Нам дазвалялася вольна выходзіць ад восьмай гадзіны да дзвюх гадзін дня. У нядзелю дазвалялася, каму трэба было, вольна выходзіць раней і вяртацца пазней.
З лістамі караля яго міласці прыехаў пасланнік з Дарагабужа Грабоўскі, за якім маскавіты накіроўвалі ганца.
Калі прыйшлі прыставы, іх міласці паны паслы размаўлялі з імі пра нявырашаныя пытанні, моцна дзівіліся з упартасці думных баяраў. Абураліся тым, што патрэбных рэчаў не толькі не скончылі, але нават і не прыступалі да іх.
Прыставы, не называючы пэўнага часу, абяцалі ад імя думных баяраў, што ў хуткім часе пачнуцца перамовы, а цар сваіх хросным цалаваннем зацвердзіць пастановы.
Прыставы гэтаксама абяцалі перадаць баярам клопаты, выказаныя пасламі.
III
Сакавік 1635 года.
1 у чацвер. Прыйшлі прыставы да іх міласцяў паноў паслоў і папрасілі перадаць ім спіс купецкіх тавараў, які іх міласці абяцалі ім прадаставіць.
Іх міласці паны паслы абгаварылі з прыставамі ўмовы вызвалення нашых вязняў з палону. Прыставы адказалі, што тых, каго затрымалі звычайным парадкам за дробныя парушэнні, хутка адпусцяць. Тых жа, каго адправілі ў вязніцы паводле загаду валадара, будуць надалей трымаць, а затым моцна іх пакараюць.
У той жа дзень персідскі пасол прыехаў да сталіцы. Загадана яму спыніцца ў Белым горадзе ў Ізмайлавым двары.
2 у пятніцу. Іх міласці паны паслы часта нагадвалі думным баярам пра пункты, аб якіх яшчэ не была дасягнута згода. Нарэшце, праз прыставаў баяры перадалі іх міласцям панам паслам, каб у чатыры гадзіны апоўдні паводле іх часоўніка, гэта значыць, а палове дзясятай, былі ў замку.
Іх міласці гатовы былі неадкладна адпраўляцца. Прыставы запыталіся, як іх міласці хочуць ехаць.
Яго міласць пан камянецкі адказаў:
— У карэце.
Ім яго адказ быў не ў смак. Прыставы раілі ехаць вярхом паводле звычаю.
Але яго міласць пан камянецкі заўпарціўся і заявіў:
— Што пастанавілі, ад таго не адмовімся.
Прыставы з тым ад’ехалі да замка.
У іх прысутнасці яго міласці пану ваяводзічу віленскаму і яго міласці пану Вяжэвічу не выпадала пярэчыць патрабаванням яго міласці пана камянецкага. Але пасля ад’езду прыставаў настойліва раілі яму, каб ён не патрабаваў увядзення новых звычаяў, не ўносіў непатрэбных ультыматымаў, якія зацягваюць час. Угаворвалі ехаць да замка паводле ўстаноўленых звычаяў і каб ён не прыдумляў ехаць у карэце. Бо маскавіты, напэўна, таго не дазволяць. Яны заўжды трымаюцца даўніх звычаяў.
Пан камянецкі быў упэўнены, што прымусіць маскавітаў выканаць яго пажаданне. Ён адказаў іх міласцям:
— Міласцівыя панове, будзьце ўпэўненыя, што дамагуся свайго. Пакладзіцеся, ваша міласць, на мяне.
Вярнуўшыся з замка, прыставы прыйшлі да іх міласці паноў паслоў. Ад імя баяраў яны пераказалі паслам ехаць да замка не ў карэце, а вярхом на конях.
Яго міласць пан камянецкі запярэчыў:
— Ці ж мы халопы вашага цара, што вашы баяры нам намерваюцца загадваць?! Мы не з Астрахані і не з Казані прыбылі сюды. Мы вольныя людзі і прыехалі да вас ад караля яго міласці, нашага пана і вялікага гаспадара, які пануе над вольным народам. Мы не падпарадкоўваемся загадам думных баяраў і паедзем гэтак, як нам падабаецца. Па ўсім бачна, вы шукаеце розныя прычыны, каб толькі перашкодзіць падпісанню замірэння, дзеля якога мы сюды прысланыя. У такім разе, выпусціце нас, не прыдумваючы розных недарэчнасцей. І мы паедзем да караля яго міласці пана нашага.
Яго міласць пан ваяводзіч віленскі не паказваў перад маскавітамі ўнутраных разыходжанняў, бо ён згаджаўся ехаць вярхом на конях. Таму ён на словах падтрымліваў яго міласць пана камянецкага і ганіў маскавітаў. Ён даводзіў прыставам наступнае:
— Мы ездзілі ў карэце нават да Папы Рымскага. І не толькі ў вашага гаспадара, але і ў іншых манархаў бываем. Нам дазволена ездзіць гэтак, як нам зручна і ў адпаведнасці з нашым выбарам. А вы пярэчыце нам ва ўсім.
Прыставы адказалі:
— Вам, вялікім паслам, мы тое паведамілі, што нам загадалі думныя баяры. А вашы словы ў дакладнасці ім перададзім.
І адразу ж яны ад’ехалі ў замак.
Зноў вярнуўшыся, прыставы паведамілі іх міласці паслам:
— Яго царская вялікасць наш вялікі гаспадар і баяры, думныя людзі, загадалі сказаць вам, вялікім паслам, каб вы ўсё рабілі паводле ранейшых звычаяў, прыязджалі не ў вазках, а вярхом на конях.
Яго міласць пан камянецкі адказваў:
— Заўжды захоўваўся звычай, што паслы маглі ехаць гэтак, як яны жадалі, — вярхом на конях або ў вазку, або пешшу, або нават ляцець, чаго мы не патрабуем. І нам не цяжка ехаць вярхом або ісці пешшу да вашага гаспадара. Але, каб не саступаць вашай настырнасці і грубіянству, мы паедзем гэтак, як вам сказалі. Гэтым не будзе парушаны гонар вашага гаспадара. Мы шануем яго царскую вялікасць гэтак жа, як і караля, нашага гаспадара, пана нашага міласцівага.
Читать дальше