На прыкладзе плошчы прасочваецца істотная асаблівасць сярэдневяковых структур. Яна заключаецца Ў тым, што ўнутраная прастора ансамбля складалася з некалькіх адносна самастойных зон бачнасці, кожная са сваёй дамінантай. Адзін такі ўчастак, дзе праводзіліся кірмашы, з'яўляўся сферай кампазіцыйнага ўплыву латэранскага касцёла і абкружаўся групай заезных дамоў, поштай, жылымі пабудовамі. Другі — зона зрокавай перавагі бернардзінскага касцёла, фармаваўся таксама заезнымі дамамі, гандлёвымі радамі, жыллём. Трэці, самы вялікі і адкрыты да поймы — зона ўплыву палаца, фіксаваўся, акрамя таго, ратушай, крамамі, жылымі будынкамі, аўстэрыяй насупраць паўднёвага корпуса палаца. Гэтыя зоны абмяжоўваліся, у асноўным, першым ярусам забудовы, у той час, як над ім захоўваліся прасторавыя сувязі з вышыннымі збудаваннямі ўсяго горада.
Разглядаючы ўнутраныя прасторы ансамбля, варта адзначыць, што да будаўніцтва палаца яны насілі «камерны», зацяснёны забудовай характар. Плошча як адкрытая прастора была слаба выяўлена, што з'яўлялася ўласцівасцю сярэдневяковай структуры.
Спецыфіку ансамблю надавала таксама яшчэ адна асаблівасць, арыгінальная ў параўнанні з іншымі плошчамі. Яна заключалася ў прыёме арганізацыі ўнутранай прасторы ансамбля культавымі дамінантамі, што арыентаваліся на плошчу апсідамі і кампазіцыйна былі нібы адхілены ад яе. Як упаміналася, больш верагодна, што гэта ўласцівасць вызначылася ў сувязі з канонам арыентацыі на ўсход апсід храмаў, якія ў XVI ст. з'яўляліся праваслаўнымі, а пазней былі пераўтвораны ў каталіцкія. Для плошчаў Новага часу і некаторых сярэдневяковых тыповае фармаванне прасторы галоўным фасадам храма, які традыцыйна канцэнтраваў па-мастацку выразныя элементы — вежы, найбольш багатыя пластыку і дэкор. Прастора ж плошчы ў Слоніме фармавалася лаканічнымі паўцыркульнымі аб'ёмамі апсід, а вертыкальныя элементы храмаў, зрокава аддаленыя ад перыметра плошчы, утваралі другі план ва ўспрыняцці ансамбля. З апсіднай сцяной бернардзінскага касцёла эфектна кантраставала высокая барочная брама з цікавым сілуэтам і насычанай пластыкай фасада, які выходзіў на плошчу.
Развіццё забудовы на працягу XIX — пачатку XX ст., з аднаго боку, уяўляла сабой працэс дэградацыі архітэктурнага асяроддзя, а з другога — характарызавалася назапашваннем новых, па-мастацку прыкметных кампанентаў.
У пачатку XIX ст. палац быў зруйнаваны. На плане Слоніма 1825 г. на яго месцы паказаны малазначныя пабудовы, а прылеглая да плошчы тэрыторыя занядбанага сада заставалася незабудаванай. Аднак план участка гарадскога цэнтра 1849 г. сведчыць аб існаванні галоўнага, паўднёвага корпуса палаца і наяўнасці адкрытай тэрыторыі паміж ім і плошчай. На працягу другой паловы XIX і пачатку XX ст. свабодны ўсходні бок плошчы зноў забудоўваецца. Тым самым, на новым гістарычным этапе спантанна аднавіўся старажытны характар прасторавага вырашэння плошчы.
Пераемным, ансамблевым падыходам вылучалася будаўніцтва ў канцы 1840-ых гг. новых гандлёвых радоў у стылі позняга класіцызму. Яны занялі месца драўляных радоў, якія згарэлі, і нязначна перавысілі іх па памерах. Па перыметру манументальны працяглы корпус меў каланаду дарычнага ордэра з шырокім рытмам апор; унутранае памяшканне падзялялася на 112 асобных крам. Прыкметнай рысай стала ўстройванне пасярэдзіне будынка крытага праезда, што пралягаў дакладна па восі апсіды касцёла бернардзінак. Тым самым, узніклі новыя эфектныя відавыя кропкі на храм: з-пад праёма адначасова былі відаць апсідная сцяна з высока размешчанай фігурнай ляпной рамай, а другім планам на той жа восі — вежа касцёла. Акрамя таго, з дапамогай гэтага праезду ўсходні і заходні праходы ўздоўж радоў функцыянальна і кампазіцыйна злучаліся паміж сабой. Выкарыстанне такога прыёму з'явілася заканамерным працягам распаўсюджанай традыцыі выдзялення накіраваных візуальных сувязей.
Да пачатку XX ст. забудова плошчы склалася як цэласны архітэктурны ансамбль, які ўключаў каля 30 будынкаў (з іх да цяперашняга часу захавалася толькі 5). Яго кампазіцыя ў гэты перыяд сінтэзавала ў якасці асноватворных уласцівасцей сярэдневяковую планіровачную аснову і аб'ёмна-прасторавыя барочныя элементы XVII–XVIII стст., а таксама ўключала больш познюю масавую забудову са сваімі спецыфічнымі рысамі. Мастацкае адзінства ансамбля было абумоўлена не фармаваннем па загадзя запланаванай горадабудаўнічай задуме, а паступовым пераемным развіццём, улікам пры будаўніцтве кожнага новага будынка гістарычнага асяроддзя. Такому адзінству спрыялі: узаемасувязь функцыянальных працэсаў на плошчы; агульнасць маштаба радавых пабудоў, выкліканая як блізкасцю памераў зямельных пляцаў, так і блізкасцю матэрыяльных магчымасцей забудоўшчыкаў; традыцыйнасць планіровачных, аб'ёмна-прасторавых і дэкаратыўных рашэнняў.
Читать дальше