Так кропля за кропляй сцёк у нябыт велічны помнік культуры слаўнага горада Полацка. Вынесены ў загаловак наш перафраз вядомых радкоў М. Някрасава аб саборы святога Стэфана ў Вене нагадвае, што такі ж цуд, які здаваўся амаль нерукатворным, меўся і ў нас, але мы яго знішчылі ўласнымі рукамі.
Былыя катэдральныя саборы Магілева
Шматлюднае і разнастайнае грамадскае жыццё Магілева на працягу XVII–XIX стст. абумовіла яго інтэнсіўнае горадабудаўнічае развіццё, фармаванне ўнікальнага архітэктурна-мастацкага вобраза горада, росквіт самабытнай культуры рэгіёна. Асабліва яскрава гэта праявілася ў манументальным культавым дойлідстве горада. Па гістарычных крыніцах вядома, што ў XVI ст. у Магілеве існавала 8 драўляных праваслаўных цэркваў: Спаская, Ільінская, Успенская, Мікалаеўская, Троіцкая, Раства Багародзіцы,
Увазнясенская і Казьмадзем'янаўская. Па статыстычных дадзеных канца XIX ст., у Магілеве было ўжо 29 цэркваў і 2 праваслаўныя манастыры (у гэтую лічбу ўваходзяць і былыя вуніяцкія святыні, скасаваныя ў першай палове XIX ст.), 4 касцёлы і 2 каталіцкія кляштары, 3 жыдоўскія сінагогі і адна пратэстанцкая царква.
Заключэнне ў 1596 г. Берасцейскай вуніі спрыяла абвастрэнню рэлігійнай барацьбы, што адлюстравалася ў філасофска-тэалагічнай палеміцы паміж канфесіямі, у палітычнай і эканамічнай сферах, культавым будаўніцтве. Дзеля абароны пазіцый праваслаўя ў Магілеве ў 1597 г. арганізоўваецца праваслаўнае брацтва пры Спаса-Праабражэнскім манастыры (па іншых звестках — у 1602 г.). Пасля таго як у 1618 г. жыхары Магілева не дапусцілі ў горад вуніяцкага архіепіскапа Язафата Кунцэвіча, паднялі паўстанне і зачынілі перад ім гарадскія брамы, па загаду караля Жыгімонта III Вазы ўсе праваслаўныя цэрквы горада былі перададзены вуніятам ці зачынены.
Прыхільнік праваслаўя князь Іван Агінскі ў 1620 г. выкупіў у княгіні Саламарэцкай дом з пляцам на Вялікай Шклоўскай вуліцы, дзе і заснаваў новы праваслаўны Богаяўленскі манастыр. Аднак мураваны саборны храм гэтага манастыра пачалі будаваць толькі ў 1633 г., калі пры каралі Ўладзіславе IV былі паслаблены ганенні на праваслаўных і зноў адчынены цэрквы. Богаяўленскі сабор стаў катэдральным, пры ім існавала знакамітае праваслаўнае брацтва.
Будаўніцтва храма вялося арцеллю мясцовых майстроў пад кіраўніцтвам Варлама Палоўкі і Арсенія Азаровіча. У 1636 г. сабор асвяціў магілеўскі епіскап Сільвестр Косаў. У першай палове XVII ст. — гэта галоўны храм буйнейшага праваслаўнага цэнтра Беларусі. Але цікава, што ў архітэктуры збудавання ўжо праявіліся рысы ранняга барока — стылю, які быў прыўнесены ў беларускае манументальнае дойлідства каталіцкай контррэфармацыяй. Надзвычайная выразнасць, экспрэсія, хараство архітэктурных форм гэтага стылю арганічна ўспрыняліся праваслаўным культавым будаўніцтвам, але ў самабытнай трактоўцы. Характэрна, што ўжо ў дарэвалюцыйнай клерыкальна-краязнаўчай літаратуры пра Богаяўленскі сабор адзначаецца: «наружный вид храма — смешанного итальянского стиля XVI в.». Як бачым, тэрмін «барока» яшчэ не ўжываўся, а вызначэнне стылю як «змяшанага» адлюстроўвае яго своеасаблівы нацыянальны характар.
Богаяўленскі сабор уяўляў сабою велічную трохнефавую базіліку з трансептам і трыма паўкруглымі алтарнымі апсідамі. У яго аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі спалучаліся рысы заходнеэўрапейскай культавай архітэктуры (цэнтральны неф і папярочны трансепт утваралі ў плане выцягнуты лацінскі крыж на ўзроўні карніза) і традыцыйныя элементы старажытнарускага дойлідства (трохапсіднасць).
Цэнтральны неф, перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, аддзяляўся ад бакавых нефаў з крыжовымі скляпеннямі 10 масіўнымі квадратнымі слупамі, на якія абапіраліся падпружныя аркі. Наяўнасць слупоў у пралёце трансепта сведчыць, што першапачаткова сяродкрыжжа не вылучалася канструкцыйна, а купал адсутнічаў. Сапраўды, да канца XVII ст. базіліка мела двухсхільны гонтавы дах. Толькі ў 1700 г. над сяродкрыжжам з'явіўся васьмігранны светлавы барабан з самкнёным пазалочаным купалам, увенчаным фігурнай вежачкай з галоўкай-«банькай». Гонтавы дах заменены на бляшаны. Трансепт — элемент каталіцкай базілікі — нагадваў бакавыя прыдзелы, завершаныя з усходу алтарнымі апсідамі. У паўночны прыдзел вёў асобны ўваход.
Алтарная частка мела ўвогуле арыгінальнае вырашэнне. Вялікая паўкруглая апсіда далучалася да простакутнага віма. У месцы іх злучэння ў тоўшчы сцен былі ўбудаваны невялікія рызніцы. Вім аддзяляўся ад цэнтральнага нефа двума мураванымі слупамі ў зоне падкупальнага квадрата, да якіх мацаваўся чатырох ярусны разьбяны іканастас «в греческом вкусе». Ярусы падзяляліся карнізамі, якія падтрымлівалі разьбяныя калоны, аздобленыя расліннымі пабегамі, лісцямі і гронкамі вінаграда. У інтэр'еры храма іканастасу належала асноўная роля.
Читать дальше