У пачатку XX ст. фасады амаль усіх радавых будынкаў, якія фармавалі прастору плошчы, былі сіметрычныя, што вызначыла выражаную шматвосевую кампазіцыю перыметра плошчы. Масавыя адна- і двухпавярховыя пабудовы ансамбля выконвалі жылыя і грамадскія функцыі і падзяляліся на некалькі характэрных аб'ёмна-прасторавых тыпаў. Да першага з іх адносіўся аднапавярховы дом, які выходзіў доўгім бокам на плошчу. Да другога — двухпавярховы будынак з двухсхільным ці вальмавым дахам, таксама звернуты доўгай сцяной да плошчы. На галоўных фасадах пабудоў гэтых тыпаў працяглыя рытмічныя рады праёмаў і пластычных элементаў стваралі выразныя кампазіцыйныя тэмы. Тарцовыя фасады, бачныя з плошчы, вырашаліся лаканічна, за выключэннем маляўніча аздобленых франтонаў. Аб'ёмнай разнастайнасці спрыялі розныя схілы дахаў, павернутых да прасторы плошчы.
Трэці тып будынкаў, вельмі характэрны для малых гарадоў і мястэчак, — аднапавярховы з мансардай дом, арыентаваны падоўжнай воссю перпендыкулярна лініі забудовы плошчы. У якасці галоўнага выступаў тарцовы фасад, увенчаны высокім трохкутным франтонам. Апошні служыў носьбітам асноўных сродкаў мастацкай выразнасці збудавання. У шматлікіх спалучэннях ён праразаўся некалькімі аконнымі і дахавымі праёмамі рознай канфігурацыі, засяроджваў на сабе элементы дэкаратыўнага ўбрання — карнізныя цягі, медальёны, сандрыкі, ліштвы, лапаткі, падаконныя цягі і інш. Найболын важна, што будынкі гэтага тыпу фармавалі спецыфічны «зубчаты» сілуэт забудовы.
Да чацвёртага тыпу адносіўся аднапавярховы дом з мезанінам, размешчаны сваёй падоўжнай воссю ўздоўж бока плошчы. Па сваёй аб'ёмнай кампазіцыі ён блізкі да памешчыцкага сельскага сядзібнага дому, што ўносіла арыгінальныя вобразныя рысы ў аблічча гарадскога па сваёй прыродзе ансамбля. Калі будынкі іншых тыпаў былі мураванымі, то большасць дамоў дадзенага тыпу зроблена з дрэва. Мезанін размяшчаўся на восі сіметрыі фасада і завяршаўся франтонам. У адным з дамоў, напэўна мураваным, асіметрычна збудаваны мезанін фланкіраваў фасад.
Галоўныя фасады будынкаў усіх тыпаў знаходзіліся на лініі забудовы. Пры гэтым прыём фармавання прасторы плошчы больш доўгай сцяной дома і схілам даха, які выходзіў на галоўны фасад (першы, другі, чацвёрты тыпы), колькасна пераважаў над пабудовамі трэцяга тыпу.
Спалучэнне ў слонімскім ансамблі тыпаў масавых дамоў, як і рознавысотнасць забудовы, разнастайнасць нахілаў дахаў і інтэрвалаў паміж збудаваннямі надавалі выразнасць, складанасць і аб'ёмнасць лінейнай кампазіцыі бакоў плошчы.
Акрамя таго, трэба падкрэсліць унікальную якасць плошчы — шматстыльнасць яе забудовы ў пачатку XX ст. Гэта вызначыла асобыя фармальна-пластычныя ўласцівасці ансамбля, спецыфічны многасастаўны архітэктурны вобраз, звязаны з поліфаніяй асацыяцый у працэсе візуальнага ўспрыняцця асяроддзя. Прычына выключнай многастыльнасці — у даўгачасным складванні ансамбля і вялікай колькасці пабудоў. Апошняе выклікана, з аднаго боку, паходжаннем плошчы як доўгага рынка, і адпаведна значнай працягласцю, а з другога — малымі матэрыяльнымі магчымасцямі забудоўшчыкаў, што вызначыла дробнамаштабнасць радавых дамоў, мажлівасць размясціць іх вялікую колькасць. Напрыклад, галоўная плошча губернскага горада Горадні, які непараўнальна пераўзыходзіў Слонім па велічыні, у гэты перыяд уключала прыкладна 20 будынкаў.
Коратка разгледзім стылявыя, дэкаратыўна-пластычныя асаблівасці забудовы, якія спрыялі яе гарманізацыі ў адзінае ансамблевае рашэнне. Касцёл бернардзінак (1664–1670) з'яўляецца творам ранняга барока (інтэр'ер дапоўнены ў стылі ракако) і вылучаецца лаканічным абліччам. У якасці галоўнага элемента з прасторы плошчы выступала паўкруглая сцяна апсіды. Паўцыркульныя абрысы ляпной рамы на ёй візуальна падкрэслівалі тэму паўкружжа. Высокі дах, што перакрываў аднанефавае збудаванне, з плошчы ўспрымаўся над апсідай як манументальная канічная форма, увенчаная мініяцюрнай вежачкай з крыжам.
Брама-званіца перад храмам была ссунута з падоўжнай восі касцёла і не перашкаджала яго агляду. Яна служыла элементам, у найбольшай меры набліжаным да гледача, з выкарыстаннем таксама цыркульных і авальных форм. Пры гэтым кампазіцыйная тэма акружнасці засяроджвалася на восі сіметрыі збудавання і развівалася знізу ўверх: паўкруглая арка партала — крывалінейны карніз над ёй — лучковыя скразныя праёмы — паўцыркульны карніз на франтоне. Вышыні праёмаў памяншаліся ў напрамку знізу ўверх. Крывалінейныя абрысы бакавых валют гарманіравалі з контурам рамы на апсіднай сцяне.
Читать дальше