Традыцыйны праваслаўны характар алтарнай часткі храма абумовіў, як відаць, і своеасаблівае архітэктурнае вырашэнне галоўнага фасада, які быццам паўтараў структуру іканастаса. У адрозненне ад каталіцкіх храмаў плоскі дзвюхвежавы аб'ём барочнага фасада далучаўся толькі да цэнтральнага нефа. Такі ж прыём быў паўтораны пазней у Мікалаеўскай царкве Магілева, пабудаванай у 1672 г., што стала своеасаблівай рысай магілеўскай школы дойлідства XVII ст.
Шмат'ярусная кампазіцыя фасада Богаяўленскага сабора мела выразныя гарызантальныя чляненні, а вертыкальныя элементы чаргаваліся ў асобным рытме на кожным ярусе, як у іканастасе. Два ніжнія ярусы фасада былі аздоблены характэрнымі для беларускай готыкі і рэнесанса плоскімі нішамі з завяршэннямі ў выглядзе паўцыркульных і падвесных арак «з гіркамі». Яны групаваліся сіметрычна, але ў адвольным пульсуючым рытме, уласцівым стылю барока. Трэці ярус фасада ўтваралі фігурны франтон і дзве вежы, перабудаваныя ў XVIII ст. у стылістыцы позняга барока. Вежы з вітымі ўсходамі ўнутры не адпавядалі бакавым нефам, якія на тарцах завяршаліся фігурнымі франтонамі. Такім чынам, у архітэктуры фасада своеасабліва знітаваліся мясцовыя традыцыі і эстэтычная канцэпцыя барока.
Царскі стольнік П. А. Талстой, які наведаў Магілеў у 1697 г., у сваіх дарожных нататках адзначае: «У Магілеве манастыр набожны, называецца Брацкім. Каля манастыра агарожа з каменю і царква ў ім саборная мураваная ж не малая, ладна збудаваная… Тая царква ўся ўпрыгожана цудоўным насценным роспісам, іканастас разьбяны, пазалочаны, вялікі, добрай работы».
Іканастас Богаяўленскага сабора быў зроблены манахамі і гарадскімі рамеснікамі адначасова з храмам і з'явіўся ўзорам для іканастаса Мікалаеўскай царквы ў Магілеве і шматлікіх іканастасаў Маскоўскай Русі, выкананых беларускімі майстрамі ў другой палове XVII ст. Сакавітая аб'ёмная разьба з расліннымі матывамі, пазалочаная чырвоным золатам, прыгожа зіхацела, асветленая свечкамі. Над абразамі працаваў вядомы іканапісец і гравёр Афанасій Пігарэвіч. Срэбраныя пазалочаныя шаты для многіх абразоў выканаў у 1755 г. мясцовы «залатых спраў майстар» Пётр Сліжык. У Богаяўленскім саборы захоўваўся цудатворны абраз Божай Маці Магілеўскай у надзвычай багатай шаце. У час першай сусветнай вайны, калі ў Магілеве знаходзілася Галоўная стаўка, апошні манарх Расейскай імперыі Мікалай II часта наведваў Богаяўленскі сабор. Ён вельмі шанаваў гэтую святыню і рабіў на яе ахвяраванні. Разам з гэтым славутым абразам знік і цудатворны абраз Божай Маці Бялыніцкай. Абедзве рэліквіі вывезены ці ўкрадзены з Магілеўскага краязнаўчага музея ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Інтэр'ер сабора ўпрыгожвалі фрэскавыя роспісы на біблейскія і евангельскія сюжэты, у якіх шырока ўжываліся мясцовыя этнаграфічныя дэталі, адзенне, пейзаж, народны тыпаж. Насценны роспіс храма быў моцна пашкоджаны ў Другую сусветную вайну. М. С. Кацар, які даследаваў фрэскі пасля вызвалення Беларусі, зафіксаваў у розных месцах 20 сюжэтных кампазіцый і 16 асобных фігур святых. На тарцовай сцяне паўднёвага крыла трансепта знаходзілася выява Іаана Хрысціцеля з данатарам, які трымаў у руцэ мадэль Богаяўленскага сабора. Па гістарычных крыніцах і іканаграфічнаму падабенству мастацтвазнаўцы лічаць, што гэта выява князя Івана Агінскага, фундатара храма.
У комплекс Богаяўленскага манастыра ўваходзілі таксама «цёплая» царква Іаана Багаслова, пабудаваная ў хуткім часе пасля сабора, чатырох ярусная званіца, будаўніцтва якой пачалося ў 1652 г., а завяршылася ў 1657 г. пасля вайны з Масковіяй, некалькі драўляных і мураваных будынкаў, дзе знаходзіліся шпіталь, друкарня, дом настаяцеля, крамы і гаспадарчыя службы.
Магілеўская брацкая друкарня адыграла значную ролю ў пашырэнні асветы ў Беларусі. Яна была заснавана ў 1633 г. па прывілею караля Ўладзіслава IV, а ў 1667 г. магілеўскае брацтва атрымала прывілей ад караля Яна III Сабескага на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на беларускай і польскай мовах. У друкарні працавалі вядомыя друкары і гравёры Максім і Васіль Вашчанкі, Фёдар Ангілейка і іншыя мясцовыя майстры, што стварылі самабытную школу кніжнай гравюры. Выданні мелі тытульныя лісты, застаўкі, канцоўкі і ініцыялы, выкананыя ў стылі так званага магілеўскага барока — так сучасныя мастацтвазнаўцы вызначаюць характэрнае спалучэнне мясцовых мастацкіх традыцый з рысамі заходнеэўрапейскага барока і візантыйскага мастацтва.
Читать дальше