Старажытны маёнтак Арэхаўна (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.) з'яўляўся ўласнасцю Корсакаў. Дзісненскі староста Баркалап Корсак каля 1574 г. аддаў свае зямельныя ўладанні ў пасаг дачцэ Еве — жонцы Багдана Саламярэцкага. У 1591 г. яны прадалі Арэхаўна Лашмінскім, якія валодалі ім да 1693 г., калі маёнтак выкупіў Крыштаф Шчыт. Адна з пяці дачок Юзафа Шчыта адкупіла ў сясцёр сядзібу ў 1781 г. і стала адзінай уладальніцай Арэхаўна. У далейшым маёнтак атрымаў у спадчыну менскі кашталян Шымон Забела. У першай палове XIX ст. уладанне перайшло да яго малодшага сына Юзафа, які ў 1834 г. фундаваў у вёсцы царкву. Апошнім уладальнікам Арэхаўна быў Уладзіслаў Забела (1870–1932). На пачатак XX ст. ад сядзібы-крэпасці засталіся толькі равы і валы, засыпаныя падвалы і падземныя калідоры.
У другой палове XVIII ст. на ўскраіне старажытнага крапаснога рова стаяла невялікая сядзіба ў барочным стылі, збудаваная невядомым італьянскім архітэктарам. Яе сцены з моцных бярвенняў лістоўніцы былі ўзведзены на падмурку і скляпеністых падвалах, абапёртых на шасцігранныя слупы. У XIX ст. аднапавярховы простакутны ў плане дом пад ламаным дахам значна пашыраны, атынкаваны і пабелены, у выніку набыў класіцыстычны выгляд: галоўны фасад з двума чатырохкалоннымі дарычнымі порцікамі, на адным з вуглоў парушаўшая агульную сіметрычна-восевую кампазіцыю двух'ярусная вежа. Бакавыя лесвіцы на гладкім заходнім фасадзе вялі ў капліцу і падвалы.
Планіроўка дома была анфіладнай. Уваходны вестыбюль, аформлены ў «паляўнічым» стылі, уражваў шматлікімі мядзведжымі і воўчымі скурамі, мэбляй, аздобленай рагамі жывёлін. Направа ад прыхожай размяшчаўся шэраг спальных пакояў; налева — малая сталоўка з дубовым панельным аздабленнем. Ідэнтычнае аздабленне мела наступная ў анфіладзе вялікая сталоўка. Пакоі ацяпляліся кафлянымі грубкамі, асвятляліся каванымі люстрамі і бронзавымі сяміражковымі кандэлябрамі. Левая анфілада замыкалася вялізным кабінетам. Побач з ім з тыльнага боку дома знаходзілася капліца, злучаная шырокімі ашклёнымі дзвярамі з вялізным квадратным салонам, мэбліраваным у стылі Людовіка XIV. Над алтаром капліцы вісеў вобраз Маці Боскай Вострабрамскай, выкананы ў Вільні ў XVIII ст. Памяшканне, адведзенае пад бібліятэку, поўнасцю было зашыта панелямі чорнага дуба. Кнігазбор налічваў каля 1200 тамоў. Фамільны архіў, дзе меліся дакументы з XVII ст., і каштоўныя ювелірныя вырабы, пакладзеныя ў пачатку XX ст. у банкі Віцебска і Пецярбурга, у час рэвалюцыі 1917 г. зніклі. У арэхаўнянскай сядзібе захоўвалася каштоўная калекцыя карцін, сярод якіх творы Мурыльё, Фраганара, Дэлакруа, Вато. У зборы фарфору меліся мейсенскія і сеўрскія вырабы, фамільнае серабро, вынецыянская бронза. Цікавасць уяўляла калекцыя табакерак XVIII- першай паловы XIX ст. У канцы калідора знаходзілася лесвіца на вежу, першы ярус якой меў два жылыя пакоі, другі — вялізную квадратную залу, званую «мужчынская гасціная», дзе змяшчалася калекцыя рыцарскіх даспехаў, зброі, воінскіх атрыбутаў.
Перад домам цягнуўся вялікі травяны газон з кветнікамі і сонечным гадзіннікам. Злева ад газона стаяў драўляны аднапавярховы флігель з мансардавым гонтавым дахам, збудаваны ў XVIII ст. У ім знаходзіліся кухня, пякарня, пральня, жыллё дваровых. На адлегласці дзесятка метраў за домам стаяў свіран XVIII ст. у форме трох'яруснага шасцігранніка, накрытага гранёным ламаным гонтавым дахам. Заслугоўваў ўвагі будынак мураванай капліцы-пахавальні гетмана Юзафа Забелы, збудаванай у 1875 г. віленскім архітэктарам Віткоўскім. Яна стаяла на ўзгорку, за флігелем, на месцы старажытнай замкавай вежы. Мела трапецападобны план і гонтавы ламаны дах. Галоўны фасад завяршаў шчыт з гербавым картушам Забелаў. Інтэр'ер вызначаўся мармуровым аздабленнем.
Ва ўсходнім напрамку прасціраўся паркавы масіў, які абкружаў жылы дом і канцылярыю галоўнага ляснічага і адміністратара маёнтка. Далей у тым жа напрамку ішлі фальваркавыя будынкі: тартак, стайня, адрына, цагельня і кафляны завод, хата парубкаў. Па заходнім баку двара цягнуліся газоны з кветкавымі клумбамі, фруктовы сад. Парк плошчай каля 20 га быў спланаваны ў сярэдзіне XIX ст. Уладзіславам Марконі. З трох бакоў яго абмяжоўвалі старажытныя валы, з чацвёртага — рэчышча ракі. Пейзажны парк, раскінуты па паўночным баку жылога дома, даходзіў да маляўнічага возера з прыстанню. Сярод паркавых пасадак пераважалі бяроза, клён, ліпа, ясень, граб, бук, дуб, елка серабрыстая. На п'едэсталах стаяла некалькі беламармуровых скульптур, прывезеных з Італіі ў канцы XVIII- пачатку XIX ст., - Псіхея, Купідон, Апалон, Дыяна, Геркулес. З боку пад'язной дарогі, званай «напалеонаўскі тракт», да сядзібы вяла брама з выцесаных з каменя чатырохгранных слупоў, завершаных вазамі. У 1918 г. сядзіба была разрабавана і з часам поўнасцю знікла.
Читать дальше