Астрагляды (раней Астраглядавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.) першапачаткова з'яўляліся ўласнасцю Вішнявецкіх, потым Чарлінскіх і Ракіцкіх. Тэкля Ракіцкая прыўнесла маёнтак каля 1810 г. як пасаг ва ўладанне свайго мужа Ўладзіміра Прозара з Хойнікаў. Такім чынам агульнае ўладанне Прозара ў першай палове XIX ст. займала плошчу каля 80 000 дзесяцін. Ад Уладзіслава Прозара маёнтак атрымаў у спадчыну яго сын Мечыслаў, а потым унук Канстанцін. Апошні, даведзены да галечы, прадаў маёнтак расейскім уладам. Аднак стварэнне ў доме лазні прывяло да пажару, які знішчыў увесь будынак. У 1912 г. па найвысачэйшаму дазволу Астрагляды, а дакладней голыя сцены, набыў Альгерд Гардзіалкоўскі з Друцку.
Прозары валодалі палацавай рэзідэнцыяй у Хойніках. Уладзімір Прозар, атрымаўшы ў спадчыну Астрагляды, узводзіць тут у 1810-1820-ых гг. яшчэ адзін палац у стылі ампір па праекту дойліда Генрыха Марконі. Аднапавярховы дом меў П-падобны ў абрысе падмурак: да бакоў галоўнага фасада далучаліся кароткія перпендыкулярныя крылы. У цэнтры выступаў рызаліт з каланадай, якая несла дарычны антаблемент і тэрасу перад мансардай. Пад порцікам знаходзіліся арачныя дзверы і вокны з трохкутнымі франтончыкамі. Дэкор аднапавярховых крылаў абмяжоўваўся паўкруглымі надаконнымі, аб'яднанымі гарызантальнай цягай броўкамі і шырокім дарычным фрызам з трыгліфамі ў завершы. Пасярэдзіне тыльнага фасада размяшчалася тэраса з бакавымі сходамі ў парк, а па баках вылучаліся рызаліты. Будынак у цэнтральнай частцы накрываў высокі чатырохсхільны дах з франтонам, над бакавымі крыламі — трохсхільны.
Палац меў двухрадную анфіладную планіроўку. З боку порціка змяшчаўся дэкарыраваны ў «паляўнічым» стылі вестыбюль з кафлянай печкай, вялізным камінам і вітымі сходамі на другі паверх. Дзверы, выкананыя з чырвонага дрэва з інкрустацыяй, вялі ў прасторную сталовую пад блакітным плафонам, упрыгожаным зоркамі і маладзіком. Са сталовай направа можна было трапіць у вялікую бальную залу, якая асвятлялася парамі вокнаў ад фронту і тылу. Далей знаходзіліся чатыры жылыя пакоі. Па левы бок вестыбюля размяшчалася гасціная, будуар гаспадыні і чатыры жылыя памяшканні. Вялізны пакой другога паверха прызначаўся пад бібліятэку, за якой знаходзіўся гардэроб гаспадыні Канстанцыі Прозар. Падлога парадных апартаментаў, выкладзеная ўзорыстым паркетам з ясеню, чорнага дубу, грушы і іншых драўляных гатункаў, удала спалучалася са сценавымі панелямі, дэкарыраванымі ў тэхніцы стука; кафляныя печы і мармуровыя каміны таксама з'яўляліся дэкаратыўнымі элементамі інтэр'еру.
Уязная брама мела «ваяўнічую» трактоўку ў выглядзе навешаных на высокія мураваныя слупы каваных варот з пік і рымскіх вянкоў. Па яе баках размяшчаліся дзве вежы-вартоўні з купальным пакрыццём, завершаным чыгуннымі дэкаратыўнымі пінаклямі. Ад брамы вакол газона праходзіла шырокая ліпавая алея. Па абодва бакі газона перад палацам стаялі дзве невялікія афіцыны з чатырохслуповымі ганкамі. За палацам раскінуўся пейзажны парк, высаджаны на плошчы ў 5 га ліпай, дубам, платанам, пірамідальнай і італьянскай таполяй, мноствам дэкаратыўных кустоў. Праз гэтыя пейзажныя пасадкі ад палаца адыходзіла прамая алея, замкнёная чатырохкутным вялізным газонам. Цэнтрам складанай воднай сістэмы з'яўляўся востраў дыяметрам 200 м, абкружаны шырокім каналам, злучаным з асноўным вадаёмам. Тэрыторыю сядзібы абмяжоўвала ажурная мураваная агароджа, па фронту якой праходзіў гасцінец, высаджаны векавымі платанамі і таполямі.
Астрашыцка-Гарадоцкая сядзіба
Сядзіба графаў Тышкевічаў у Астрашыцкім Гарадку (Менскі р-н) размяшчалася за кіламетр ад вёскі на шырокім узгорку сярод маляўнічага лесу паблізу вялікага возера. Пасля смерці Міхала Тышкевіча тут жыла яго ўдава Марыя (пам. 1902). Наступным уладальнікам маёнтка агульнай плошчай каля 8500 дзесяцін стаў старэйшы сын Міхала — Юзаф Тышкевіч. Пасля смерці маці ён падарыў гэты маёнтак нявестцы Клемянціне Патоцкай. Апошнім уладальнікам маёнтка быў яе муж Альфрэд Тышкевіч.
У XVIII–XIX стст. тут існаваў апісаны ў інвентары 1650 г. драўляны замак, абкружаны абароннымі сценамі з чатырма вуглавымі вежамі, ровам і сажалкамі. Мост, перакінуты праз роў, падводзіў да трох'яруснай, фланкіраванай з двух бакоў вежамі і завершанай высокім шатром брамы-вежы «прускага муру». Злева ад брамы ўнутры замка стаяў аднапавярховы драўляны палац, за ім уздоўж сцяны размяшчаліся варыўня, кухня, пякарня, псярня, лазня, бровар. Справа ад брамы стаяў дом «прускага муру». Перад замкам знаходзіліся стайня, вадзяны млын і тартак.
Читать дальше