Прыставы ў сваіх вазках, запрэжаных па аднаму каню, ехалі звычайна побач з карэтай, а, часам, і перад карэтай.
З горада нас праводзілі цераз Пакроўскую браму, у кірунку Рубцова сяла, якое знаходзілася ў чвэрці мілі ад горада. Як распавядалі прыставы, менавіта туды часта прыязджае цар для ўцехі і адпачынку. У тым сяле ёсць мураваная царква Пакрова.
З таго фальварка вярталіся назад цераз Краснае сяло, бачылі з правага боку Ямскую слабаду.
Праводзілі нас у Белы горад праз Цвярскую браму.
На той прагулцы іх міласці паны паслы правялі каля дзвюх гадзін. Яны не мелі аніводнай уцехі і, не ўбачыўшы нічога вартага, вярнуліся ў пасольскі двор.
22 у чацвер. Прыставы паведамілі іх міласці панам паслам, што заўтра зранку ім варта быць у замку на сустрэчы.
У той жа дзень іх міласці паны паслы адправілі ганца Грабоўскага, чалядніка пана камянецкага, з лістамі да караля яго міласці. Пан Грабоўскі перад тым якраз прывёз лісты ад караля яго міласці. Назад яго суправаджаў прыстаў. З Грабоўскім ад’ехалі некалькі нашых купцоў з таварамі, а таксама тыя людзі, якія прыехалі з іх міласцямі, каб адшукаць і вызваліць з палону сваіх кроўных. З імі адпусцілі ўсяго каля 60 чалавек вызваленых палонных.
23 у пятніцу. Іх міласці паны паслы былі ў баяраў на спатканні.
Адказ ім з карткі прачытаў Гаўранёў.
Потым, паміж іншымі прыватнымі размовамі, паведаміў ім пячатнік, што сюды, у часы караля Аляксандра, Іван Сапега перадаў каштоўны звон для царквы. Той звон і дагэтуль знаходзіцца ў сталіцы ў той жа царкве.
Увечары пасланец з Вялікага Княства Літоўскага Міхалевіч прывёз ад двара лісты да іх міласцяў паноў паслоў. Пра тое, што ён ідзе, маскавіты паведамілі панам паслам паўтара тыдня назад. Але недзе яго доўгі час затрымлівалі.
24 у суботу. Іх міласці паны паслы прасілі праз прыставаў думных баяр, каб яны той адказ, які ім надоечы зачыталі з карткі, даслалі ў пісьмовым выглядзе.
У тую ноч у Белай крэпасці згарэлі некалькі дамоў. Але аніякага тлуму і трывогі не назіралася. Хаця пажар быў дзесяцікроць большым, чымся папярэдні, усё было ціха, нібыта не існавала аніякай небяспекі. Ні ў званы, ні ў набат не білі. Прыставы, прыехаўшы да пасольскага двара, загадалі варце, каб іх міласцяў паноў паслоў нават не будзілі. Яны сказалі:
— Шмат ёсць гасударавых людзей. Ёсць каму абараняць і гасіць. Сюды, да пасольскага двара, агонь не прыйдзе.
25 у нядзелю. Іх міласці паны паслы былі на сустрэчы з думнымі баярамі ў Адведнай ізбе.
Калі яны вярталіся з замка і ўжо ўязджалі ў пасольскі двор, адбылося здарэнне. Адзін з нашых вязняў, якога доўга трымалі ў цяжкім палоне і гвалтам змусілі прысягнуць на царскае імя, уплішчыўся сярод моладзі, якая ехала з іх міласцю панамі пасламі, і хацеў трапіць у пасольскі двор.
Маскавіты падсцераглі вязня і кінуліся за ім, каб схапіць яго. Нашыя захацелі яго павесці з сабой, і пабілі стральцоў, якія пагналіся за ім, абухамі. Затым нашы адціснулі стральцоў коньмі і той вязень знік з іх вачэй, схаваўшыся недзе паміж забудовамі.
Прыставы былі на абедзе ў яго міласці пана Вяжэвіча. Потым, вярнуўшыся да сябе, паслалі да пана Пястрэцкага, старшага слугі яго міласці пана ваяводзіча віленскага, просячы, каб яны маглі ўбачыць таго чалавека, які заскочыў у двор і схаваўся. Яны хацелі дапытаць яго, якім чынам і пры якіх абставінах ён прысягаў на царскае імя. Паколькі, без яго міласці пана ваяводзіча віленскага тое адбыцца не магло, яго міласць паслаў да прыставаў, каб паведаміць, што хоча таго чалавека ім перадаць. Адзінае, што ён запатрабаваў ад прыставаў, каб яны, дапытаўшы таго чалавека, не затрымлівалі яго ў сябе і дазволілі вярнуцца назад, да слуг яго міласці.
Прыставы былі ўдзячныя яго міласці ваяводзічу віленскаму за яго ўчынак, але запатрабавалі, каб той уцякач пабыў у іх распараджэнні адну ноч. Яго міласць ні ў якай меры не хацеў згаджацца на тое, каб палонны заставаўся ў іх на ноч. Але прыставы паабяцалі, што пасля допыту адпусцяць яго без усялякай затрымкі. Яго міласць у суправаджэнні сваіх слуг адаслаў таго чалавека да прыставаў. Яны даведаліся ад палоннага, якім шляхам і ў якіх абставінах той цалаваў крыж на царскае імя, адпусцілі яго.
26 у панядзелак. Прыставы, прыйшоўшы да яго міласці пана ваяводзіча віленскага, дзякавалі яму ад думных баяраў і ад сябе асабіста, што не схаваў таго вязня, а дазволіў ім дапытаць яго. Паколькі высветлілася, што той палонны не здраднік, яму дазволена без перашкодаў вяртацца дадому. А той, хто яго несправядліва ўтрымліваў у палоне, будзе пакараны. Тое паведаміўшы, прыставы адышлі ад яго міласці.
Читать дальше