Шэраг культавых будынкаў уздоўж Дзвіны дапоўніўся невялікай па маштабу кірхай і новай царквой па вуліцы Ільінскай, якія не аказвалі значнага ўплыву на сілуэт горада. Такая горадабудаўнічая роля культавых збудаванняў была тыповая для дадзенага гістарычнага перыяду, нягледзячы на выразнае архітэктурна-мастацкае аблічча храмаў. У гэты час адбывалася разбурэнне альбо карэнная перабудова важнейшых больш ранніх будынкаў каталіцкай і вуніяцкай канфесій. Так, у 1862 г. цалкам разбураны францысканскі касцёл, а на яго месцы ўзведзены нязначныя прыватныя будынкі. У корпусе дамініканскага кляштара змешчана гарадская пажарная служба, а на рагу пабудовы ўзведзена невыразная па абліччы назіральная вежа, што сказіла ансамбль галоўнай плошчы. У пачатку XX ст. страчаны манументальны комплекс жылых і службовых карпусоў базыльянскага манастыра.
У 1920-1930-ых гг. у цэнтры горада ўзведзены грамадскія і жылыя будынкі, па сваім маштабе і архітэктуры фасадаў звязаныя з гістарычным наваколлем: кінатэатр «Інтэрнацыянал» (цяпер — «Радзіма»); жылыя дамы па вуліцы Энгельса, якія ўтварылі ў плане сіметрычную кампазіцыю; чатырохпавярховы жылы дом па вуліцы Сака і Ванцэці.
Цэласныя кварталы грамадскай і жылой забудовы ўздоўж трох асноўных вуліц, якія звязвалі цэнтральныя плошчы, былі знішчаны ў Другую сусветную вайну падчас налётаў авіяцыі на Полацак. У працэсе пасляваеннай рэканструкцыі гэта абумовіла стварэнне на месцы разбураных кварталаў паміж былымі Аляксандраўскай і Ільінскай вуліцамі бульвара ўздоўж праспекта К. Маркса.
Новая забудова канца 1940-1950-ых гг. на вуліцах Л. Талстога, К. Маркса, Свярдлова характарызавалася пераемнасцю ў адносінах да існуючай прасторавай структуры цэнтра. Забудова ж наступных дзесяцігоддзяў вызначалася супрацьлеглай тэндэнцыяй. У 1960-1970-ых гг. на плошчы Леніна, вуліцах Леніна і Камуністычнай пабудаваны пяці- і дзевяціпавярховыя жылыя дамы, размяшчэнне і архітэктурнае вырашэнне якіх супярэчыць кампазіцыйным традыцыям цэнтральнай часткі горада.
Сучасныя абрысы вуліц амаль цалкам адпавядаюць закладзеным у перыяд рэгулярнай перапланіроўкі. Гэта сістэма паралельных і перпендыкулярных Дзвіне напрамкаў. Планіровачная сетка, за выключэннем некалькіх вуліц, якія ўзніклі пры рэканструкцыі ў канцы XVIII ст., у агульных рысах паўтарае схему планіроўкі сярэдзіны XVII ст. Нерэгулярныя абрысы захавалі вуліца і завулак Замкавыя, трасы якіх цяпер тыя ж, што і да перапланіроўкі.
Езуіцкі касцёл, які існаваў у адносна неблагім стане пасля Другой сусветнай вайны, замест таго, каб адрэстаўрыраваць, у 1964 г. узарвалі. Гэта з'явілася актам вандалізму з боку кіруючых дзяржаўных структур таго часу. Паляпшэнне афіцыйных адносін да помнікаў культавай архітэктуры, развіццё тэорыі і практыкі рэканструкцыі гістарычных гарадоў не спынілі, аднак памылковага будаўніцтва ў 1976–1979 гг. на месцы падмуркаў касцёла немаштабнага для гістарычнага асяроддзя, невыразнага па архітэктурным рашэнні працяглага дзевяціпавярховага жылога дома. Яго аб'ём прасторава расчляніў гістарычны цэнтр, перакрыў восевы відавы напрамак паўднёвай трасы праспекта К. Маркса на Сафійскі сабор. Гэты будынак, як і жылая тыпавая дзевяціпавярховая забудова вуліцы Леніна, рэзка дысгармануе з велічным сілуэтам Сафійскага сабора і Богаяўленскай царквы пры ўспрыняцці панарамы горада з левага берага Дзвіны.
Умовы агляду Богаяўленскага манастыра з прылеглай тэрыторыі значна пагоршаны таксама ў выніку будаўніцтва побач з ім пяціпавярховага жылога дома, узведзенага на месцы гістарычна каштоўнага будынка канца XIX — пачатку XX ст. Ён вызначаўся своеасаблівым архітэктурным вырашэннем з выкарыстаннем дэкаратыўных уласцівасцей цаглянай муроўкі.
Сярод будынкаў езуіцкага калегіума страчаны карпусы канвікта, вучылішча, музея і тэатра, а таксама службовыя карпусы ў паўночнай частцы комплексу і будынак езуіцкай аптэкі з заходняга боку.
Не адноўлены поўнасцю разбураныя ў час вайны два адміністрацыйныя будынкі на ўсходнім баку галоўнай плошчы, палац генерал-губернатара і казённая аптэка на яе паўднёвым баку, службовы корпус пры палацы на вуліцы Леніна. Не існуюць цяпер дамініканскі кляштар і будынак земскага суда на паўночным баку плошчы. Страчаны манумент у гонар узяцця Полацка расейскімі войскамі ў 1812 г. У змененым выглядзе захаваліся толькі два адміністрацыйныя будынкі на паўночным баку плошчы і тры — на паўднёвым.
Трэба адзначыць, што ёсць рэальная функцыянальна-планіровачная, навукова-рэстаўрацыйная і матэрыяльная магчымасці поўнага ўзнаўлення большасці пералічаных помнікаў, участкі якіх не заняты новай капітальнай забудовай. Гэта адносіцца і да разбураных карпусоў базыльянскага манастыра ў Верхнім замку, францысканскага касцёла і семінарыі Богаяўленскага манастыра на вуліцы Леніна, бернардзінскага касцёла ў Задзвінні.
Читать дальше