі яны доўгія жыцці: Сяргей Новік-Пяюн — 88 гадоў, а Анатоль Іверс і Сяргей Хмара — 87 гадоў. Бог, як кажуць, адмераў ім аднолькава.
І ўсё ж самым неразгаданым, розным і супярэчлівым быў у жыцці і застаецца ў гісторыі беларускай літаратуры і гісторыі нацыянальнага руху Сяргей Хмара-Сіняк. Нават месца яго нараджэння падаецца па-рознаму. Адны выданні пісалі, што ён нарадзіўся ў Пінску, другія — у Адэсе, трэція — у Слоніме. Ды і сам ён паведамляе ў сваёй аўтабіяграфіі, што нарадзіўся ў Адэсе (Запісы Беларускага Інстытута навукі і мастацтва. Выпуск 24. Нью-Ёрк, 1999. С.149). І ўсё ж Сяргей Сіняк нарадзіўся не ў Адэсе і не ў Пінску, а ў вёсцы Казлоўшчына былога Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён) 25 траўня 1905 года. А калі яму споўніўся год, бацькі, у пошуках працы, выехалі на Украіну, пасля ў Варшаву, а потым, калі пачалася Першая сусветная вайна, жылі ў Казані, Растове-на-Доне і ў Варонежскай губерні.
У 1918 годзе пры нявысветленых абставінах загінуў бацька. Сяргей Сіняк з маці і з малодшаю сястрою вярнуліся ў родную вёску. Вучыцца хлопчыку не было за што. Таму, пасля расійскай пачатковай школы, ён займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў па-руску, па-беларуску і па-польску, асабліва зачытваўся раманамі Генрыка Сянкевіча. І вельмі шмат працаваў: пастухом, лесарубам, землякопам, агароднікам, падзёншчыкам у маёнтку, будаўніком… На працы заўсёды дабіваўся справядлівасці. Аднойчы нават кінуў каменем у панскага аканома за тое, што няправільна і мала налічылі заробак. Аканом выгнаў яго з работы і даў мянушку “бунтар”. Пасля “бунтара” выганялі з будаўніцтва дарогі за арганізаваны страйк, пасля, калі працаваў касцом у маёнку, і з іншых месцаў.
У пачатку 20-х гадоў Сяргей Сіняк наладжвае кантакты з сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі заданнямі ездзіць у Варшаву, Вільню, Слонім. Ён хутка знаёміцца з беларускімі вайскоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі — Рамуальдам Зямкевічам, Гальяшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым і з іншымі. Становіцца адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізоўвае 12 беларускіх школ. У Брэсцкім абласным архіве знаходзіцца, як пацвярджэнне, пасведчанне на імя Сяргея Сіняка, што ён з’яўляўся сябрам ТБШ (ф.2042, оп.1, сп.8869).
У сярэдзіне 20-х гадоў Сяргей Сіняк уступае ў Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду. На Слонімшчыне ён арганізоўвае 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек.
Читать дальше